Выбрать главу

— Да што тут — проста, няпроста! Тут ужэ самога думка бярэ — штоб у калгас! Усе адно — жыць няма як!

— Не трэба падаць духам! Зубрыч пакруціў галавою: трэба ж — такое малаверства! З бадзёрай, мудрай усмешачкай павялеў:— Вытрымка i вера! Не трэба да часу вешаць галаву, друг! Прыйдзе наша пара, вернецца ўсё! Яшчэ нямала ў прыдачу возьмеш! Калі толькі заслужыш, вядома!.. — дадаў Зубрыч зусім весела.

Яўхім не адказаў на яго весялосць. Хмурна глядзеў уніз на дарогу, гарбата ківаўся, быццам не чуў Зубрыча. Зубрыча гэта не збянтэжыла.

— Мы сваё зробім, — сказаў ён, зрабіўшы націск на "мы" i надаўшы гэтаму "мы" загадкавую значнасць. — Але поспех нашай работы будзе залежаць ад цябе, ад многіх іншых нашых паплечнікаў сярод народу… Трэба працаваць з намі. Трэба паказваць, якую бяду нясуць бальшавікі. Аднаму, другому скажы i — пойдзе па сялу. Пускаць чуткі, даваць парады — што рабіць з гаспадаркаю, напрыклад… Уздымаць паніку, нездавальненне… Падбіраць недавольных, злучаць ix у групкі. Каб у належны момант было абаперціся на каго. Узняць ix i павесці з сабой — у належны момант… — Зубрыч яшчэ гаварыў, дзелавіта, важна тлумачыў, але Яўхім амаль не слухаў яго.

Яўхім разумеў большае, чым Зубрыч гаварыў: ён разумеў, што нічога добрага не будзе, што спадзявацца няма на каго. Калі выехалі на разгалку дарог, ён перабіў Зубрычава настаўленне:

— Я тут пайду. — Яўхім саскочыў з вазка.

Зубрыч прыпыніў каня. Глянуў бадзёра, наказаў:

— Цярплівасць, вытрымка! І — вера! Вера, Яўхім!

Яўхім хмурна адвёў вочы. Не глядзеў, як схаваўся лёгкі вазок; адразу, як вазок крануўся, Яўхім стоена, павольна пасунуўся сваёй дарогай. Ужо адышоўшы далека, стаў, сярдзіта плюнуў: "Абяцаў яшчэ абшары зямлі! Чарвяк!.."

3

Зубрыч быў недавольны — i Яўхімам i сабою. Недавольнасць сабою была зноў жа звязана з Яўхімам: не здолеў пераканаць бязграматнага, недалёкага мужыка. Зубрыч тут жа цвяроза сам сабе запярэчыў: чаму — недалёкага? Бязграматнага — гэта правільна, але "недалёкім" называць яго нельга. Гэты няўклюдны, просталінейны звер калі не даходзіць да чагосьці галавою, то добра чуе здагадкаю. Інтуіцыяй, мужыцкім, звярыным нюхам. Нюх, як вядома з заалогіі, у ніжэйшых развіты не горш, чым у высокаарганізаваных. Нават лепей…

Пад шорхат колаў у пясчаных каляінах, ціха пакалыхваючыся разам з вазком, Зубрыч думаў. Пасля нядаўняй узбуджанасці, пасля нядобрага развітання на душы было неспакойна, думкі лезлі, чапляліся адна за адну, вярэдзілі. Ды ён i не гнаў ix: ад нядаўняй сустрэчы асталося i жаданне паразважаць, абдумаць бачанае, чутае; адказаць неяк на пачуцці, што ўзніклі пры спатканні. Ён пацягнуў за лейцы, прытрымаў каня, каб лепш было думаць.

"Быць недавольным яму, — думаў ён пра Яўхіма, — ёсць усе падставы. Калі бяруць за горла, мала хто ўмее быць радасны. І ці не натуральна, што асаблівая злосць на таго, хто мог бы памагчы, нават — павінен памагчы, — а не памагае. І не абяцае памагчы. Адкрыта, можна сказаць — цынічна, прызнаецца ў сваёй бяссільнасці. Так што рэакцыю, калі глядзець цвяроза, нельга не прызнаць зусім здаровай. І зусім натуральна, што гэтае нікчэмнае тлумачэннс: такая сітуацыя — не мог, — не задаволіла. Слабасці няма апраўдання. Слабасць заўсёды вінаватая. Таму, што яна не можа нічога… І ўсё ж, — разважліва падтрымаў сябе Зубрыч, — ён не схібіў, што цалкам адкрыў карты. Падабаецца ці не падабаецца, a пілюлю трэба было даць, хоць яна i горкая. У гэтым была неабходнасць. Прызнацца адкрыта трэба было хоць бы для таго, каб не ўзнікла падазрэння, што не памаглі проста таму, што не хацелі; ці — не вельмі хацелі".

Тут крытычныя развагі яго ад прывагнага выпадку перайшлі да разваг шырокіх аб становішчы яго ў цэлым; разваг, якія націскалі ўжо неаднойчы i вось рушылі зноў, звыклай ужо дарогай. Так, што тут скажаш іншае: становішча яго, мякка кажучы, мала зайздроснае. І бяда, вядома, не толькі ў тым, што даводзіцца сядзець тут, у гэтай яме, у правінцыі, сярод нікчэмных істот, якіх i людзьмі можна назваць толькі ўмоўна. Бяда не толькі ў тым, што ён, калі мераць меркай элементарных патрабаванняў цывілізаванага чалавека, фактычна марнее, гібее, як у выгнанні. Бяда ў тым, што гэтая ахвяра яго, павольнае гніенне ў гэтай яме, калі глянуць адкрыта, — бяссэнсавае… Што ён зрабіў, гніючы тут? Што ён — можа зрабіць? Ён, які гатоў быў да любой ахвяры для справы; не бяздарны, далека не звычайны па сваіх чалавечых якасцях, нават — калі не прыніжацца, калі аб’ектыўна ацаніць — выдатны дзеяч! Дзеяч з выдатнымі здольнасцямі! Што нават ён мог зрабіць, калі навокал такая нікчэмнасць, якая i ведаць не можа, што такое высокія ідэалы! Калі адны слепа служаць дзіцячай, мёртвай ідэі калгасаў, са скуры лезучы, імкнуцца толькі выслужыцца, пажывіцца, a друпя — рыюцца ў гразі, як свінні, і, як свінні, не бачаць далей свайго лыча… "Апора, гаспадарлівыя мужыкі! — гмыкнуў ён яхідна. — Бальшавікі на ўвесь свет аб’явілі, куды вядуць калясніцу. Калясніца ўжо вось-вось накоціцца, раздушыць i ix мужыцкія гнёзды, i ix саміх, як слізняў, а яны — рыюцца ў зямлі! Бачыць не хочуць далей лыча! "А можа — не раздушыць, можа, яна не важкая, не жалезная? Можа — міне? Калі не ўсіх, мяне аднаго!.. Кагосьці ж мінуць павінна!.." Слепата! Ідыёцкая, жывёльная слепата, якая раней губіла ўсё! І цяпер губіць, i будзе губіць! З якой немагчыма змагацца!