Выбрать главу

За Чарнушкавым гумном — ужо роўная разлегласць, поле. У полі здалося трохі святлей, дарога шарэла больш відна. Ён не ўглядаўся ў дарогу, яму не трэба было ўглядацца; каб i нічога не было відаць, каб сляпы быў, ён ішоў бы не запыняючыся. Звыклая, вядомая да кожнай ямкі, кожнага камячка дарога. Колькі разоў хадзіў ён тут, i ўранні, i ўдзень, i вось так — на досвітку, хадзіў у летнюю спёку i ў лютую сцюжу, чапляючыся босымі нагамі за траву i грузнучы лапцямі ў гурбах снегу, — але даўно-даўно не нёс ён у сабе такую бяду. Даўно-даўно не балела так душа; з таго вечара — як ён даведаўся, што былі змовіны, што Ганну прапівалі, прапілі, што яна — не яго, Карпова. Тады таксама вельмі балела, i от цяпер баліць. Як i тады, на душы цяпер так, што i жыць, здаецца, не хочацца. Глядзець на свет не хочацца.

Мокры вецер тут насядаў дужэй, легка працінаў зрэбную сарочку, абліваў цела такім холадам, што бралі дрыжыкі,— Васіль надзеў накінутую на плечы світу, зашпіліўся, пайшоў спарней. Было холадна галаве, ён толькі цяпер заўважыў, што забыў шапку…

Раптам яму здалося, што наперадзе нехта ідзе. Васіль пайшоў хутчэй, угледзеўся: перад ім, хоць i цьмяна, значылася чалавечая постаць. Чалавек ішоў туды ж, куды i ён. Васіль пайшоў цішэй, з асцярогай, назіраючы зводцалек, пачаў гадаць зацікаўлена: хто б гэта? Прасачыўшы трохі, рашыў — Нібыта-Ігнат; постаць у цемры, праўда, добра разабраць не можна было, але здалося — надобная на Ігнатаву. Ён, яшчэ не зусім упэўнены, узрадаваўся: так хацелася, каб быў іменна Ігнат, што падахвоціў сябе: канешне — Ігнат; каму яшчэ можа балець так, як не яму, не Ігнату Васіль падбавіў хады.

Чалавек пачуў яго, стаў. Васіль намерыўся ўжо весела загаварыць, калі той засіпеў насустрач:

— Каму ето шчэ не спіцца?

Васіль аж здрыгануўся: нібы неспадзеўкі засычэла гадзюка. Корч! Стары Корч!.. Умомант стаў. Хвіліну стаялі абодва. Глушак таксама не падыходзіў, углядаўся. Не пазнаваў… Васіль крануўся першы; моўчкі i хутка пайшоў насустрач старому. Праходзячы паўз яго, прыкмеціў, як той прыглядаецца. Слова не гаворачы яму, абмінуў.

Корч, відаць, нарэшце пазнаў,— пастаяў яшчэ трохі, моўчкі паплёўся ўслед. Васіль ішоў хутка, прыкмячаў, што аддаляецца i аддаляецца ад старога. Як i тады, калі быў блізка, i тады, калі Корч адставаў усё далей, Васіль увесь час чуў яго за сабой, слыхам сцярог кожны шоргат адтуль. У той асаблівай чуласці, што ўзнікла, калі праходзіў паўз Карча, неяк незвычайна ясна, блізка прыпомнілася колішняя бойка. Нібы нанава пачуў Васіль, як ён, старая, быццам нездаляшчая, зараза, дужа ламаў яму тады шыю, — памагаў гэтаму свайму гаду Яўхіму. Ажыла даўняя крыўда, запякла злосць: убярог тады, стары ліс, землю, на адну далонь не страціў добрай зямлі. Усё, што было ля цагельні, так i асталося. А яму, Васілю, удзялілі кавалачак — абы прырэзаць, далі, можна лічыць, дулю!.. Паявілася злараднае: убярог тады, а цяпер от — не ўберажэ. Разануць яго, i не на якую там паўдзесяціну, а — усяго. Усю раскошу яго ля цагельні!.. Тут жа да злараднасці прымяшалася цвярозая асцярога: уберажэ ці не ўберажэ, — шчэ не паручыцца ніхто. Можа, шчэ — i уберажэ, — ад гэтага гада ўсяго чакаць можна. Гэты гад вылузнецца там, дзе другому i думаць няма чаго. І заступку знайдзе, насуперак усякім законам… А от ён, Васіль, век без заступкі, хоць i закон за такіх, як ён, за бяднейшых. Hi на кога, калі падумаць, надзеі няма. На аднаго сябе. А што ён, адзін, цёмны куранёўскі лапаць, зробіць. Калі ён, як прыедзе ў Юравічы, павярнуцца не знае як. Не тое што падступіцца, a i слова якое сказаць — не знае… Васіль пачуў сябе страшэнна адзінокім, — адзіноцтва чамусьці асабліва чулася заўсёды, калі рабілася скрутна.

Там, наводдаль, павінна быць купа дрэваў, асіны i хвоі. Цагельня. А от i паласа яго. Поцемку, не бачачы, Васіль пазнаў бы яе сярод тысячы іншых. Поцемку рунь ледзь была відна, але ён бачыў яе. Ён акінуў яе позіркам; тую, што не відна была вачам, ён бачыў памяццю. Ён бачыў усю. Ён чуў, як яго напаўняе звыклая, любасная цеплыня. У гэтай цеплыні была памяць пра тое, як ішоў за плугам, як сеяў, як радавала яна ўжо не адзін год. Але так было толькі хвіліну, у радаснай цеплыні яшчэ вастрэй зашчымела адчуванне бяды. Ён зварухнуўся, наўгад пайшоў разораю, успамінаючы, як зусім нядаўна вёў яе. У памяць улезла нібы нанава ўбачыў,— як паявіўся Міканор, як, кінуўшы калёсы, стаяў наперадзе, чакаў, калі ён падыдзе з плугам. Як гразіўся. "Не сей!.. Насенне попусту загубіш!.." — успомнілася Васілю… Гразіўся, i от — спраўдзіў гразьбу. Запякла крыўда, а з крыўдай злосць. Не сей! На сваёй зямлі не сей! Сваёй зямлёй не распараджайся!.. За гэтым прыйшло: сваю зямлю так просто — аддай! Хочаш не хочаш — аддай! І пытацца ніхто не пытаецца! Так просто — аддай, i ўсё!.. A заўпарцішся — сілаю забяруць! Забяруць, i ўсё — цырымоніцца не будуць! Сіла ў ix, сіла i — закон. І закон знайдуць, калі трэба ім!.. Робяць усё, што хочуць! І выходзіць — па-законнаму!..