Калі Міканор, Гайліс i каморнік пачалі адзін за адным уцісквацца ў хату, гул стаў адразу аціхаць. Усе адно глядзелі на ix. У хаце запанавала напружаная, насцярожаная ўвага. Там i тут перасталі дыміць папяросамі i люлькамі, некаторыя ўздымаліся, каб лепш разглядзець нярослага, загадкавага каморніка. Шчуплы, нявідны, ён дзівіў маладосцю: амаль хлапчук, дзівіў i насцярожваў тым, як спакойна, цвёрда ішоў. Кінулася ўсім: трапіўшы ў такую грамаду, на пільную ўвагу столькіх — чужых зусім — людзей, ні трохі не збянтэжыўся ідучы, не зірнуў ні на каго, як бы ніхто яго не толькі не трывожыў, a i не цікавіў. Ішоў, спакойна адціскаў тых, якія заміналі, не гаворачы ні слова, не здымаючы шапкі.
Міканор прапусціў першага за стол Гайліса, потым нязграбна залез сам, даў месца каморніку. Гайліс сеў на куце, прыгладзіў акуратна бялявыя валасы, — блакітныя вочы дзелавіта, дапытліва пабеглі па хаце. Каморнік i за сталом не глядзеў ні на каго i трымаўся так, быццам увага такая нічога яму не значыла. Міканор, што быў пасярод ix, не сеў, стоячы, дакранаючыся пальцамі да стала, акінуў хату, i губы разышліся ад усмешкі:
— Народу сабралася!.. — Усе зразумелі i усмешку, i гэтае нядобрае "сабралася", у якім чуўся помслівы папрок за іншыя сходы, папрок, які не зычыў лагоднасці. Адны няёмка, вінавата засмяяліся, друпя мацней задымілі. Усе чакалі далейшага. Нядобрая усмешка усё не сыходзіла з плоскага, пакляванага Міканоравага твару. — Дружно — не сакрэт — сабраліся! — прамовіў ён зноў помсліва.
— Дзісцінліна! — зарагатаў Хоня.
— Заскачаш, як у кадрылі, калі баішся, штоб чаго не намудрылі! — асцярожна, як бы просячы літасці, адгукнулася з жаночай купкі Сарока.
Міканор прапусціў міма ўвагі, што загаварьші за Сарокай жанкі i той-сёй з мужчын, перачакаў ix, сказаў ужо дзелавіта, без усмешкі:
— Дак, мабуць, можно ўжэ пачынаць?.. — Ён перачакаў гоман згоды. — Е адно пытанне ў сягонняшні сход. Аб землеўпарадкаванні ў вёсцы Курані ў сучасны момант. — Ён для прыліку запытаў: — Другіх пытанняў няма?
— Е адно. Нашто ето ўпарадкаванне! — крыкнуў Нібыта-Ігаат.
— Aгe! — падтрымала яго адразу некалькі галасоў, найбольш жаночых. — Упарадковано ўжэ!.. Даўно!..
— Падзелено i перадзелено!..
— Надзяліліся ўжэ!
— Падзелено — не сакрэт — па-старому, — перачакаў гоман Міканор. — Некаторым цяпер паложано ўдзяліць лепей!.. — Ён хацеў даць слова Гайлісу, але яго перабілі, горача, нецярпліва: