Выбрать главу

Дасціпная іронія прабегла, як павеў ветрыка. Пакалыхваючыся ў вазку, не заўважаючы, што лес ужо адступае i пачынаецца шэрае, ветранае поле, клопатна, зласліва думаў: нявесела жыць так, ходзячы, як цыркач па дроце. Ды яшчэ пад пільнымі позіркамі, кожны з якіх можа заўважыць тое, што загубіць, Хадзіць побач з гэтай лысай пенай Апейкам, які, здаецца, любы момант гатовы ўткнуць смяротныя кіпцюры. Такі акуратны, старанны перад гэтай пенай, а ён — хоць бы зірнуў калі-небудзь прыхільна. Увесь час такое адчуванне, як бы падазрае ў нечым ці — нават ведае… Глупства, бясспрэчна: не ведае нічога; каб ведаў — не маўчаў бы! A ўсё-ткі бярэ неспакойнае: а што, калi ведае ды сцеражэ, каб заспець на месцы, прыперці да сценкі?.. Зубрыч разважна супакоіў сябе, але спакою поўнага не было. І як мог прыйсці спакой, калі пры тым, што пена гэтая пакуль не ведае нічога, разумееш i ніяк не адкінеш: пена гэтая — самая небяспечная! Любы момант можа ўсадзіць кіпцюры!

Ад гэтай нянавісці так цешыць Зубрычава сэрца помслівая радасць: дасталося аднойчы i гадзюцы гэтай. Моцна ўпіліся ў таварыша старшыню райвыканкома, у самыя чулыя месцы, стрэлы, намочаныя едкім ядам, — якія ён, Зубрыч, у час кінуў. Прыцэл быў дакладны, усе факты — падобныя на праўду, ні аднаго не адкінеш, як выдумку. Запісачкі сталі матэрыяламі, аўтарытэтнымі, партыйнымі дакументамі. Атрымалі ўжо належную ацэнку і, можа быць, — яшчэ паслужаць. А мы можам — i дадаць да ix… "Вось гэта надзейна, — разважліва выводзіць загадчык райза, ціха пакалыхваючыся ў вазку, што паволі паўзе дарогай праз поле. — Тут i рызыкі ніякай i амаль поўная гарантыя, што будзе карысць. І псіхалагічна, i палітычна — бездакорны сродак у цяперашняй сітуацыі. Ён давядзе пачатае да канца, ён убачыць таварыша Апейку не такім ганарлівым, — абшчыпаным, кінутым з пагардай усімі, растаптаным. Ён не пашкадуе для гэтага ні часу, ні таленту. Ён зробіць гэта з радасцю: акрамя ўсяго іншага, ён помніць, што ад гэтага багата ў чым залежыць бяспека яго самога…

Падумаць толькі, у якім гадзючым гняздзе круціцца ён цэлыя гады. І ў які час. Штодня сустракаецца, здароваецца з Харчавым — гэтай грубай жывёлай, якую рэвалюцыя ўзняла на раённую вышыню. Гэтай гадзюкай, якая больш небяспечна не толькі за Башлыкова, a i за Апейку. Бязграматная, тупая жывёліна гэтая адным позіркам прымушае халаднець. Варта яму толькі аднаго факта, i можна развітвацца з жыццём. Ад гэтага літасці не будзе!..

І ў такім гадзючніку ён ходзіць, есць, спіць, жартуе нават! І яго яшчэ лаюць нейкія лясныя дзікуны; замест таго каб здзіўляцца, як ён можа дзейнічаць у гэтай яме, у гэтым нікчэмным сяле, дзе ўсё так відна адусюль, дзе ўсюды вочы ДПУ. Дзе засыпацца, як гілюнуць. Дзейнічае тады, калі амаль усе ніці з верхам парваны, тады, калi там бязвер’е i трусасць. Дзікун i ведаць не хоча, што ён вымушан быць асцярожны, вымушан — i нярэдка — устрымлівацца; што яму, калі на тое, можа быць i страшнавата. Што дзікуну да таго, што i табе цяжка жыць так бясконца; што i ў цябе нервы ёсць! І, нарэшце, — узяло Зубрыча кволае, — гады ўжо не тыя. Як ні старайся не паддавацца гадам i скрусе, няма ўжо той прапаршчыцкай лёгкасці! "Воленс-ноленс: старэю!.." — мінорна, філасофскі адзначыў ён.

За хвілінай расчуленасці думкамі завалодала энергічнае, дзелавое: "Трэба перабірацца ў большае месца. У Гомель ці хоць бы ў Мозыр". Не сядзець жа тут, пакуль не ўскочыш у харчаўскую пастку. У горадзе — у натоўпе, дзе снуюць тысячы самых розных, i гарадскіх, i прыезджых, — ты будзеш як іголка ў стозе сена. Не будзе таго нагляду, той рызыкі i скаванасці, разгарнуцца можна будзе. Ды i ўздыхнуць лягчэй, вальней пара б… Колькі гадоў ужо толькі ў ямах…