Выбрать главу

У полі стаяла некалькі групак — мужчыны i жанкі; Васіль прыбіўся да адной, у якой быў Ігнат i яшчэ некалькі дзядзькоў. Ён хутка заўважыў, што большасць дзядзькоў настроена мірна: толькі ў двух, акрамя Ігната, было тут трохі поля, — але i двое гэтых, здавалася, не бедавалі ці не паказвалі бяды. Быццам рашылі: што будзе — тое будзе. Васіль толькі ў Ігнату пачуў свайго аднадумца. Усё ж ён, як i Ігнат, не адыходзіў ад іншых: дзіўна, нават ля гэтай групкі было неяк спакайней, цвярдзей. Ціха ўвайшло кволае: а можа, i праўда — саступіць? Што будзе, тое будзе? Але ён адагнаў гэту думку.

Бачылі, як — у самым кутку поля за цагельняй, каля лесу, калёсы сталі, як каморнік стаў корпацца на калёсах. Расставіў трыногу, прыладзіў нейкую прыладу; адзін з дзядзькоў сказаў, што там ёсць такі бінокль, які паказвае, як мераць. Незнаемы, якога прывёз Гайліс, пайшоў краем поля, паўз лес, з доўгай дошкаю; дзядзька сказаў, што яе завуць рэйкай. Незнаемы, адышоўшы, стаў, паставіў рэйку перад сабой, a каморнік стуліўся каля сваёй прылады, пачаў углядвацца ў "бінокль". Яшчэ двое — было відаць: Хоня i Грыбок — пацягнулі ленту. За імі з нізкай шпянькоў пасунуўся Чарнушка. Спыняўся ля Хоні, раз-пораз утыкаў шпянькі ў зямлю. Латыш i Міканор то падыходзілі да ix, то, найбольш, былі каля каморніка…

Як пачалі набліжацца да Ігнатавага надзелу, Ігнат, увесь падаўшыся наперад, шаргаючы лапцямі, рушыў насустрач ім. Ён перайшоў поле, стаў з таго краю, дзе мералі. Мершчыкі былі блізка, але не падступілі зусім, — ён стаяў трохі, чакаў. Незнаемы з паласатай рэйкай на плячы хацеў прайсці паўз яго, але Ігнат штосьці крыкнуў, i ён стаў. Азірнуўся ў бок каморніка. Там ужо складвалі трыногу, палажылі на калёсы i паўз поле пакіравалі да таго, што стаяў з рэйкаю. Не даехалі, спыніліся, сталі зноў расстаўляць трыногу. Хоня i Грыбок першыя заўважылі, што ў незнаёмага з рэйкай штосьці няладнае, — кінулі мераць, падаліся да яго. Упала гэта на ўвагу i Міканору i Гайлісу, — таксама рушылі да Ігната i тых, хто сабраўся каля яго. Было відна: там пачалася спрэчка. Ігнату загадвалі сысці, а ён упіраўся, штурхаў рэйку, штосьці крычаў. Раптам вырваў рэйку, адскочыў, шырока размахнуўся. Усе асцярожліва адхінуліся, адступілі. Зноў загадвалі нешта, але ён не слухаўся. Трымаў рэйку напагатове. Тады Хоня стаў абыходзіць яго. Выбраўшы зручны момант, кінуўся ззаду, стаў валіць. Рынуліся да Ігната іншыя. Павалілі…

Да ix сталі збірацца дзядзькі, жанкі. Васіль таксама, няўпэўнена, насцярожана, пацягнуўся. Да таго як ён падышоў, Ігнат стаяў ужо ca звязанымі за паясніцай рукамі. Чырвоны, з рэдкімі, прыліплымі да мокрага лба сіваватымі валасамі, невідуча паводзіў ашалелымі вачыма. Напінаў рукі, тузаў гілячыма, ірваўся.

Гайліс выняў блакноцік, хацеў было штосьці напісаць. Раптам рэзкім рухам схаваў блакноцік, загадаў падагпаць калёсы. Калі Зайчык рухава, увішна падскочыў з калёсамі, Гайліс з Міканорам падсадзілі Ігната на драбінку. На драбінку з другога боку лёгка ўскочыў Гайліс, загадаў ехаць. Зайчык, які ўмомант апынуўся на перадку, тузануў лейцамі. Усе, хто засталіся, хвіліну глядзелі ўслед ім, маўчалі. Міканор першы схамянуўся, распарадзіўся ісці рабіць. Выбраныя ў камісію адразу пачалі разыходзіцца: Хоня з Грыбком i Чарнушкам, што падышоў быў пазней, падаліся зноў да пакінутай ленты, — a каморнікаў памочнік панёс далей рэйку.

Людзі, якія збегліся з поля, цяпер ужо не адыходзілі, сачылі зблізку то за тымі, што мералі лентай, то за чалавекам з рэйкай, то — найбольш — за Міканорам i каморнікам, які чарадзейнічаў са сваёй недасяжнай звычайнаму розуму прыладай; штосьці варажыў над паперай, у якую раз за разам заклапочана глядзеў. Сярод дарослых круцілася некалькі малых, якія невядома калі паявіліся. Васіль ішоў з усімі i чуў, як расце ў ім адчуванне блізкай, безнадзейнай i разам — непазбежнай небяспекі. Хваравітая, блытаная, нібы ў гарачым тумане, расла ў ім нецярплівасць. Галава была важкая, ні адной думкі; недарэчная, упартая, у гарачую няцямнасць, што поўніла галаву, лезла адно цікаўнасць: Грыбок, Хоня i Міканор падступаліся ўжо да Глушакоў; а там, каля краю надзелу, як межавыя слупы, стаялі стары i Яўхім. Прыкмеціў: Чарнушка адстаў, аддаў шпянькі Грыбку, не ішоў к Глушакам — але болей Васіль не бачыў Чарнушку. Глядзеў толькі на Яўхіма. Яўхім стаяў, расставіўшы ногі, прыгнуўшы галаву, якая нібы ўрасла ў плечы. Нецярпліва курыў, гатовы, здавалася, любы момант рынуцца ў бой. Стары гнуўся квола, па-старэчы; толькі, прыгледзеўшыся зблізку, можна было прыкмеціць, што ссохлы, у маршчынах, твар жорстка напяты i позірк вострых вочак цвёрды, пільны.