— Зямля — народная, — прамовіў Міканор. У голасе яго пачулася зноў помслівая злараднасць.
— Мая!!!
Васіль аж задрыжаў. Ад крыку, ад упартасці. Ён чуў, што сіла такі на Міканоравым баку, што надзеі ў яго, Васіля, амаль ніякай, што, мабыць, не даб’ецца нічога. Але гэта цяпер не толькі не кволіла, a дзіўна ўздымала адвагу. Зямля, якую ён любіў i раней, цяпер была яму даражэй, як калі-небудзь. Даражэй за ўсё, за сябе самога. Даражэй асабліва таму, што ён чуў — отот яна сыдзе з-пад яго ног. Ужо сыходзіць. Ён цяпер гатоў быў для яе на ўсё. Не здольны ўжо разважаць, ён, як стаяў, упяўся лапцямі ў разору, закрычаў:
— Не пушчу!!!
Яны стаялі твар у твар. Людзі — цікаўныя, трывожныя, чуйныя — сачылі за імі. Стаялі амаль кругам, амаль упрытык, толькі Чарнушка трохі наводцаль. Чарнушка таксама сачыў, са спачуваннем, са шкадаваннем, з пакутай. Адзін з тых двух быў спакойны, зняважліваўпэўнены, другі — роспачны, ашалелы ад бяды, ад бяссільнасці.
— Ідзі па-добраму! — ужо нецярпліва — не просячы, а загадваючы — сказаў Міканор.
— Не пайду! — заявіў Васіль цішэй, але ў тым жа вялікім хваляванні. З непадатнай цвёрдасцю.
— Васілько! — учапілася ў Васіля матка, але ён як бы i не заўважаў яе.
Глядзеў толькі на Міканора. Не зводзіў воч.
Міканор ступіў крок, упэўнена ўзяў яго за плячо. Хацеў саштурхнуць яго. Васіль нібы толькі i чакаў гэтага.
— А-а, т-ты так!
Ён адарваў матчыну руку, нейкі дзіка-радасны — не помнячы ўжо, што робіць, — хутка рынуў на Міканора. Ухапіў загрудкі.
— А-а, ты… так!..
Ён дужа сціснуў Міканораву паддзёўку, так што Міканору цяжка было варухнуць плячамі. Моцна рвануў на сябе, Міканор амаль упрытык убачыў сляпыя i радасныя, поўныя лютасці вочы; скрыўлены нянавісцю, прагай пометы твар. Міканор упёрся ў Васілёвы грудзі рукамі, стараючыся адціснуць яго, але Васіль не даўся. Раптам ён штурхнуў назад так, што Міканор ледзь устаяў.
Усё гэта было які момант, бо к Васілю i Міканору адразу ж падскочылі Хоня, Алёша, яшчэ некалькі чалавек. Васіля ўхапілі за рукі, за шыю, за каўнер світы. Але i гуртам ледзь адарвалі.
Ён усё кідаўся ў дужых руках, запалена хрыпеў, намагаўся вырвацца. Зіркаў на Міканора люта, помсліва.
— Васілько!.. Ашалеў саўсім! — бедавала, бегала навокал сына i тых, якія яго трымалі, матка. Абхапіла рукамі галаву, загаласіла з адчаем, на ўвесь голас.
Міканор, узлаваны, трохі зніякавелы, аддыхваўся, выціраў далонню пот. Стараючыся трымацца з годнасцю, плюнуў знарок спакойна, як бы прыгразіўся:
— K-кулацкая душа!.. Контра!..
Дзятліха, як ні галасіла няшчасна, прыкмеціла Міканораў позірк, кінулася, просячы, молячы:
— Не сердзіся на яго, Міканорко!.. Ты ж старэйшы, спакайнейшы!.. Ашалеў ён саўсім! Не помніў ён, што рабіў!..
— Напомнім — штоб не забуваўся! — з пагрозным намёкам прамовіў Міканор i падаўся ад натоўпу.
Дзятліха дробна, хапатліва пабегла каля яго. Збоку было відаць, прасіла Міканора не злавацца…
— Дарэмно ты ето, брат! — весела гаварыў Васілю Хоня, здавалася, адно ўзрадаваны гэтай спрэчцы. — Рашылі, брат! Рашылі, значыць — кончано!..
— Што ж цябе аднаго абходзіць?! — як бы тлумачыў Алёша.
Васіль невідуча вадзіў вачыма, дыхаў горача, але ўжо не рваўся. Стаяў нейкі аслабелы, абвялы, быццам абыякавы да ўсяго. Раптам зноў неспакойна павёў вачыма, крутнуўся недавольна. Яму не сталі працівіцца, выпусцілі з рук. Ён момант пастаяў, як бы ў роздуме. Потым важка пайшоў цераз паласу ад людзей.
Ішоў, горбячы плечы, угнуўшы галаву. Лапці ўязджалі ў пульхную раллю, тапталі, нявечылі сцябліны руні. Так жа важка i абыякава пацягнуліся чужым полем. Матка неўзабаве дагнала яго, дробна заспяшалася побач. Штосьці загаварыла лагоднае, супакойлівае.
Ён быццам не чуў яе.
У той дзень матка некалькі разоў бегала да Дамеціхі. Бегала нібы з гаспадарчымі клопатамі — параіцца, пазычыць запалак, мукі на зацірку; але большасць цікаўных жанок меркавалі, што гэта ўсё — для прыліку, для чужых вачэй; што напраўду — для таго, каб улагодзіць Дамеціху, упрасіць заступіцца перад Міканорам за Васіля, — каб не злаваў, не перадаваў у суд. Пад вечар, калі Міканор паявіўся на двары сам, падсцерагла, калі ён астанецца адзін, без каморнікаў, таксама ледзь не кінулася ў ногі…
Неўзабаве пасля гэтага Міканор i Васіль сутыкнуліся яшчэ раз. Нахіліўшыся над калодзежам, Васіль зачэрпваў ваду, калі да калодзежа, у расшпіленай сарочцы, без шапкі, з вядром у руцэ падышоў з хаты Міканор. Васіль, заўважыўшы яго, не падымаў вачэй, на нейкую хвіліну перастаў нават цягнуць вочап. Як бы чакаў чагосьці. Ці, можа, думаў, што Міканор кінецца біцца.