— Каму ето?!
Па хаце зноў загуло.
— Е такая лічнасць, — Міканор памаўчаў хвіліну, дадаў пераможна: — Калгас!
Па хаце пайшло: "Е ўжэ — нібыто — у ix!", "У кажнаго зямля була!", "З зямлёй ішлі!", "Абагульнілі!..".
Міканор заўважыў: Гайліс павярнуў галаву к яму, строга i патрабавальна чакае, — у гомане, што не хацеў ападаць, аб’явіў:
— Слова па данаму пытанню мае старшыня сельсавета таварыш Гайліс.
Гайліс як па камандзе ўстаў, зграбны, акуратны, у туга перапаясаным, зашпіленым шынялі, з ясным, ад крытым позіркам блакітных вачэй. Стаяў, чакаў, пакуль не сціхлі ўсе. Толькі калі запанавала непарушная цішыня, са звычайнай сваёй акуратнасцю i дакладнасщо ўзяўся тлумачыць:
— Землеўпарадкаванне, который праводзіцца цяпер, не есць прастой фокус, як думаюць некаторый людзі’ Землеўпарадкаванне праводзіцца не потому, што камуто няма чаго рабіць i он выдумал зноў пераразаць зямлю. Нет, землеўпарадкаванне есць сер’ёзный i неабходный кампанія, які мает важное палітычное значэнне. Землеўпарадкаванне праводзіцца потому, што цяперашняе палажэнне з зямлёй не одповедает новаму становішчу ў сяле. Старый палажэнне з зямлёй был установлен пры старым становішчы, который цяпер змяніўся. Новое становішча трэбует i нового землеўпарадкавання. Цяпер на змену аднаасобніцкім гаспадаркам прышол калектыўная гаспадарка — калгас. На змену мужыцкім палоскам павінна прыйсці шырокае калгаснае поле. Калгас будзе работаць на трактарах, сеялках, жнейках, — яму необходно шырокае поле! На вузкіх палосках калгас работаць не можэт! Это землеўпарадкаванне i павінно даць калгасам шырокае поле, прастор для тэхнікі, для шчаслівай i культурнай жызні! Это мае важнае значэнне для ўсяго сяла i для ўсяго народа, потому што ў этом адзіная дарога мужыка к культурной жызні. Потому што калгас павінен паказаць усім, як трэба ісці па этой дарозе!..
Адразу за гэтым Гайліс павёў гаворку ў практычным кірунку, сказаў, што для землеўпарадкавання сельсавет i партячейка стварылі камісію, што камісія i будзе ўсім кіраваць. Ён апярэдзіў гоман, расшпіліў шынель на фудзях, дастаў акуратна складзеную паперку, пачаў чытаць, з каго складаецца камісія. Людзі пільна слухалі: ён чытаў выразна, стараючыся вымаўляць як найлепш, прыпыняючыся пасля кожнага прозвішча; былі ў камісіі Гайліс, Міканор, Хоня, Чарнушка, Грыбок. Калі ён згарнуў лісток, па хаце пайшоў гоман нездавальнення, галасы ўхвалы. "Ето — камісія: адны калгасаўскія!.." "А калгасаўскія што — не людзі?.." "Аднаго Чарнушку— ад усяго сяла!.." "Правільная камісія!.." "Хітро складзено!.." "Такая надзеліць, чорта!.."
Гайліс спакойна перачакаў гоман, сказаў, што камісія будзе працаваць разам з землеўпарадчыкам, які спецыяльна прысланы з раёна; ён паказаў на каморніка, што сядзеў так, нібы гаворка ішла пра кагосьці іншага.
Камісія, аб’явіў Гайліс, пачне працаваць заўтра i будзе старацца зрабіць усё хутка i добра. Усе матэрыялы падрыхтаваны, неабходны інструмент прывезены, усё гатова, каб пачынаць.
— А якое поле пад калгас? — не вытрываў, крыкнуу ад печы Яўхім.
Яўхіма падтрымаў дружны, нецярплівы гоман: чулася, што гэта найбольш хвалюе многіх у хаце.
— Зараз скажу. — Гайліс мімаволі зірнуў у той бок, адкуль крыкнулі, папракнуў нецярплівага — Не надо спешыць паперад бацько. Усяму свой чарга. — Гледзячы ўжо на іншых, сказаў з сяброўскай адкрытасцю: — Мы это пытанне думалі. Для калгас будзе адведзена поле, каторае называецца Піліпаў рог.
— Aгe! — вырвалася адразу ў кагосьці з жанчын. Едкае, нястрымнае.
Умомант хата загула, завіравала бязладнымі, гарачымі галасамі: усе ў сяле па чутках ведалі ўжо пра гэта; многія прыйшлі на сход з цвёрдым намерам — перашкодзіць, зберагчы сваё; увесь час чакалі гэтага моманту. Гаварылі, крычалі так, што спачатку ўсё танула ў адным імпэтным гуле. Вырываліся толькі асобныя воклічы: "Выбралі!..", "Знайшлі!..", "А другім — што?!", "Рашылі!..", "Другіх — на пясок!..", "Правільно!..", "Дулю!..", "Не дадзім!..".
Гразіўся, гатовы рынуцца ў бойку, Яўхім. Гарланіў, памагаў Яўхіму, нібы хвалячыся дужасцю голасу, Бугай. Кіпеў злосцю, аж ускокваў з лаўкі нецярпліва Нібыта-Ігнат. Важка, як у бочку, бухаў Пракоп Лясун, чыста, спрытна сыпала нядобрымі прымаўкамі Сарока. Чарнушчыха махала рукамі, круціла галавою да жанок: крычала таму, здавалася, што крычалі Сарока i іншыя. З сяброўскага абавязку. Стары Глушак, хваравіта трасучы галавою, сіпеў ціха, стрымана, — помніў сябе i тут, пабойваўся; але аж пырскаў слінаю: злосць брала такая, што, каб мог, разарваў бы латыша, рабога.