Выбрать главу

На другі дзень Хоневу матку вынеслі з хаты, пад мокры снег, што сыпаў на мокрую, хлюпкую зямлю. Снег лажыўся матцы на белы, касцяны твар, на тонкія рукі i не раставаў, а яна ляжала ў сасновай труне i як бы радавалася — ці то снегу i беламу небу, ці то таму, што от вызваліла сына ад клопату. Жанкі галасілі: то — голасна, то сіпла вылі; Хоня ішоў, хлюпаючы лапцямі ў гразі, перамешанай са снегам, i ўвесь час паблізу бачыў, чуў вінаватую Хадоську, якая амаль няўціхна галасіла.

Калі дайшлі да могілак, снегу было ўжо багата i на матчыным твары, на адзежы. Сарока асцярожна сцерла яго з твару, вялела Хоню i меншым развітвацца. Хоня апошні раз прытуліўся да роднага твару, зноў пачуў, які ён халодны; на холадзе гэта не ўразіла так, як там у хаце; было ў гэтым нават нешта нібы жывое: нібы нахаладала на мокрай стыласці. Сарока за руку падвяла да маткі самых малых, Косціка i Вольку, якія паслухмяна прылажыліся да матчынага твару. Хоня адзначыў той момант, калі паклалі на труну века, прыкрылі разам з маткай i некалькі падляцелых сняжынак, — адзначыў з дзіўнай пустатой у сабе i спакоем. Калі труну сталі спускаць у яму, жанкі загаласілі, залямантавалі галасней, з адчаем, ён рантам пачуў роспачны, горкі лямант Хадоські: "Цётачко, цётачко! Век ужэ не пагавару з вамі! Не прыйшла, як казалі! А цяпер ужэ не пагавару! Не пачую ніколі, не пабачу!.. Не абіжайцеся, цётачко!.."

Калі над матчынай магілай абраўнялі горку зямлі з новым дубовым крыжам, калі пачалі разыходзіцца, Сарока з мінай пакорлівасці, паслухмянасці лёсу, з якой яна рабіла ўсё ў гэты дзень, узяла Хоню за локаць, сумна, нібы стомлена сказала, што трэба ісці дадому; ён ступіў быў некалькі крокаў, стаў, азірнуўся, — адчуў, што чагосьці не хапае.

— Дзе — Хадося? — успомніў ён.

Сарока павяла вачыма, потым моўчкі i сумна кіўнула на сярэдзіну могілак. Ён заўважыў за голым, прыцярушаным веццем знаёмую постаць у цёмным каптане, пайшоў да яе.

Хадоська была з Ганнай, перад магілкай з малым, толькі пасівелым крыжам, Хоня здагадаўся: тут пахавана Ганніна малая. Хадоська, якая стаяла спіной да Хоні, прытуліўшыся да Ганны, штосьці гаварыла.

— Злая була я. Паганая. Божачко, якая паганая!.. — Плечы Хадоські задрыжалі, галава яе ўпала на Ганніна плячо. — Даруй мне, Ганначко!

— Няма ў мяне зла на цябе. І не було, — стрымана сказала Ганна, не зводзячы вачэй з магілкі малой.

— Даруй, Ганулько! Бога я ўжэ прасіла! Цяпер цябе прашу: не таі зла! Даруй!..

— От найшла пра што!

— Даруй, Ганначко!

— Ну, дарую! Штоб ты не думала…

Хадоська не дала дагаварыць, парывіста абхапіла Ганну за шыю, пацалавала.

— Ганначко ты мая! Любіла я цябе i любіць буду зноў! Век буду! — паклялася аддана.

Хоня азваўся нарэшце:

— Людзі пайшлі памянуць нябожчыцу. Mo i вы зайшлі б.

Хадоська выцерла слёзы, з ласкай i просьбай зірнула на Ганну:

— Хадзем памянём.

Ганна адарвала позірк ад магілкі. Кіўнула стрымана, пайшла першая.

Да самых хат ішлі моўчкі. Задуменныя, паглыбленыя ў сябе. Ужо калі ступілі ў вулічную гразь, калі пайшлі паўз аблепленыя снегам платы, хаты, Ганна стала, клапотна зірнула на абаіх.

— Пажаніліся б вы, — сказала раптам. — Добрая пара будзе.

— Да я хіба проціў,— проста адказаў Хоня. — Я даўно гаварыў ёй. Дак — цягне невядома чаго. Бацько баіцца. Бацько не хоча.

— От найшлі час! — папракнула Хадоська. Абветраны роцік быў строга сціснуты, вочы глядзелі кудысьці далека, цвёрда.

— А чаму не час. — Як глыбокае, выпакутаванае, Ганна сказала ціха, спакойна: — Жывым пра жывое думаць.

— Матка-нябожчыца сама хацела, кеб пажаніліся, — адгукнуўся Хоня.

На памінках булькала самагонка з пляшак у карцы i чаркі; усе, хто прыйшоў, пілі i елі ў ахвоту; чым больш пілі i елі, тым болей голасна гаманілі, шумелі. Старыя дзядзькі i жанкі ўспаміналі, яка я яна была порсткая ды вясёлая, Хонева матка, ззамаладу; якая спрытная ды жылаватая ў працы. Бывала, як выйдуць у поле з сярпамі, ніхто не перагоніць: з ранішняга цямна да вячэрняга магла не выпускаць сярпа, не разгінацца. І ў кампаніі не зломак была: i паспяваць, i паскакаць, i пасмяяцца — на ўсё спраўная была. І як Хонеў бацька памёр, не апала духам з такою араваю на руках, шчыравала весела, пакуль не ўвалілася ў тую сцюдзёную ваду на балоце, не застудзілася так, што скора i ўстаць не магла. І Хоню хвалілі: таксама малайчына, у матку ўдаўся, не сагнуўся ў бядзе; глядзеў старую — кожны сын няхай бы так глядзеў. Хто-ніхто раіў Хоню абзаводзіцца гаспадыняй, ківаў на Хадоську, але Хоня ўсё зводзіў гаворку на іншае.