Выбрать главу

Зубрыч развёў рукою. Яўхіма злавала не толькі тое, што ён казаў, але i яго манера гаварыць: крыўляецца, як на спектаклі, як перад малым; калі такое робіцца!

— Што ж вы — можаце? — сказаў Яўхім з пагардай. Падумаў зласліва пра сябе: знайшоў на каго спадзявацца!

— Не трэба істэрыі! — ужо без артыстычнасці, уважліва i холадна прамовіў Зубрыч. — Цярплівасць i вытрымка — вось што трэба! — Ён загаварыў стрымана, дзелавіта — Мы не можам не лічыцца з абставінамі. Абставіны пакуль што, на жаль, мацней за нас. Нам, незалежна ад нашых жаданняў, астаецца пакуль адно — чакаць. Чакаць, калі абстаноўка зменіцца. Стане больш спрыяльнай нам.

— Як жа ждаць? Жыць ужэ няма як! — абурыўся Яўхім. Абурыўся так, нібы Зубрыч у гэтым быў вінаваты.

— Нявесела жыць, — згадзіўся Зубрыч. — Не хочацца спяваць хвалу жыццю, калі бяруць за горла… — Ён неяк уважліва зірнуў Яўхіму ў твар, памаўчаў, нібы разважаючы, i раптам сказаў: — Але самае невясёлае тое, што гэта, можна сказаць, — пачатак. Што наперадзе — горшае… — Чуючы, як насцярожыўся, як ловіць кожнае яго слова Яўхім, ён загаварыў жорстка, бязлітасна: — Бальшавіцкая партыя толькі пачала генеральнае наступленне, — "партыя" i "генеральнае наступленне" ён сказаў з асаблівым, злавесным сэнсам. Амаль паўтарыў, нібы падкрэсліў: — Толькі пачала наступаць на капіталістычныя элементы ў сяле. Гэта значыць — на мужыка. У першую чаргу, вядома, на мужыка заможнага, гаспадарлівага, які імянуецца кулаком… Партыя — не спыніцца, — усё больш, быццам знарок, трывожыў ён Яўхіма. — Не спыніцца, пакуль не давядзе лінію да канца. Пакуль, інакш кажучы, — не сатрэ мужыка ў парашок…

— Дак што ж рабіць? — не запытаўся, а зноў як бы абвінаваціў Зубрыча Яўхім. Дзіўна, тое, што ён сам адчуваў, пачутае ад Зубрыча, станавілася быццам больш грозным.

— Гэта пытанне важнае. І — складанае… — Зубрыч на момант як бы задумаўся. — Калі думаць рэальна, то ў бліжэйшы час трэба думаць, як зберагчы маёмасць, капітал свой. Задача амаль немагчымая ў цяперашніх абставінах. Ёсць, на жаль, толькі адзін спосаб зберагчы нажыты капітал: не марудзячы, наколькі можна, энергічна распускаць гаспадарку. Пераводзіць нерухомую, грамозную маёмасць у грошы. Якія можна зберагчы, захаваўшы надзейна, закапаўшы ў зямлю. Што да роду грошай, то тут можна было б адцаць перавагу золату, але яго, на жаль, амаль немагчыма будзе знайсці. Так што прыйдзецца — на звычайныя грошы.

Яўхім ужо не заўважыў яго несамавітых зваротаў: не да таго было.

— Не вельмі купіць хто! — сказаў ён з абурэннем, якое не знікала. — Усе самі глядзяць, як бы збыць!

— Н-да, — згадзіўся Зубрыч, — людзі адчуваюць, чым пахне. Кан’юнктура гандлёвая, так сказаць, не спрыяе продажу Але — трэба лічыцца з абстаноўкай, i трэба дзейнічаць у гэтым кірунку. Толькі ў гэтым. Каб не рызыкаваць астацца i без грошай i без маёмасці.

— І ето, i маёмасць — забяруць?!

— Ёсць падставы лічыць, што ўсё будзе рэквізавана — адабрана — для калгасаў. Без якой-небудзь расплаты. Для выканання далейшай генеральнай лініі — вырваць капіталізм з коранем. Да астатку.

Яўхім злосна мацюкнуўся. Люта павёў позіркам спадылба, не знаходзячы выхаду безнадзейнасці, што захмарыла ўсё жыццё, што запякла такім здзекам, ашалела плюнуў. Свет гатоў быў спапяліць у гэты момант, растаптаць, разламаць усё — такая лютасць узяла.

Зубрыч нібы пашкадаваў:

— Буралом гэты не абміне нікога. Усіх захопіць, кожнае дрэва выверне, з коранем. Не абміне нікога. — Ён дадаў, як асабліва важнае: — Не міне ні дужае, ні слабое дрэва. Hi кулака, ні — бедняка…

— Як жа жыць? — не адразу выціснуў пануры, затоены Яўхім.

— Так i жыць. Помнячы, што нічога не вечна, што ўсё мяняецца, як казаў Карл Маркс. Сёння — яны, заўтра, — Зубрыч сказаў значна, — заўтра — мы. — Загарэўся, загаварыў з верай, з захапленнем: — Трэба глядзець наперад! Умець распазнаваць, куды цячэ жыццё! Жыццё паварочвае ў нашым кірунку! Чым больш бальшавікі будуць ціснуць, тым больш будуць слабець яны. І тым мацней будзем мы! Такая — дыялектыка! Народ ніколі не прымірыцца з калгасамі! З гэтым здзекам з мужыка, з усёй яго прыроды!..

— Хто не прымірыцца, а хто — дак як на рай які надзеецца, — перабіў яго Яўхім.

— Ix мала! Не трэба ашуквацца! Maca сялян — супраць калгасаў! Супраць! Не адзінкі, не сотні — маса! Maca!

— Ето такая маса, — скрывіўся Яўхім, як ад дзіцячай выдумкі,— што толькі сядзіць ды жджэ, як яно будзе. Ціскануць заўтра бальшавікі — дак i палезе ўся. І служыць будзе.

— Ты памыляешся! Ты не ўмееш ацэньваць абстаноўку! Pyx гісторыі! Усё гэта не так проста, як ты думаеш! — напаў на яго Зубрыч, але Яўхім злосна перабіў: