Выбрать главу

Да чаго ж моцны гэты жывёльны інстынкт самазберажэння! Вось i гэты — што пайшоў недавольны — патрабуе, суцзіць непахісна, нават — з пагардай; а сам — сядзіць у балотным зацішку, за балотамі, за лясамі, i аб адным толькі думае: каб перабыць, каб навала прайшла паўз яго! У калгас ужо гатоў, каб як уцалець! І гэта той, які здаваўся такім баявітым! На якога, здавалася, можна было надзейна спадзявацца!.. Не, не, — цвяроза стрымаў ён сябе, — гэты — баявіты. Трэба быць справядлівым! Каб такіх была сотня, можна было б упэўнена адчуваць сябе пры належнай сітуацыі. Можна было б адчуваць камандзірам становішча. Але такіх — адзінкі! Колькі ён сабраў за цэлыя гады такіх, на якіх ён можа ў належнай сітуацыі надзейна спадзявацца? Нават з той невялічкай кучкі, нейкіх паўтара дзесятка, якія больш прывязаны, ён не можа быць цапкам упэўнены, — што той ці другі не зашыецца ў кусты, не здрадзіць, пры першых жа стрэлах у адказ, пры першай небяспецы. Але калі дапусціць, што ўсе з гэтай жменькі — не падвядуць, што яны зробяць, пры ўсёй ix адвазе, сярод нікчэмнай, труслівай чарады паўчалавекаў, паўмалп? Што яны зробяць, — што зробіць у такой сітуацыі ён, з усімі яго здольнасцямі i энерпяй, — калі насупраць коціць цэлы ледніковы вал? Калі насупраць i бальшавіцкія абяцанні даверлівым, i пагрозы, i жалезныя краты — непаслухмяным? Няпростая сітуацыя, — i выходзіць, што нейкая нікчэмнасць, як Башлыкоў, Апейка, Харчаў, быццам — дужэй за яго. І ён павінен хіліцца перад імі, поўзаць, як шчаня, перад імі, лісліва круціць хвастом, сведчыць сваю любоў, адданасць ім, бальшавіцкай справе. Поўзаць i штохвіліны аглядвацца, як бы не заўважылі, што ён час ад часу выпускае зубы, точыць ix. Трывожыцца, як бы раптам не вылезла наверх старанна зацертае калісьці, засыпанае пылам гадоў…

Ён — гэта прызнаў бы ўсякі аб’ектыўны назіральнік — мае такія-сякія поспехі ў майстэрстве маскіроўкі. Потым — у лепшую пару, у якім-небудзь міністэрскім кабінеце — можна будзе, пасміхваючыся, расказваць, як ён убіўся ў давер’е нават высокапільнаму i прынцыповаму сакратару райкома таварышу Башлыкову. Можна каларытна расказаць, як страсна абараняў таварыша сакратара на партыйнай чыстцы; як гэта асабліва пікантна будзе — пільны i прынцыповы таварыш Башлыкоў сам аказаў высокае давер’е — прапанаваў, як адданаму савецкай уладзе грамадзяніну, паступіць у бальшавіцкую партыю!.. Прапанаваў,— не першы раз на чало загадчыка райза легла клопатнасць, якая нарадзілася з гэтай прапановы. Ён тады падзякаваў таварышу сакратару, сказаў, што быць партыйцам лічыць для сябе вялікім гонарам, абяцаў рыхтавацца. З таго дня, колькі ні думаў, не мог адолець назольную, супярэчлівую клопатнасць; i цяпер яна звыкла, нібы здзекліва, апанавала: i хацелася не страціць такую ўдачу, такую важную ўдачу, якая проста сама ішла ў рукі,— i разам хапала, цвяроза цягнула назад апаска: нагадвала, што ўлезці ў партыю — гэта не толькі ўшыцца ў кіруючую эліту, прыдбаць сабе новыя магчымасці,— але i пайсці самому на новыя чысткі, праверкі. Гэтае, апошняе, — проста сказаць, непатрэбная раскоша для чалавека з яго радаслоўнай, з прыхаванымі эсэраўскімі грахамі, якіх было даволі, каб у горшым варыянце зменлівай жыццёвай лініі стаць да сценкі перад бальшавіцкімі вінтоўкамі…

Той даўні недавучаны студэнцік, легкадумны, упэўнены ў сабе прапаршчык, даверлівы, саманадзейны керанец, потым верай i праўдай падпольны эсэраўскі дзеяч, што неразумна ўскочыў у безнадзейную авантуру, у паўстанне, якое не магло не праваліцца, — нібы знарок, як мог, папсаваў на будучыню сваю біяграфію. Добра, што хапіла яшчэ розуму ўлезці ў паўстанне з чужымі дакументамі, з чужым прозвішчам. Гэта шчасце, што пра бурную маладосць у цёплым стэпавым гарадку, адкуль выпраўляўся ў дарогу i куды пасылалі запытанні, правяраючы як савслужачага, нічога не ведалі пра найбольш цікавыя старонкі яго біяграфіі. Адтуль абмяжоўваліся весткамі пра род, пра бацькоў. Род, вядома, не з тых, якімі ганарацца цяпер, але i не з тых, якія закрываюць дарогі ў свет. Матка — настаўніца, бацька — скрыпач у аркестры мясцовага тэатра; няўдачнік, які марыў пра лаўры Глінкі, а ледзь ліпеў у бяздарным аркестры. Самае небяспечнае, вядома, тое, што няўдаламу эсэрыку захацелася потым расшукаць сваіх: порсткаму, поўнаму жыццёвых сіл i прагі дзейнасці, не сядзелася ў ратоўнай, але нуднай цішы. Сябры памаглі: перацягнулі з адной ямы ў другую, толькі што з пасадай, толькі што ў людным беларускім краі. Сяброў гэтых, якія ведаюць усё, небагата, адзінкі, але ж яны ўсё-ткі ёсць; двое нават ужо ў пакойчыках, вокны якіх аздабляюць жалезныя краты. І без таго ходзіш па жыццю, як той цыркач па дроце, так i глядзі, што сарвешся, паляціш цемем уніз. Разважная цвярозасць раіць: сядзі лепей i не рыпайся, а спакуса вярэдзіць: не прапускай, не траць такой удачы. Мала іншага клопату, дык яшчэ думай, ісці ці не ісці ў партыю! Думай, як быць з давер’ем пільнага, прынцыповага таварыша Башлыкова!.."