Выбрать главу

Усё мацней уціналася мокрая стыласць. "Мокро i холадно. А снегу няма… — Узяло звыклае, трывожнае: — Не дай Бог ціскане мароз зразу. Без снегу!.." Ён тут жа схамянуўся, цвяроза, з жалем падумаў: ні да чаго яму цяпер гэты страх. Мабыць, адтаго, што яму так цяжка, амаль немагчыма было прымірыцца з тым, што бяда здарылася, што паправіць нічога не можна, ад прыроднай, звыклай да цяжкай хады ў жыцці ўпартасці, ён усё ж дзіўна не траціў зусім надзеі. Зацятая немагчымая надзея яшчэ не рвалася ў ім, як танюсенькая, жывучая нітачка. Яна, гэтая надзея, падказала яму: "Трэба было гаварыць — што пасеяно ўжэ! Што жыто ўжэ расце!.. Не павінно ж быць такого, — штоб пасеянае браць! Трэба было б дабіцца, штоб абышлі цяпер; а там — можа — так бы ўжэ i асталося!.. Дабіцца б, штоб цяпер абышлі! Патом — канешне — не сталі б вяртацца!.. Трэба было гаварыць: пасеяно!.. — Ён раптам зазлаваў сам на сябе: — "Пасеяно не пасеяно!" Будуць яны глядзець на ето! Не адзінакі ім чорт — што пасеяно, што не пасеяно! Шкода ім твайго насення, твайго труда!"

Прыйшло на памяць, як стаяў тут, глядзеў на гэту рунь, калі думаў, як быць з Ганнаю. Тады — пакуль рашыў, думаў, бедаваў. Гэта рунь, зямля гэтая памагла тады рашыцца. І от — на табе — паспадзяваўся! Збярог грунт пад сабою! Жыццё як бы смяецца з яго!.. "А мо — i праўда — кінуць усё: прападзі яно пропадам! — вярнулася раптам зноў да Васіля. — Кінуць, ды — з Ганнай!.. Куды вочы глядзяць!.." Нейкі час ён чуу сябе рашуча i легка, нібы раптам парвалася тое, што аблытвала, нібы скінулася тое, што гняло, што пякло яго.

Раптам зноў пачуў сябе вольна, шчасце, вызваленне ад нягод былі ўжо не тое што недасяжнай марай, а быццам рэальнасцю: бяры, цешся жаданай сваёй доляй. Але лёгкасць была яшчэ карацейшая, як раней: амаль адразу ж, звыклае ужо, неадступнае, заныла, апанавала: куды ён пойдзе, як ён кіне ўсё, што трымае яго! Для чаго ён абавязаны жыць!.. За гэтым яшчэ мацней запякло трывожнае: "Што ж яно будзе з етай зямлёю? Няўжэ ж i праўда усё, кончано?.."

У трохі парадзелым змроку Васіль заўважыў, што да яго ідзе постаць. Калі чалавек падышоў бліжэй, пазнаў — Ігнат. У свіце, у чорнай барановай шапцы.

— Не ўседзеў, нібыто, — загаварыў хапаючыся, давольна. — Забег ето да цябе, иытаюся матку: дзе? Кажа: "Пайшоў кудысь". "Шчэ як спалі ўсе", — кажа. Я i падумаў: куды ето пойдзе добры хазяін у такі дзень? І — сюды рашыў…

Васіль хмурна прамаўчаў.

— Не аддаваць трэба, — так жа хутка, але з запалам загаварыў Ігнат, адгадаўшы Васілёў неспакой. — Не аддаваць! На паласу не дапускаць! Я так — нібыто — i скажу: не аддам! І не пушчу!

— Пытаць яны будуць! — цвяроза, насмешліва прамовіў Васіль.

— Не дам! Не дам — i ўсё! — запаліўся яшчэ больш Ігнат. Нецярпліва патупаў, падаўся плячом наперад. Нацяўся ўвесь, рашучы, адважны, гатовы на ўсё: — Біцца буду! Кажнаму дам, хто палезе!..

— Так i ў цюрму нядоўго, — стрымана, як старэйшы, сказаў Васіль.

— Пляваць! — Ігнат гаварыў яшчэ напорлівей, з нейкай злой пісклявасцю. — У пысу буду біць кажнаго, хто палезе! A наўперад етаго, Дамецікаваго байструка! Еты болей за ўсіх вінаваты. Кеб не ён, дак усе іначай було б!..

Васіль не сказаў нічога: не было ахвоты гаварыць, — i Ігнат, грозячыся, злуючыся, таксама змоўк. Неастылы, нецярплівы, рушыў быў ад Васіля, але праз колькі крокаў рэзка стаў, яшчэ параіў:

— Не давай! На паласу не пушчай!..

Пасля яго Васілю было i несиакойней i нібы лягчэй: не такое ўжо безнадзейнае бачылася усё. З прылівам нядаўна не знанай смеласці думаў: "Не даваць, — праўду сказаў! Як падыдуць адразаць, стаць наперадзе i заявіць: "Не дам!" І — не пушчаць, — штоб i на паласу не заходзілі! Учапіцца нагамі ў землю — i не пушчаць!.. У міліцыю возьмуць — няхай бяруць! Усе адно — як забяруць землю ету — не жыць!.. І калі ў суд — няхай судзяць!.. — Тут думка трохі змянілася: — Еж, пэўне, i на ix суд. Буць не можа, штоб не було. Як жа ето: прыйсці i ўзяць — без усяго ўсякаго! — Зноў прыйшло, як апошняе, канчатковае: — Не дам! Хай хоць што!."

Паволі святлела. Усё шырэй расступалася поле, усё далей i танчэй акрэсліваўся лес. Была ўжо добра відаць груганячая постаць старога Глушака, — прыкра нагадвала бой з Яўхімам, Ганніну бяду, абуджала назалелае адчуванне безнадзейнай заблытанасці жыцця. Наводдаль сышлося некалькі дзядзькоў — штосьці меркавалі купкаю, курылі. Сярод ix быў, здалося, i Ігнат.

Васіль хацеў быў ужо рушыць да ix, калі заўважыў: хтосьці збочыў з дарогі, нацянькі прастуе да яго. Жаночая постаць. Матка! Канешне, — каб яна ды ўседзела недзе, не прыбегла, калі i без яе такая маркота.