Калі выгнала кароў, сярод вуліцы, хістаючыся, пацягнулася да могілак. На свежай горцы пясчаністай зямлі пад зараснікам маладзенькіх акацый быў яшчэ халаднаваты цень — села каля ўзгорачка, гарбацілася нерухомая, як раней, перад калыскай, калі малая спала.
Чула i не чула: станавілася цяплей, пахлі завялыя кветкі, гулі, звінелі камары i жучкі. За могілкамі час ад часу скрыпелі, лескаталі калёсы — людзі ехалі на сенажаць.
Тут знайшлі яе Хведзька i бацька. За імі падышла мачыха.
— Добрае месцечко выбралі! — сказала мачыха, азіраючы магілку, акацыі.— Анігадкі месцечко! Зелено ўсё, як прыбрано! І ёй, мабуць, хораша, што ў таком спіць! Бачыць жа ўсё, бачыць адтуль, толькі што голас падаць не можа… — Яна ступіла да Ганны. — Пасядзела, пабула — можно ўжэ i ехаць! На луг паедам.
— Паедам! — папрасіў i бацька.
Хведзька глядзеў моўчкі, спалоханымі вачыма. Яна ўстала, між крыжоў i сосен падалася к калёсам. Калі паехалі, мачыха гаманіла, аб чым прыйдзецца, старалася адагнаць ад Ганны паганыя думкі, бацька ж маўчаў, адно ўважпіва i сумна паглядваў на дачку. Ужо ў лесе ён аддаў лейцы Хведзьку, развязаў торбу.
— Пад’ела б мо? — Чарнушка даў Ганне хлеб, крышанок сала.
Ганна ўзяла, але ела так, нібы не чула ніякага смаку. Маўчала, аж пакуль не даехалі да сенажаці. І рабла, памагала сваім таксама моўчкі, з такім выглядам, нібы не помніла, не ведала, што робіць. На Глушакоў нават i не зірнула, быццам ix не было тут, на балоце.
Толькі пад поўдзень мачыха завяла яе да Глушакоў. Ганна пайшла без ахвоты, але усё, можа, абышлося б мірна, калі б ля дубка яна не убачыла калыску дачушкі. Калыска вісела, як раней, затуленая полагам, нібы там была яшчэ Верачка. Ганна, калі убачыла гэта, упала перад калыскай, зайшлася рыданнем.
Тут падышоў да яе Яўхім. Потны, абгарэлы на сонцы, пастаяў трохі, хацеў супакоіць:
— Ну, хваціць ужэ! Будуць шчэ дзеці, не зломкі ж самі! Не старыя!.. — Думаў, так хутчэй пераб’е плач, пазваў: — Хадзем! Дабро прападае!..
Ганна раптам ускінулася, вочы — лютыя, гараць. Як пракляла:
— Няхай яно згарыць, ето ваша дабро!
Раздзел трэці
1
Гора, якое было Ганне такім вялікім, багата каго з куранёўцаў не вельмі засмуціла.
Нямала хто падзею гэту зусім не палічыў за вартую нейкай увагі: ёсць бедаваць пра што — памерла малое, бы якое дзіва, бы рэдка ідуць яны на той свет! Якраз жа ў гэту пару найбольш i косіць ва ўсіх старая ведзьма людскі прыбытак! Кaлi хто i адгукнуўся на Ганніна гора, то амаль адны жанкі; але i яны жалкавалі не вельмі, ледзь не кожная зазначала са сталым жыццёвым спакоем: не суджана, значыцца, на раду ўжо так напісана. Доля ўжо такая…
Вялікі павяліцель — клопат пра гаспадарку, які вымеў у адзін дзень Курані, выгнаў усіх на сенажаць, — сам па сабе не даваў бедаваць пра нечае гора, гнаў з душы, як непатрэбшчыну, усё пабочнае. З чужых гэтую вестку блізка да сэрца ўзялі, можа, толькі Васіль ды Хадоська. У абаіх Ганніна бяда адгукнулася незвычайна, складанай супярэчлівасцю пачуццяў. Няпроста было цяпер усё ў абаіх з Ганнаю. У шчырае Васілёва шкадаванне пра Ганніна няшчасце ўвесь час улазілі ўспаміны пра карчоўскія крыўды…
Хадосьцы вестку пра Ганніна гора прынёс брат Іванка: яны з бацькам касілі ўжо; седзячы каля воза, чакаючы шчаўя, якое налівала матка ў місу, сказаў Іванка спакойна, без здзіўлення ці спачування — проста паведаміў, што ёсць такая навіна. Хадоська ад неспадзеўкі аж дыхаць не стала, стаілася: не толькі таму, што навіна была такая, а больш таму, што яна кранула чулае, балючае ў душы.
З нейкай, ужо звычайнай пры такой гаворцы, пільнасцю чакала, што зробяць, што скажуць бацька i матка. Матка адно ўздыхнула, з папрокам зірнула на Іванку: чула, мабыць, ужо ад некага; бацька ж строга буркнуў:
— Еж.
Іванка i бацька хутка пасёрбалі шчаўя, забеленага малаком, моўчкі пашаргалі лапцямі да кос; Хадоська памагла матцы: з міскай, з лыжкамі схадзіла да лужынкі пры кустах, перамыла, выцерла ўсё. Накрыўшы памытае ручніком ад усякай балотнай нечысці, Хадоська ўзяла граблі. Ветрык хадзіў яшчэ ранішні, свежы, але чуўся ўжо i подых недалёкай гарачыні. Хоць i нямоцна, пякло шыю i рукі; трава вяла, i кусты i стажкі наводдаль пачыналі брацца смугою, дрыжаць. Сонца зіхцела па ўсёй шырыні балота, калі Хадоська ўзяла рупіцца побач з маткаю — пераварочваць, варушыць яшчэ не падсохлае сена; ад сонца гэтага, ад ранішняй дужасці ў руках, ад звыкласці клопату забылася, сышла з душы прыкрасць, супярэчлівая няёмкасць, якую дала Іванава вестка. Не думала ні аб чым, варушыла толькі граблямі, поўнілася толькі ціхім клопатам працы, сонечнай цеплынёй, ранішняй свежасцю. Праўда, вочы як бы самі сабой беглі то туды, дзе за кучарамі лазы былі ўсе дні Ганна, Карчы, то к дарозе, што паўз лес ішла к сялу. Яшчэ здалёк заўважыла калёсы, пазнала Іанну, Яўхіма, старую Глушачыху; калі наблізіліся, бачыла: Ганна прыпала амаль да калень, трымала малую на руках, як жывую. Вялікае гора было відно нават у тым, як яна курчылася над малой, нават зводцалек.