Міканор увачавідкі мяняўся: паблажлівасць знікала, пакляваны, амаль бязбровы твар шарэў, стражэў.
— Не хочаце? — прамовіў нейрыхільна, помсліва. — Не хочаце, дак — маўчыце!
За ім выступіў Хоня: акружаны хлопцамі, дзядзькамі, з таго месца, дзе стаяў, заявіў, што Міканор правільна кажа: каму хочацца добрай зямлі, дак давайце! Усіх прымем! Нікога не абдзелім! Кончыўшы, Хоня задзірліва зірнуў на Нібыта-Ігната.
Доўга, вучона гаварыў Андрэй Руды — тлумачыў значэнне землеўпарадкавання, значэнне калгасаў, ix перавагі над аднаасобніцкімі гаспадаркамі, заклікаў "асазнаць" цяперашні момант, узяць з яго, Андрэя, прыклад. Надакучыў нецікаваю прамоваю, збіў зусім гаворку.
Ніхто не запісаўся новы. Быў толькі бязладны гоман. З гэтым гоманам i разыходзіліся.
3
Доўга не маглі ўціхнуць Курані ў гэту ноч. Пасля сходу курылі, гаманілі купкамі на агародах, каля хат, не маглі расстацца, не выгаварыўшыся. Купкі былі розныя, i розныя былі гаворкі: радасна клопатныя, спакойныя, амаль абыякавыя, трывожныя, з бедаваннем, са злосцю, з пагрозамі Гайлісу, Міканору i іншым, з кляцьбою.
З агародаў, з двароў гутаркі разыходзіліся па хатах. Гаманілі, лежачы на палацях сярод дзятвы, Зайчыкі: старая цешылася, як яно будзе; Зайчык хіхікаў, згадваючы сход: як круціўся Нібыта-Ігнат, як сіпеў, пырскаў слінаю Корч. Вольга i Хведар гаспадарліва меркавалі, як можна засеяць тую зямлю, што яна можа даць. Дамеціха, падаўшы Міканору, старому i каморніку познюю вячэру, не ўтрывала, параіла сыну не вельмі заядацца з людзьмі, сказала, трэба па-добраму. Нібыта-Ігнат упоцемку, дымячы папяросаю, кляў апошнімі словамі ўсё на свеце, гразіўся, не хацеў слухаць жонку, якая супакойвала, раіла не браць так блізка да сэрца. І не кідацца на Міканора, на начальства, бо гэта можа вельмі пагана кончыцца; час цяпер такі, што трэба асцярожным быць. Матку падтрымала Хадоська, але бацька загадаў i ёй сціхнуць, не ўтыкаць нос туды, куды не просяць. Глушаку таксама не спалася; разышоўшыся з Яўхімам на двары, ён доўга тупаў у хляве, пад павеццю, не мог ніяк умерыць злосць, сціхнуць душою. Люта — аж заенчыў той — бацнуў наском сабаку, што не ў час падлез пад нагу. Раздзеўшыся, доўга варочаўся ў цемры з боку на бок, пляваўся: адчуванне вялікай бяды паліла ўсё больш, чым больш думаў пра тое, што здзеелася. Гады, слізь падкалодная, — што ўдумалі! Мало ўжэ i налогаў, мало таго, што дыхнуць не даюць, душаць цвёрдымі заданнямі! Дак ужэ i ето: землю адабраць, якую ты нажыў! Усё адабраць, лічы, — корань самы вырваць!.. Гайня ненажэрная, жывого з’есці гатовы!.. З бяссільнай лютасці гатоў быў закрычаць: "Дулю вам! Дулю, а не землю! Дулю вашаму калгасу! Штоб вы ўсе падохлі!"
Васіля тачыла нездавальненне. Яно шчымела, калі разышоўся з Нібыта-Ігнатам, які лаяў i сябе, i яго, Васіля, што маўчалі на сходзе, не ўсталі i не сказалі, як трэба; Ігнат растрывожыў Васіля яшчэ i тым, што заявіў: заўтра ён так сабе не саступіць, як бы там Гайліс ці Міканорчык ні гразіліся! Як саступаць так раз за разам, нядоўга зусім без нічога астацца! Успамін нра гэта паліў Васіля, што чуў, як кашляе на печы дзед, як дражліва храпе тоўстая калода Маня, якой клопату ніякага да таго, што яму баліць. Праўду казаў Ігнат, паліў сябе Васіль: не сказаў, як трэба, на сходзе, дзёр толькі горла, калі ўсе крычалі; a калі ўсе прыціхлі, i сам маўчаў. Збаяўся, не заступіўся, як трэба, за сваё; за адзіны людскі свой кавалачак зямлі, які так трудна дастаўся, на які, лічы, уся надзея! З якога толькі i жывеш, лічы! Хвіліны злосці змяняліся хвілінамі роздуму, разважнасці, i тады бралі Васіля няўпэўненасць, страх, роспач: цвярозым розумам сваім прадчуваў, што — як ні будзе біцца за сваё — нічога, відаць, не даб’ецца. Не ўтрымае нічога. Не такія Міканорчык гэты i латыш упарты, i не так паварочваецца ўсё ў жыцці, каб можна было дабіцца чаго-небудзь. Акрамя таго, што самі яны такія, што не саступяць, i закон, i ўлада за ix, за свае калгасы! Ад роспачы яшчэ горш пякла злосць на Міканора: зараза рабая, ён больш за ўсіх стараўся i стараецца, каб сагнаць Васіля з зямлі. З адзінага кавалачка, які Васілю так трудна дастаўся, якім 2 лічы, ён толькі i жыве!..
Ён успамінаў, з якой зайздрасцю глядзеў калісьці на тых, у якіх была зямля ля цагельні, як біўся смяротным боем з Яўхімам Карчом, як люта зычыў ім, ненавісным багацеям, каб зямлю гэтую ім спапяліла, як радаваўся, што з году на год сталі ix прыціскаць падаткамі, цвёрдымі заданнямі, як прадчуваў нецярпліва, што нядоўга-нядоўга ўжо засталося панаваць ім на мілай, аблюбаванай даўно зямлі ля цагельні. От калі б яшчэ карчоўскай, — не раз цешыўся, марыў: "Дзесяціну ці хоць — паўдзесяціны! Зажыў бы ўжэ зусім непагано!.. І от жа — як усё павярнулася. І ад Карча, i ад яго — разам! Нібы знарок, нібы на насмешку!"