Выбрать главу

У галасы нязгоды, абурэння ўрываліся крыкі, якія ўхвалялі перадзел зямлі,— крыкі калгаснікаў: Хоні, Хведара крывога, Зайчыка, Зайчыхі. Ix распальвала шаленства тых, хто абураўся: яны, як тыя байцы, што трапілі ў бойку, біліся ўсё больш зацята, чым больш на ix навальваліся. Можа быць, крычалі гэтыя яшчэ гарачэй, галасней: ix было ўсё ж менш, а перакрычаць — перамагчы — яны павінны былі!..

Крычаў i Васіль: гарачы гул, вір крыкаў узняў, вырваў з грудзей трывогу i злосць, што даўно мучылі яго. Не адступіўся рабы — лепшы Васілёў кавалак, забраць хоча! Адзіны людскі кавалачак, які так трудна дастаўся! На які ўся надзея! З якога толькі i жывеш!

— А нам чым жыць! — уплятаў Васіль у іншыя свой крык, у якім былі разам i ўпартасць i страх. — Нам — зубы на паліцу?!!

— Не дадзім! — лямантаваў побач, чырвоны ад злосці, ад крыку, Нібыта-Ігнат.

— Хваціць вам адным! Напанаваліся ўжэ! — віскліва ўцінаўся лямант Зайчыхі.

— Прывыклі — на добрай зямлі адны!

— Няма такога закону — адбіраць!..

— І другім трэба жыць! Усе хочуць жыць!..

— Пажылі ўжэ!

— Ідзіце ў калгас! Дак i ў вас будзе! Добрая зямля!.. — прабіўся звонкі Хонеў голас.

Яму адказаў хтосьці ў злым запале:

— У… ідзіце! З вашым калгасам!

— Дак не разяўляйцеся! Маўчыце!

— Не будзем!.. Не пусцім!..

— Судзіцца будзем!

— Не аддадзім!..

Амаль адразу, як пачаўся гэты вэрхал, Гайліс сеў. Не першы раз быў на сходах, не першы раз сутыкаўся з бязладным, запальным гоманам. Розныя галасы чуў, i добрыя, ухвальныя, i злыя, поўныя лютасці i нянавісці. Усяго пачуў i пабачыў на сходах не толькі ў Куранях i Алешніках, у многіх, блізкіх i далёкіх, за лясамі, балотамі, вёсках сельсавета. Але не толькі таму, што "абстрэлены" быў даўно, спакойна сеў, цярпліва чакаў, калі ападзе лямант; не ў характары цвёрдага латыша было крычаць, неразумна адказваць на крык крыкам. Гайліс адказваў на крык спакоем, вытрымкай. Гайліс вытрымкай, непарушным спакоем паказваў, што ніякія крыкі яго не збіваюць з кірунку i не саб’юць. Паклаўшы цвёрдыя, абветраныя рукі на стол, зграбны, сабраны, прамы, нібы вытачаны з моцнага дубу, глядзеў ён у хату i быццам не чуў нічога. Hi адна рыска не варухнулася на абветраным, хударлявым твары.

Каморнік цяпер сядзеў не так абыякава, чыстыя, празрыстыя юначыя вочы бегалі па хаце з зацікаўленасцю. Ён лавіў абліччы тых, хто крычаў, углядваўся з нейкай прытоена-вясёлай жвавасцю; яго быццам цешыў гэты лямант. Міканор стаяў, стукаў далонню па сталу, надрываючы да хрыпаты голас, загадваў сціхнуць.

Нарэшце выкрычаліся, расчырванелыя, потныя, пачалі сціхаць.

— Товарышы, — нетаропка падняўся Гайліс, — этот шум не дает ніякой карысці. Это точно. Есць рашэнне, i райком партыі i райвыканком этот рашэнне адобрылі. Яны есць ужэ — закон… Это рашэнне — законнае. Яно не выдумано самоўпраўно. Яно прынято на основанні рашэння ўрада, штоб выдзяляць кожнаму калгасу адзіны поле…

— Дак канешне етае поле, сказано?! — нецярпліва перабіў Васіль.

— Согласно ўказанням урада, калгасам рэкамендуецца выдзяляць лепшую землю. Этот указанне одповедает тому, што совецкая ўлада хоча оказаць дапамогу калгасам добрай зямлёй. Штоб калгасы змаглі хутчэй стаць на ногі.— Ён пачакаў, калі ўціхне недавольны гоман, цвёрда павёў далей: — Это рашыла совецкая ўлада, i ніякія крыкі нічога не пераменіт! Не дадут ніякой карысці!.. А некаторых, — которыя будут крычаць асабліво i не будут уціхнуць, — можно будзет заставіць помоўчат! Штоб подчынялісь совецкі закон. Поважалі совецкі закон!

Цвёрдасць i рашучасць яго падзейнічалі; калі ён сеў, у хаце стаяла цішыня. Толькі ў сенцах гаманіў хтосьці, як бы пераказваў. Тады за сталом узняўся Міканор. Разважліва, памяркоўна загаварыў:

— Прыразаць землю — не сакрэт — будуць i на тых, каторыя цяпер уступяць. Дак, калі каму ўжэ так хочацца етай зямлі,— тут правільно сказаў Хоня, — давайце да тых, што ўжэ ўступілі. І вам будзе ўдзелено! Не абідзім! Як у добрай сям’і, падзелімся! Дарога нікому не перагароджана. Завем, можна сказаць, усіх, — каторыя гібелі i гібеюць сягоння! — Ён, давольны, што знайшоў добры лад у гаворцы, гаварыў лагодна, паблажліва: — Штоб адразу планіруваць па-новаму! Не перарабляць патом!.. Запішацеся ў калгас — i заўтра адрэжуць у калгаснае i вашу долю зямлі. Самай добрай… Дзядзько Андрэй, — згадаў, кіўнуў ён на Рудога, — надумаўся ўжэ. Падаў заяву. Дак, можа, шчэ хто хоча? Возьме прыклад?

Ён, трохі горбячыся, як заўсёды, нібы ніякавеючы за тое, што такі вялікі, грамозны, лагодна акідваў хату, з надзеяй чакаў. Ніхто не ўставаў, адводзілі вочы, каб не сустракацца з яго. Круцілі папяросы, дымілі. Хтосьці з жанок крыкнуў, што не пра гэта — не пра калгас гаворка.