Ёй захацелася прытуліцца да яго, палашчыць, суцешыць. Але яна не варухнулася: толькі паслухала, як ён дыхае. Баялася сказаць слова: яшчэ, можа, раззлу ецца!..
Нявесела хліпаў прыкручаны кнот у лямпе, што вісела пад Глушаковай столлю. Нядаўна сышоў госць — Лясун, які прамаўчаў увесь вечар. У хаце былі трое — старая, стары Глушак i Яўхім. Старая гарбацілася на ложку пры печы: успершыся локцем на сценку ложка, седзячы драмала, як кура. Раз-пораз локаць яе саскоўзваў са сценкі, галава падала на грудзі, яна прачыналася на хвіліну. Ставіла локаць на сценку i драмала зноў, але лажыцца раней старога не наважвалася. Яўхім сядзеў на звыклым сваім месцы каля стала i акна, успёршыся, як звычайна, плячом на вушак, курыў скручаную з газеты папяросу. Стары, што увесь дзень i ўвесь вечар не знаходзіў сабе месца, браўся за ўсё i кідаў са злосцю i роспаччу, што кіпеў i пляваўся ўвесь час, пакуль нема тырчаў Лясун, — раптам паскардзіўся квола:
— Ето — разанулі. Па самаму горлу. У самы жывот — нож!
— Разанулі,— стрымана згадзіўся Яўхім.
— Рабая зараза ета Дамецікава ўсё! Самая поскудзь, самы гад!
— Гад. — Яўхім зацягнуўся папяросаю, пусціў ротам дым. — Гад. Да от не возьмеш. Не чаванеш яму горло так, штоб храснуло, як у кураняці…
— Не возьмеш! — пашкадаваў i стары. Як ні кіпеў, разумна, з клопатам пра сына папракнуў: — А не возьмеш, дак няма чаго паказуваць, што хочаш узяць. Насцярожуваць гада загадзя.
— Рукі свярбелі ж дужа. — Яўхім зацягнуўся, доўга, марудна пускаў дым: — Свярбелі. А не можно.
— Нічого не зробіш! — Стары шкадаваў так, што нястрымна, дробна дрыжалі губы. — Галавой сцену не праб’еш! — Як самае дарагое, як найлепшую мару, сказаў, выдыхнуў: — Кеб — вайна хіба! — Помніў, што побач, за сцяной, Чарнушкава прыблуда, ад якой усяго можна чакаць i якой век асцерагаўся, — але не мог стрымацца, сцішыць голас: — Царскія генералы кеб з войскам! Балаховіч які новы няхай бы! Чутно ж: е недзе! Стаяць напагатове недзе, — а не йдуць нечаго!
— Генералы там такія… — Яўхім мацюкнууся.
— Генералы вучаныя. І злыя — землю ж i ў ix пазабіралі. Землю i маёнткі, i дабро ўсё пазабіралі. За граніцай ацірацца заставілі. Таксамо ж кіпіць няйначай у кажнаго, кажны рвецца вярнуць, што адабралі! — Заўважыў, што Яўхім слухае яго нядобра, як бы з насмешкай, стрымаўся. Загаварыў не так цвёрда: — Ці яны баяцца бальшавікоў? Ці маменту ждуць зручнаго? Штоб ударыць у зручны мамент?
— Не цешце сябе, тато…
— Як жа i жыць, як не цешыць! Не надзеяцца, — зноў гарачэй загаварыў стары. — Адной надзеяй толькі i дзяржацца шчэ можно! Толькі i надзеешся, што Бог наглядзіцца, кончыцца яго цярпенне!
— Не надзейцеся, тато, на свайго Бога…
— Не кажы! — Яшчэ загарэліся вочы старога. — Не гневай яго! От з-за етаго, можа, усе i выходзіць! Што не шануюць, што кожны абражае яго! З-за етаго ён, можа, i падумаў: хоць перадушыцеся, паешце адзін аднаго, — калі вы ўсе такія да мяне!.. Не смейся! — закрычаў ён, улавіўшы на сынавым твары усмешку. Слухае, як разумнейшы — дзівака! — Не смейся! — загадаў Яўхіму.
Яўхім сагнаў усмешку.
— Бог! Дзе ён, еты ваш Бог?! — сказаў Яўхім раптам нецярпліва, усхвалявана. — Kani тут такое робіцца, а ён — хоць бы што! Глядзіць — ды маўчыць! За бальшавікоў шчэ, падобно, стараецца! Бязбожнікам памагае!
Стары перахрысціўся.
— Не пляці! Не паддавайся д’яблу, які шэпча табе! Бачыць ён усё, Бог, жджэ сваёй мінуты! І калі пабачыць, што — мамент, — скажа сваё! Скажа! Пабачыш!.. Прыйдзе ета мінута! Будзе ета пара! Перамераецца ўсё нанаво! Пабачыш! Бог скажа сваё!
— Дак падажджэм, — прамовіў Яўхім нібы спакойна, зноў з той жа схаванай, недаверлівай усмешкай.
— Сіла цяпер у ix! — не заўважыў усмешкі разгарачаны стары. — Цярпець ды надзеяцца — адно астаецца! Ждаць, калі Бог рэшыць!
— Дацярпеліся, даждаліся ўжэ!..
— Дажджэмся, буць не можа! Бог скажа сваё!.. Кеб палякі хоць! — раптам перамяніў гаворку стары. Шкадуючы, прагнучы, нібы памаліў: — Хоць бы тыя ўжэ! Гатовяцца ж даўно, пішуць i ў етых, у бальшавіцкіх, газетах!..
Яўхім дыміў адно, думаў штосьці сваё. Нечакана для старога падумаў уголас, цвёрда, неадменна:
— Усе-такі я запарву недзе етаго рабого, воко да вока! І пагавару — воко да вока! — Ён прамовіў "пагавару" так, што нават стары зірнуў трывожна i пільна. Яўхімавы вочы былі прыжмураны люта, бязлітасна. Як бы пакляўся — жыў не буду, пакуль не пагавару!