Разам з усімі Васіль падышоў да ix. Яўхім, пахапліва, нервова смактануўшы, кінуў цыгарку, рашуча ступіў да тых, што мералі. Адразу ж яму насустрач ступіў Міканор.
Сталі адзін перад адным. Амаль упрытык. Яўхім — галава нібы яшчэ ўрасла ў плечы — глядзеў цвёрда, грозна; позірк гэты як бы папярэджваў, раіў не звязвацца з ім. Рабы, пласкаваты Міканораў твар, здавалася, гатоў быў засмяяцца. Міканор быццам хваліўся, што не баіцца. Гэта задзірлівая ўсмешка, было ирыкметна, ятрыла Яўхіма. Яшчэ момант, здавалася, i ён не стрымаецца. Люта рыне на Міканора. Але тут — акурат у пару — трывожна, імкліва ступіў да Яўхіма стары, моцна ўзяў яго руку. Прамовіў уладна, з гневам:
— Яўхім.
Той не варухнуўся ў адказ. Але руку не вырваў. Прыплюшчыўшы вочы, уцінаўся ў Міканора. Злосна мыляў сухімі губамі. Не знаходзіў слоў. Усе моўчкі, з трывогай сачылі за абодвума.
— Багато бярэш на сябе, — выціснуў нарэшце Яўхім з пагрозаю.
Міканор, нібы смеючыся з яго бяссільнасці, сказаў:
— Столькі, сколькі магу.
Яўхім стрываў. Выціснуў яшчэ, з нейкім прытоеным, грозным сэнсам:
— Смелы вельмі!
— А чаго ж! — Міканор памаўчаў. І дадаў таксама з пагрозаю: — І ты — не сакрэт — смелы!.. — Даў так, быццам папярэджваў: паберажыся наўперад сам.
Глушак зазлаваў. Тузануў мацней сына.
— Яўхім!!!
Той няцямна азірнуўся на яго. Гатоў ужо быў паслухацца. Але стаў, з лютасцю зіркнуў на Міканора:
— Пабачым шчэ. Хто смелы. Адзін на адзін.
— Яўхім!!! — закрычаў стары люта. Сіпла, са злосцю, як на малога, накінуўся: — Здурнеў! З глузду з’ехаў!!! Мазгі павысыхалі!
Яўхім пастаяў момант; стары ашалела i дужа тузануў яго за руку, i ён неахвотна паслухаўся, паплёўся за старым. За ўсёй гэтай сутычкай сачылі з увагай, неспакоем, з трывогай: усе ведалі — пагроза Яўхіма штосьці значыла. Ведалі: Яўхім не забывае тое, што гаворыць; сказаў: трэба асцерагацца, значыць — трэба. Багата хто не ўхваляў таго, што Міканор глядзеў на гэта легкадумна, нават гулліва; няма чаго пасмейвацца, калі Яўхім грозіцца! Пільнавацца трэба, калі Яўхім прыгразіўся!..
Як толькі скончылася сутычка Яўхіма з Міканорам, Васіль адступіўся ад натоўпу, павалокся на сваё поле. То стаяў, то тупаў, няздольны стрымаць брыдкую млоснасць, непатрэбную кволасць. Стараўся не глядзець i амаль не глядзеў у той бок, дзе тоўпіліся, рабілі людзі,— але ўвесь час бачыў, чуў — дзядзька з рэйкай, мершчыкі, каморнік, Міканор усё падыходзілі. Чым бліжэй яны падступалі, тым больш расло ў Васілю супярэчнае хваляванне — страх, адчай, смеласць. Усё больш чуў: час яго набліжаецца, горкі i неадменны час. Ведаў ужо — што наўрад ці даб’ецца чаго-небудзь. Баяўся, калі брала загадка: чым гэта скончыцца яму, яго бойка.
І усё ж не мог саступіць, аддаць усё так проста. На гэта быў як бы нейкі неадменны загад усяго жыцця. І ён рыхтаваўся, чакаў.
Нібы не сваімі нагамі ступіў ён да Хоні, што падцягнуў ленту да яго паласы. Дрыготкім i хрыпатым голасам выціснуў:
— Тут… пасеяно…
— Усё, брат, — i пасеянае, i непасеянае, — адно, — сказаў, выпрастаўшыся, весела гледзячы на яго, Хоня. У голасе яго было нешта дзіўна прыязнае, таварыскае.
Васіль заўважыў, як каля ix хутка большае натоўп. Цёткі, дзядзькі, дзеці, зларадныя, спачувальныя, проста цікаўныя.
— Усё, брат Васіль, пад адзін грэбень! — весела паспачуваў Хоня.
— Няма такого закону! — Васілёвы губы пакрыўджана дрыжалі: — Штоб адбіраць! Да шчэ тое, што пасеянае!..
— Не трэба було сеяць! — са здзеклівай рэзкасцю заявіў Міканор. Пляскаты, пакляваны воспаю твар быў нецярплівы i недавольны: лезуць тут са ўсякімі выдумкамі, затрымліваюць. Пераможна нагадаў:
— Сказано було: не сей!..
Міканор намерыўся ўжо ісці да каморніка. Як бы паказваў: няма чаго тут гаварыць. Васіля рэзкасць, нячуласць яго ўзлавалі. Умомант ажыла зацятасць, горыч даўняй спрэчкі,— калі араў. Адразу знікла кволасць, крыўду змяніла злосць, упартасць.
— Не дам! — крыкнуў ён. — Не вашае.
— Адыдзі! — ціха i неяк пагардліва сказаў Міканор. Нібы перад ім быў не Васіль, не гаспадар, a казяўка.
Гэта яшчэ дадало ўпартасці.
— Не пайду! Не аддам!
Адкуль паявілася матка:
— Васілько!.. — Вечна не ў час прыпрэцца.
Ён нецярпліва варухнуў плячом:
— Aт!
— Саступі, Васілько!
— Не дам!! — закрычаў ён Міканору. — Мая зямля!!
На пакляваным Міканоравым твары была тая ж пагардлівая ўпэўненасць. Нібы выхваляўся сваёю сілай. Нібы здзекаваўся з яго бяды.