Калi ён стаяў у роздуме, на яго, выскачыўшы з блізкага пакоя, амаль наткнуўся жвавы, дзейны чалавек з папкаю. Ён хацеў быў ужо абмінуць Васіля, але спыніўся раптам, зірнуў уважна, запытаўся, каго ён чакае. Даведаўшыся, што Апейку, весела, зычліва сказаў: "А можа, я памагу?" Ён адчыніў дзверы i паказаў Васілю, каб заходзіў.
Толькі тут, у светлым пакоі, Васіль пазнаў добра, што чалавек з папкай — быў той, які калісьці праводзіў перадзел у Куранях, які разбараняў яго з Яўхімам. Васіль умомант згадаў, як чалавек гаварыў з ім, як гразіўся турмою i яшчэ немаведама чым. Васіль, насцеражыўшыся, хацеў адразу ж павярнуцца да дзвярэй, але чалавек апярэдзіў яго, ласкава запрасіў сесці. Васіль спыніўся, недаверліва зірнуў на яго, няўпэўнена сеў. "Што ж вас прывяло?" — весела, быццам i не помніў колішняй гразьбы, сказаў чалавек, сядаючы за столік насупраць. Светлыя, уважлівыя вочы быццам упіліся ў Васіля. Лагодна, абнадзейліва чакаў чалавек, пакуль Васіль, упяўшы вочы кудысьці ў падлогу, нядобра маўчаў. Доўга не мог загаварыць Васіль, i загаварыў важка, неахвотна, быццам пад прымусам, на допыце. Не верыў яго спачувальным: "Ага, так-так… Разумею… Натуральна…"
"Усё гэта па-чалавечы зразумела, — дзіўна мякка, нібы добразычліва загаварыў чалавек пасля допыту. — Зразумела i, можна сказаць, зусім натуральна… Зямля — самая дарагая істота селяніну. Самая жывая істота, душа яго… Яна — аснова, найпершая аснова сялянскага жыцця… І селянін мае права, вядома, лічыць яе законна сваёй… Правільна, натуральна… — Васіль глядзеў спадылба, ні зычлівы тон, ні самі развагі не супакойвалі, чакаў усё горшага. Слухаў так, быццам гэта была толькі подступка. І не памыліўся, тым жа спачувальным, добранькім голасам Зубрыч павёў зусім іншае: — Усё гэта натуральна. Але ёсць — кірунак, генеральная лінія на калгасы! Генеральная лінія, каб увесь аднаасобны сектар ліквідаваць, знішчыць. Сцерці з зямлі мужыка як аднаасобніка… Усё будзе рабіцца толькі для калектыўнай, сацыялістычнай гаспадаркі. І зямля ўся ім!.. Такая лінія… Так. От так…"
Васіль не ведаў, што сказаць. Не мог неяк спрачацца. Моўчкі ўстаў, не развітваючыся, выйшаў. Спустошаны нейкі, саступіў па лесвіцы, выйшаў на двор, пацягнуўся па дарозе на гару. Павольна, цяжка ўздымаўся, мокрая гліна ліпла на лапці, слізгала пад нагамі. Як усцёгся на гapy, стаў, аддыхваючыся. "Гаворыць шчэ як, — прайшло ў галаве. — Як спачувае. A напраўду — бы здзекуецца!.."
Маркотна павёў вачыма. Сеяла імжою, якой, здавалася, не будзе канца. За імжою не было відаць знаёмай далечы.
Імжа была нібы i ў душы. Імжа i абыякавасць. Не затульваючыся, нявесела пацёгся па дарозе.
Калі ён падыходзіў да цагельні, браліся поцемкі. Нядобра цямячы, Васіль звыкла збочыў з дарогі — зірнуць на сваю рунь. Яшчэ не дайшоўшы, разгледзеў, сумеўся: рунь чарнела нейкімі пачварнымі камякамі. Ён, устрывожаны, падбег i знянацку ўпаў на калені: рунь была паарана! Падрапана, парэзана, засыпана камлыгамі,— як бы знарок.
Ён азіраўся, не мог паверыць: разарана было ўсё. Усё было загублена. Усё было кончана…
5
Слотным, з халоднымі подыхамі днём у Хоневу хату ўвайшла смерць. Маці памерла блізка да змяркання, ціха, без слова; калі старэйшая сястрычка Верка, разгубленая, пазвала Хоню з гумна, ляжала матка на палацях, бы жывая, нібы толькі заснула; на твары свяцілася невядомая радасць.
З той жа незразумелай, спакойнай радасцю ляжала яна на лаўцы пад абразамі, у прыціхлай, без заўсёднага галасу хаце, у якую адзін за адным сунуліся куранёўцы, цікаўныя, уважлівыя, спалоханыя. Найчасцей яны неўзабаве сыходзілі, адны — проста спатоліўшы цікаўнасць, друпя — як бы выканаўшы неадменны, нялёгкі абавязак. Нямала было i такіх, што тоўпіліся, гаманілі ціха, народу ў хаце таўклося даволі: часу вольнага цяпер хапала. Сярод усіх толькі некалькі старых жанок. сябровак, якія помнілі матку такой жа рухавай i вясёлай, як Хоня, гаравалі шчыра, шапталіся жалліва, выціралі ражкамі хустак чырвоныя ад непрытворных слёз вочы.
Усім абрадам кіравала незвычайна ціхая, важная Сарока. Хоню не трэба было зваць яе, яна сама прыйшла яшчэ да таго, як Хоня падумаў пра новыя, неспадзяваныя клопаты; прыйшла, пачала хадзіць паволі, упэўнена, гаварыць з Хонем, як бы Богам самім прысланая. Прыгнечаны, прыціхлы, Хоня ні на момант не працівіўся гэтай няпрошанай апецы: паслухмяна рабіў усё, што яна раіла, што загадвала, сам ішоў раіцца з ёй. Амаль увесь час у хаце была Хадоська, якая першы раз прыбегла яшчэ пад вечар, глядзела на матку нема, — з жахам i вінаватасцю. Цяпер яна плакала час ад часу, памагала Сароцы, песціла, супакойвала дзяцей, што ціснуліся ці на палацях, ці на печы; у хісткім водсвіце лучыны памагла Сароцы прыгатаваць вячэру, накарміла малых.