Выбрать главу

Гайліс, драбнаваты побач з Міканорам, стройны ў перацягнутым папругаю шынялі, у зеленаватай фуражцы, увесь нейкі акуратны, прамы, таксама аглядваў поле i, як было відаць па твары, са зграбнымі строгімі рысамі, з блакітнымі яснымі вачыма, таксама меркаваў пра важныя перамены, якія неўзабаве павінны быць i ў якіх багата што будзе залежаць ад яго. Было відаць, што ён таксама разумее важнасць гэтага моманту: недарма ж, звычайна сухаваты, дзелавіты, ён трымаўся тут проста-такі строга; як бы выглядам сваім, паводзінамі паказваў, што ён не дапусціць ніякага, самага дробнага адыходу ад закону, па ўсіх правілах выканае абавязак, які належыць зрабіць яму на яго пасту. Стрыманы, ён гаварыў вельмі мала, i кожнае слова яго было дакладным i кароткім. Можа быць, ад гэтай яго строгасці i Хоня, i Алёша ішлі сур^ёзна, гаварылі толькі важнае, як бы таксама паказваючы, што i яны ведаюць, за што бяруцца, i гатовы памагчы, як толькі здолеюць.

Каморнік быў зусім малады хлопец, дробны, бялявы, з мяккім, беленькім пушком на шчаках. Апрануты ў чорную, зацяганую ватоўку, з кепкай, якая таксама пабачыла ўсяго, у лапленых, з наліплай глінаю велікаватых ботах, ён трымаўся надзіва стала, упэўнена. Было відаць, што гэты хлопец звык быць сярод людзей, сярод незнаемых i сярод начальства; толькі што паявіўшыся ў Куранях, ён ні трохі не бянтэжыўся, нібы ішоў між даўніх, звыклых знаёмых. Было відаць таксама, што ён звык да сваёй важнай ролі, да пачцівасці i ўвагі ад тых, да каго прывяла яго справа. У ім адчуваўся гонар не толькі сваей роляи, a i той незалежнасцю, якую давала гэта яго роля i якую ён не раз паказваў. Ён з годнасцю слухаў, што казаў Гайліс, ні разу не паспяшаўся згадзіцца: ён нібы пакідаў за сабой права падумаць i рашыць адпаведна сваім інструкцыям i свайму абавязку. З Міканорам жа ён абыходзіўся яшчэ вальней: не раз хлопец паказваў, што i слухаць не хоча непатрэбнае, назольнае гаварэнне…

Між лесам i сялом цераз палосы пакіравалі да алешніцкай дарогі, якая за полем знікала ў голым зарасніку, што атульваў не так даўно пабудаваную пад Міканоравым кіраўніцтвам грэблю. Ішлі проста на дружную купу асін i соснаў, што высіліся на цагельні. Дужа, нецярпліва крочачы побач з каморнікам, Міканор яшчэ зводцалек стаў тлумачыць, што тут, па абодва бакі дарогі,— найлепшая куранёўская зямля, куранёўскі чарназём, на якім уваткні сухую палку — вырасце дрэва! Масла, а не зямля! Акідваючы яе неспакойным позіркам, ён сказаў каморніку, што гэта i ёсць тая зямля, якую вырашана выдзеліць калгасу.

— Па еты бок яе небагато, а па той — за дарогаю — яна ўся такая. Да самаго лесу… — Міканор сваім нецярплівым, шырокім крокам увесь час выбягаў наперад іншых; ён i цяпер выбег, схамянуўся, стрымаў сябе. Падыбаў поруч з іншымі.

Каля цагельні каморнік зноў стаў, праверыў карту, адзначыў штосьці алоўкам. Потым зноў пайшлі полем, усцяж лесу. Туды, дзе поле канчалася.

2

Калі, стомленыя, вярталіся — спачатку дарогай, потым вуліцай, ціснучыся да платоў,— пачынала вечарэць.

Праз якую-небудзь паўгадзіну па Куранях хадзілі пад вокнамі пасыльныя, загадвалі збірацца ў хату Андрэя Рудога на сход. Вельмі скора паўз платы, па агародах, загуменнях куранёўцы пачалі брацца да таго двара, дзе жыў Руды. Збіраліся з рэдкай для апошніх дзён упраўнасцю: разумелі — у гэты вечар нельга адседжвацца дома, як тады, калi сход збіралі пра калгас; сёння можна было, чаго добрага, прасядзець дома найбольшае багацце сваё — зямлю. Ішлі, неслі трывогу, блытанасць чутак, ваяўнічасць i страх, надзеі i нецярплівыя здагадкі — што дасць гэты сход.

Быў нейкі час пасля змяркання, калі дзверы амаль не зачыняліся ў хаце Рудога, амаль няспыннай чарадою праходзілі куранёўцы паўз асветленыя вокны, тупалі на ганку, увальваліся, жмурачыся, аглядваючыся, у хату. Хутка абселі ўсе лаўкі, скрыню, ложак, палаці, пачалі ціснуцца каля дзвярэй, каля печы. Неўзабаве перасталі ўжо зачыняць дзверы: патроху набівалася народу i ў сенцы. Гамонка гула ціхая, стрыманая, мужчыны найбольш смакталі папяросы. Дымілі так дружна i так занята, што яшчэ да таго, як сышліся ўсе, папяровыя фіраначкі з выразанымі дасціпнымі ўзорамі, малюначкі з газет i часопісаў, наклееныя на сцены, лямпа пад столлю былі ўжо нібы за туманам. Жанкі папракалі, лаялі, прасілі, але нішто не памагала. Дым поўз i поўз з усіх куткоў.

Як заўсёды, большасць жанок трымаліся купкамі; у цэнтры адной з ix былі Сарока i Чарнушкава Куліна, якая горача махала рукамі, штосьці даказвала, нечым абуралася. Сарока i слухала, i гаварыла спакойна, разпораз нецярпліва паглядваючы, што робіцца між іншых, сярод мужчын. Каля скрыні, на віду i блізка ад стала, мірна гаварыў штосьці Міканораву бацьку стары Глушак, без шапкі, у кажусе; Дамецік, было відаць, слухаў неахвотна, хацеў адысці, але не адыходзіў i ўсё ж слухаў. Побач са старым, як нейкі страж, гарбаціўся затоены, звераваты з выгляду Пракоп Лясун, з-пад ілба, з-пад чарнаты броваў таропіўся кудысьці нязводна. Яўхім стаяў таксама на віду, каля камінка, абапёршыся плячом аб печ, нудліва вадзіў позіркам па хаце, час ад часу кідаў адно-другое слова дружбаку Ларывону, які гаварыў у адказ ці рагатаў так, што не толькі блізкія аглядваліся на ix. Яўхім найбольш маўчаў, смаліў папяросу за папяросай, не таіў: таміўся чаканнем i нецярплівасцю. Збоку ад дзвярэй стаяў Чарнушка; ён, як увайшоў, агледзеўся, зірнуў на Глушака ў роздуме: падыходзіць ці не, — не пайшоў, так i астаўся каля дзвярэй. На лаўцы між двума вокнамі, пад партрэтам Някрасава, вырваным з нейкай кнігі, сядзеў з Нібыта-Ігнатам Васіль, даўно не стрыжаны, не голены, з рэдкай, але моцнай, мужчынскай ужо, агністай шчацінаю на барадзе. Васіль таксама амаль не гаварыў, зацята смактаў цыгарку з газеціны. Вочы былі неспакойныя, панурыя, нават у светлым, празрыстым, бляск быў хваравіта-насцярожаны. Сярод маўклівасці іншых вылучаўся гарэзнай гаварлівасцю Зайчык, што чапляў не всльмі ахвочую ў гэты вечар да жартаў Сароку, падсмейваўся асцярожліва з нецярплівай Ганнінай мачыхі, круціўся кавалерам каля дзяўчат. Весела паглядваў на іншых, пасміхаўся разам з Алёшам з хлопцаў i дзяўчат — "аднаасобнікаў", "багацеяў" — Хоня, — у расхрыстанай сарочцы, у бесклапотнай кепачцы на макаўцы, з зухаватай папяроскай на губе. Вельмі вылучаўся яшчэ Андрэй Руды: ахвочы быць на людской увазе, ахвочы паказваць i ўказваць, ён з радасцю карыстаўся тым, што давала для гэтага яго становішча гаспадара хаты: заклапочана здароваўся з тымі, што ўваходзілі, распараджаўся, дзе каму сесці, камандаваў, каму пасунуцца, пацясніцца. Усе, па тым, як ён заклапочаны, маглі бачыць, што гэта не такі просты абавязак — уладзіць усіх, што ён зробіць усё, што можна, не пашкадуе ні вопыту свайго, ні свайго практычнага спрыту. І яшчэ — па тым, як распараджаўся ён весела, — было відаць, што адчувае ён сябе на асобым становішчы i як чалавек, якому ўжо няма чаго бедаваць гipa перадзел, які ўжо вырашыў сваю будучыню, выйшаў наперад i вышэй за іншых…