Выбрать главу

Міканор стаяў нямірны. З пагрозай i шкадаваннем прамовіў:

— Шкода толькі матку тваю… Да i дзеда паважаю…

Васіль нядобра зіркнуў, пацягнуў вочап. Ужо калі зняў вядро, заявіў упарта:

— Я ето так не кіну! — Голас яго быў нацяты, рукі дробна дрыжалі.— К Апейку пайду! Папытаюся, ці можно так — па савецкаму закону!

— Ідзі, ідзі,— Міканор упэўнена надзеў вядро на кручок вочапа. Затрымаўся, глянуў на яго. — Толькі б лепей у калгас пайшоў! Зразу ўсё i рашылася б!

Раздзел чацвёрты

1

У гэты вечар ледзь не ў кожнай хаце гаварылі пра падзеі ў полі. Кожнаму ў Куранях было ўжо вядома, i што казаў Яўхім, i як махаў рэйкаю Нібыта-Ігнат, i што рабілі Гайліс i Міканор, i як кінуўся на Міканора Васіль. Усё гэта выклікала самыя розныя меркаванні: адны хвалілі Васіля i Нібыта-Ігната за смеласць, друпя судзілі, як неразумных: таксама героі знайшліся! Гаварылі, што Міканору цяпер трэба будзе сцерагчыся Яўхіма, пільна паглядваць увечары. Найбольш было гаворкі пра Нібыта-Ігната: можна было чуць такое, што Ігнату — пры цяперашніх строгіх парадках — не паздаровіцца. Шэптам i з належнай шматзначнасцю пераказвалі, што за такія штукі — чутно — дзе-нідзе i к сценцы ставяць.

Вялікім i розным клопатам былі поўны хаты тых, хто трапіў у героі гэтых падзей. Васілёва матка i, як магла, лагодна суцяшала Васіля, каб не бедаваў пра страчанае, i, хоць асцярожна, дакарала — што не беражэцца. З бясконцай матчынай цярплівасцю вучыла свайго неслухмянага сына Дамеціха, папракала, што заядаецца са ўсімі, трывожна прарочыла, што гэта не давядзе да дабра. У Ігнатавай хаце было цёмна i маркотна. Уся вялікая сям’я, нібы асірацелая без бацькі, сядзела за сталом нязвыкла маўкліва; ціха разышліся ўсе пасля вячэры па палацях, на прыпечак, на печ. Нават меншыя не дурэлі, не чапаліся адно з адным.

Набедаваўшыся за дзень, Ігнаціха таксама сабралася ўжо лажыцца, калі на ганку пачуліся немагчыма знаёмыя крокі, патрабавальна ляснула клямка. Хадоська, што ляжала ўжо з малымі, несамавіта крыкнула: "Татко!", ускочыла, — як была ў адной сарочцы, кінулася ў сенцы. Яшчэ да таго як увяла яна нявіднага бацьку, хата напоўнілася радасным галасам. Скакалі, крычалі большыя, лямантавалі малыя. Жонка i Хадоська з нядаўняй бяды, з неспадзяванай радасці таксама загадает! жагнаючыся, божкаючы.

— Да сціхніце вы, — недавольна i звыкла злосна зыкнуў раптам Ігнат. — Як па нябожчыку!.. Есці лепей дайце!

Ён скінуў світу i сеў да стала. Спыніў Хадоську, што хацела запаліць лучыну: "Як-небудзь траплю ў рот i без святла!" — нявідны, моўчкі, прагна жаваў, сёрбаў, не адказваў на нецярплівыя жончыны пытанні. Ужо калі леглі, неахвотна i панура, нібы паказваючы, што радавацца асабліва няма чаго, сказаў, што сядзеў увесь час у Алешніках, што латыш гаварыў строга i гразіўся аддаць пад суд, але ўвечары адпусціў. Памагло, мабыць, што заехаў Апейка. Адпускаючы, латыш наказваў, каб быў разумнейшы, каб гэта было "апошні раз"!.. Ледзь выведаўшы ўсё, Ігнаціха не ўгрывала, упікнула: "Я што казала…", але Ігнат так зыкнуў, што яна адразу ўціхла. Услухоўваючыся ў яго неспакойнае дыханне, старалася адгадаць адно, чаму ён па-ранейшаму такі невясёлы, пра што так цяжка думае…

"Злы, — прыйшло ў думкі.— Век — злы. Быў i — будзе…"— Успомніла — з недарэчным гонарам i скрухай: а быў жа вясёлы! Калі жаніўся, больш галасістага за яго i не было. На ўсе Курані самы галасісты быў хлопец!.. Як скакаў! Лепей за ўсіх у цэлых Куранях!.. І кучаравы быў, чупрына — як лаза густая! І паверыць не паверыла б, каб не помніла. Аблез саўсім, чэрап свеціцца голы… Зацяты быў змоладу… З зацятасці гэтай i ссох, аблез. Зацятасць гэта i зрабіла злым. Зацятасць ды — няшчасці… Як знарок, век не шанцавала… То ж з-за адной Хадоські колькі наперажываўся. Як радаваўся ўпачатку, што Карчоў улягаць пачаў быў. Як цешыўся, што прыпяваючы жыць будзе. І от дачакаўся!.. З-за аднаго гэтага ссохнуць нядоўга… Цяпер от — Хоня, — не адыходзілі думкі ад Хадоські.— Хоня — хлопец непаганы, ён, Ігнат, сам ведае. Але ж — бядняк, горкі бядняк. Ды шчэ з маткай-калекаю… Хіба ж цяжка дагадацца, чаму ён, Ігнат, так коса глядзіць на Хоню. Чуе ж, што не соладка будзе дочцэ… Як знарок не шанцавала! — тоіць Ігнаціха ўздыханне. — То пакралі сена, то жыта градам пабіла. То згарэлі — згалелі саўсім. Як — кара якая божая. Дзеці — век хворыя, век чэзлыя, кожную вясну з галадухі скуголяць. То ж не было года, каб наеліся ўдосыць… Адна надзея на гэту палоску была, — узяў Ігнаціху пякучы жаль. — Усё дабро, лічы, з яе адной. А цяпер, — як цяпер будзе? — падступіў страх. — Калі — не дай Бог — удзеляць пясок!.. З торбай вясной пайсці давядзецца!.. І што наогул будзе?.. От i — будзь добры, вясёлы! Не злы будзь!.."