Выбрать главу

Зноў узяло мінорнае: ідуць год за годам, а ён усё ў ямах, усё гібее. І ўсё без прыкметнай прасветліны: тое, лепшае, якога даўно чакае, усё не ідзе. А час ідзе, годы Ідуць. Ідуць i бураць усе надзеі, нішчаць жыццё. Толькі i ўцехі, што вып’еш, задурманіш галаву, забудзеш усё. Адна "радасць". Жыць без гарэлкі не можна ўжо; без гарэлкі дзень — як пакута. Добра, што атруты гэтай, самагонкі,— у кожным сяле, i даюць ахвотна. Але так i закончаным алкаголікам стаць нядоўга, спіцца на нішто. A ці не можна сказаць, што ён ужо i співаецца?..

Не бачыў, як зняў шапку, схіліў галаву, здароваючыся, дзядзька, што ішоў сцежкаю паўз дарогу. У думкі, звыклае ўжо, але крыўднае, як бязлітасны суддзя, як кат, увайшло: не на тую стаўку паставіў порсткі, непрадбачлівы прапаршчык. Не на таго каня сеў. Хоць мог бы сесці i на таго: быў выбар у сваю пару. І меціў жа высока, а не скеміў, не хапіла ў галаве.

Не на таго сеў. І вось туляецца па ямах, рыецца ў гразі, ды яшчэ азіраецца, рызыкуе. Хоць мог бы хадзіць у сталіцах, красавацца ў вялікіх кабінетах, на віднейшых трыбунах, i кожнае яго слова лавілі б. І кожнае выступленне адзначалі б у газетах, выдрукоўвалі. Дзіру такую раённую наведваў бы раз у год, як бы рабіў гераічнае падарожжа. Сталічная кватэра з усімі выгодамi, імклівая машына, паслужлівая сакратарка… Як многа значыць, сесці на таго каня!

"Нічога, — запярэчыла ўпартае самалюбства. — Яшчэ не ўсё кончылася!" Невядома яшчэ, той гэта ці не той конь. Яго конь, можа, яшчэ чакае, калі падыдзе пара. Падыдзе пара, конь выскачыць, толькі, глядзі, спрытна сядзь на яго! Мацней толькі трымайся за грыву, узнясе на такую гару, якая толькі сніцца можа. Няпэўны вобраз мары адразу ж заспяшаліся падмацаваць доказы: мужыкі гудуць. Штодзень — гудуць больш. Крыўда i злосць збіраюцца, кіпяць усё больш нецярпліва. Збяруцца — выбухнуць з такою сілай, што на ўвесь свет загрыміць. Толькі каменне астанецца ад усяго, што будуюць цяпер. Няхай толькі давядуць да краю лютасці звера!.. І там, за дзяржаўнай граніцай, збіраецца, — няхай толькі здарыцца сітуацыя! Сітуацыя, якая, можа быць, ужо вельмі блізкая!..

"Цярплівасць, вытрымка i — вера!" — нагадаў сам сабе Зубрыч, адагнаў націск думак. Ён ужо ўязджаў у вуліцу сяла: трэба было станавіцца загадчыкам райза, упаўнаважаным па калгаснай справе.

4

Каля самай цагельні Міканор не ўтрываў, сышоў з дарогі, пайшоў полем. Пожня была брудна-шэрая i мокрая, у разорах i ямках на картаплянішчы там i тут цьмяна льснілася вада. Дзе-нідзе боты паслізгвалі на цвердаватай ужо i абмоклай зямлі. Імжыла халоднай, асенняй імжою, вецер нібы мазаў па твары i руках мокрай анучай. Стылы, у нізкай навісі цьмяных хмар, дзень нібы створаны быў для суму, для санлівасці, для марудных i невясёлых думак.

Але Міканору не было ні сумна, ні санліва, усяго яго поўніла нецярплівая, прагная да дзейнасці радасць. Толькі сёння нарэшце дакончыла вялікую працу сваю камісія, толькі от правёў ён каморніка, што ехаў назад з усім сваім інструментам, да грэблі, толькі от цяпер мог ён, Міканор, развітаўшыся з каморнікам, астаўшыся адзін, сам-насам пайсці на поле, сам-насам пабыць з полем, з вялікай радасцю, у якую i верылася i нібы, ад непрывыкласці, не верылася. От i цяпер, калі ўжо ўсё скончылася, калі ішоў сваім, калгасным полем, не мог звыкнуцца з думкаю, што гэта ўсё ўжо — не ў марах, a папраўдзе — не чыё-небудзь, а калгаснае поле.

У зношаных, разбітых ботах, у мокрай паддзёўцы, нязграбны, з пласкаватым, пакляваным тварам, на якім у белых брывах, на шчэцці барады трымаліся кропелькі вады, глядзеў ён на поле, абводзіў яго позіркам i цешыўся: недарэмна хадзіў, дабіваўся i ў сельсавеце, i ў раёне! Дабіўся! Думка пра гэта ўлівала ў яго радасць, гонар за перамогу сваю, за сябе. На вочы трапілася былая Васілёва палоска, згадаў, як ці вельмі даўно сутыкнуўся тут з Дзятлам Васілём, як той, калі папярэдзіў яго, што зямля адыдзе пад калгас, нахабна гаварыў з ім, са старшынёй калгаса, як здзекліва проста адштурхнуў, пайшоў араць далей. Варухнулася злое: яшчэ i тады, калі ўжо камісія ўзялася ўпарадкоўваць, хацеў павярнуць па-свойму! Гразіўся, што скардзіцца пойдзе, — няхай ідзе, няхай ходзіць, пакуль не надакучыць! "Няхай бачаць, чыя сіла! — падумаў, прыгадваючы, колькі яшчэ працівілася яму. — Няхай знаюць!.. А то, сколькі ні гавары, як не чуюць нічого!.. Няхай знаюць!.."

Ён глядзеў ужо на поле не як на звычайнае поле, а як на нейкую пазіцыю, адваяваную ў тых, хто несумленна захапіў яе, хто думаў утрымацца на дарозе.

"Пазіцыя, — думаў ён, цешачыся сваёй перамогай пановаму. — Пазіцыя i — вельмі важная пазіцыя, якая багата перамяніла ў становішчы абодвух бакоў! Якая многіх заставіць задумацца сур ёзно, што жыццё паварочвае на сто восемдзесят градусаў!.."