Выбрать главу

— А я ето думаю — дзе ён? — загаманіла бесклапотна, як бы ні пра што i не здагадвалася. Як бы так сабе прыбілася. — Сышоў кудысь, i не відно!..

Васіль недавольна адвёў позірк.

— Хадзем ужэ, паснедаем… — наважылася асцярожна, лагодна. — Картопля астыне… Век халодную ясі…

Толькі пра тое i клопату цяпер яму: картопля астыне! Па гаворцы, па жаллівых вачах яе разумеў: ведае ўсё, але хавае трывогу. Хітруе. Прытвараецца. І гэта яшчэ злавала.

— Не бядуй, — як бы адгадала яго думкі.— Жылі без етаго, пражывём як-небудзь i цяпер…

— Ат, — нядобра варухнуўся ён.

— Пражывём… — Яна тут жа змянілася, стала нібы заклапочанай, дзелавітай. — І тое падумаць: чаго тут тырчаць. Начальство ў сяле шчэ. Міканор шчэ спіць.

Ён неахвотна паплёўся: абы адчапіцца, не чуць яе хітрыкаў. Усё адно не дасць стаяць.

4

Паснедаўшы, Васіль корпаўся пад павеццю, сачыў за ўсім, што робіцца на Міканоравым двары, на вуліцы. Ён бачыў, як весела, у расхрыстанай свіце, з кепачкай на макаўцы ступіў на двор, нібы свае, адчыніў дзверы ў Міканораву хату Хоня, як у драным, абсмыленым кажуху подскакам узбег на ганак Зайчык, як паважна, у чорнай крамной паддзёўцы, з блішчастым казырком, зайшоў Андрэй Руды, як сціпла адчыніў дзверы Грыбок, як пазней за ўсіх — ціхі, задуменны, схаваўся ў сенцах Чарнушка. Выходзіў на двор i вярнуўся ў хату Міканор, каморнік не паяўляўся, але Васіль ведаў, што ён таксама ў хаце. Потым ужо — усе даўно йаснедалі — йрыкаціў на калёсах з Алешнікаў строгі, акуратны Гайліс, прывёз яшчэ нейкага чалавека, немаладога, у гарадской вопратцы. Гайліс прывязаў каня да Міканоравага штыкетніка, i абодва, з Міканорам, што выбег насустрач, таксама пайшлі ў хату.

Чым больш збіралася ў Міканоравай хаце камісіі, тым больш расла ў Васіля трывога. Яна асабліва вялікай, важкай стала тады, як прыехаў i зайшоў да Міканора Гайліс. Нядобра ныла ўсярэдзіне, калі гадаў, што там у хаце гавораць, што рыхтуюць. Бачыў, што i ў суседніх дварах сочаць, чакаюць. Было відаць, усё сяло жыве тым, што мае пачацца, i гэта яшчэ ўзварушвала трывогу. І — нібы знарок — не было начной рашучасці, i млявасць была ў нагах, у руках. Аж брыдка браў страх…

Усярэдзіне заныла больш, калі ўбачыў, як выйшлі ўсе з хаты, сталі выносіць нейкія прылады, доўгую паласатую дошку, нізку жалезных шпянькоў, круг з лентай. Між тых, хто збіраўся ў поле, былі Дамецік i Дамеціха. Дамецік — вольны ў рухах, упэўнены, Дамеціха — нясмелая, як бы вінаватая. Акрамя Дамеціхі, выгляд ва ўсіх быў заклапочаны, дзелавы. І гаворка — мяркуючы па тым, што даходзіла, — была дзелавая.

Пачуўшы гэту гамонку, на бліжнія двары, на вуліцу павыходзілі людзі, сталі збірацца, сачыць за важнымі зборамі. Не стала сядзець у хаце матка, выцягнуўся дзед, перавальваючыся, саступіла з ганка Маня. Стаялі ля плота, глядзелі на вуліцу. Дзед курыў люльку, сіпла кашляў.

Матка раз-пораз аглядвалася, нібы абыякава, бесклапотна. Бесклапотна ж падышла к Васілю, пачала зноў, як малому:

— Нічого. Жылі да етаго, пражывем i без етаго. Да i тое ж падумаць — удзеляць жа нечаго!.. — Заўважыла, як ён недавольна варухнуўся, хітра перамянілася: — І папрасіць можно, Дамеціху ці Міканора самого… Штоб не абдзяліў там, дзе даваць будуць…

Толькі i ўмее: вярэдзіць; Васіль адвярнуўся, паказаў, што не хоча слухаць. Нелагодна, з-пад ілба прасачыў як адны на калссах, a друпя пешкі, паўз платы, рушылі к полю.

Патупаў трохі каля хлява, падаўся на прыгуменне. Пакорпаўся тут, не бачачы, што робіць: не мог ніяк адолець вялікага неспакою, брыдкай млоснасці, што поўніла ўсяго, як i раней. Паглядваючы спадылба, бачыў: на прыгуменнях там i тут збіраліся купкамі, заклапочана гаманілі. Некалькі чалавек прайшло ў бок цагельні, вясёлыя, цікаўныя, панурыя, — а ён усё корпаўся, усё не мог дабіцца цвёрдасці, яснасці, адолець нясмеласці. Як бы нанава чуў грозную латышову гаворку на сходзе, якая асабліва трывожыла: не адзін ён ведаў, што латыш слоў на вецер не кідае; з Гайлісавымі словамі нібы бліжэй чулася юравіцкая баковачка, пагроза юравіцкага Зубрыча: "Можам i вярнуць!" Не ціхлі, не адчэпліваліся матчыны жагнанні. І ўсё ж яна карцела, зямля, яна нібы звала яго заступіцца; ні на міг не глухла у ім адчуванне, што калёсы едуць да цагельні, што хутка ўсё пачнецца. Што блізкаблізка момант, які ўсё вырашыць. Што не можна сядзець, марудзіць.

Ён кінуў граблі, якія чамусьці трымаў, важка рушыў з прыгумення. Як нешта далёкае, заўважыў, што пачаў цярусіць дождж, заўважыў i тут жа забыў; адразу за гумнамі вочы ўлавілі, дзе ўжо калёсы. Калёсы набліжаліся да цагельні. Даехалі да куны асін i хвой, збочылі ў поле, на час схаваліся за дрэвамі.