Маўкліва сядзелі, можа, толькі адны Хадоська i Ганна. Хоня падліваў ім, папракаў, што п ч юць мала. Ганна трохі піла, а Хадоська толькі прыгублівала чарку; абедзве сядзелі задуменныя, строгія. У Хадоські час ад часу жалліва моргалі вочы, гатова была, здавалася, заплакаць, але яна стрымлівалася. Больш за ўсіх шумела цяпер, мусіць, Сарока: сп’янелая, хадзіла яна вакол стала, падавала яду, падлівала гарэлку ўжо без якойнебудзь паважнасці, гаварыла амаль безупынку, голасна i складна: "Штоб ёй, нябожчыцы, легко було на том свеце, штоб жылі i радуваліся дзеці! Кеб у нашаго Хоні жызня буда ў багацці i ў звоні!.." У бязладны, п’яны гоман уплятаў сіплы галасок стары Глушак, таксама асалавелы, гаманлівы. Сарока ўсё падлівала i падлівала яму i растарэквала найбольш з ім, відаць, яна i запрасіла старога; хоць магло быць i так, што Глушак прыйшоў i сам. Хоня стараўся не глядзець на яго: ніхто не мог прагнаць таго, хто прыйшоў на памінкі,— не было ні ў каго такога права. Тым больш што Глушак таксама хваліў матку, i Хоню хваліў.
Ганна пайшла сярод першых, а Хадоська засталася, перачакала ўсіх. У пацішэлай, спусцелай хаце разам з Сарокай прыбрала посуд са сталоў, падмяла хату, ласкавым словам суцешыла малых. Калі надзела каптан, каб ісці дамоў, Хоня таксама накінуў світу на плечы. Выйшаў услед у мокрую цемру двара. Каля варот узяў за непаслухмяныя рукі, затрымаў.
— Дзеці як — да цябе. Як да сваёй. — Хацеў прытуліць, але яна лагодна i цвёрда ўперлася рукою. Ён не стаў дабівацца. Памаўчаў, ціха запытаўся: — Можа, усё-такі надумаешся?
— От найшоў калі.
— Матка ж сама хацела. — Яна не пярэчыла. Хоня зноў узяў яе за рукі.— Ганна ето праўду казала. Жывым…
— Не кажы!
Яна адабрала рукі i хутка, рашуча пайшла ў цемру.
Праз дзень, у самы сняданак, у Хоневу хату ўварваўся Нібыта- Ігнат. Дзеці завіхаліся за сталом вакол паліванай місы з крупнікам.
Хоня зычліва пазваў Хадосьчынага бацьку, пільна i насцярожана прыглядваючыся. Той, не пазіраючы на Хоню, штосьці нелагодна буркнуў, кінуў па хаце неспакойным, злым позіркам, сеў на лаўку. Нядоўга ўседзеў, ускочыў, ступіў да Хоні. Момант не мог гаварыць.
— Т-ты чаго ж ето — круціш голаву дзіцяці?
Хоня палажыў лыжку, таксама ўстаў.
— У яе — свая галава.
— Бач, нібыто — разумны які! Падабраўся к дзеўцы да й дурыць ёй голаву!
— Я не дуру, дзядзько. Я ужэ казаў, што я — сур’ёзно.
— Не дам! — закрычаў Ігнат. — Штоб i не думаў! Штоб з галавы выкінуў! Не будзе етаго!
— Ето, дзядзько, не ад аднаго вас залежыць.
— Няхай толькі папробуе! Як не паслухаецца, пойдзе сама — голую, нібыто, — путчу! Голую! Анучы ў прыданае не дам! Дулю!
— Я, дзядзько, не вельмі гараваць буду па ім! Мне, дзядзько, не дабро ваша трэба!
— Не дабро! — не верыў Ігнат.
— Абыдуся! Мне — Хадоську аддайце!
— Дулю! От!
Нібыта-Ігнат вузлаватымі пальцамі зларадна скруціў дулю, тыцнуў Хоню.
— От што табе! От!
Хоня раптам засмяяўся. Ігнат, ашалелы ад такога нахабства, разгубіўся. Нейкі час злосна тупаў, пляваўся, лаяўся; чым больш ён злаваў, тым больш чамусьці весялеў Хонеў твар.
— Дулю! — крыкнуў Ігнат, раз’ятраны дарэшты яго весялосцю. Ён грымнуў дзвярыма так, што на стале падскочыла міска.
Ледзь сціхлі за ганкам гнеўныя крокі, Хоню ўзяло шкадаванне, што гаварыў так задзірыста: ні на што было яму цяпер гэта — злаваць Хадосьчынага бацьку! Канешне, ён, Хоня, незнарок гэта, але ж можна было i пацярпець трохі, паддобрыцца, для сваёй i Хадосьчынай карысці. Дык не ж, сам палез на ражон! Хоня затрывожыўся: цяпер бацька яшчэ больш уз’есца на Хадоську, i што будзе, калі Хадоська паддасца! Чым далей, тым трывожней станавілася Хоню; увесь дзень ён з хаты, з хлява, з павеці выглядваў, хацеў убачыць постаць у каптанчыку; Хадоські ўсё не было. Хоня знарок рабіў у хаце, на двары, каб раптам не прапусціць яе; да ўсяго — можа ж быць i такое, што яна не захоча заходзіць у хату.
Некалькі разоў ён выходзіў за вароты, на вуліцу, глядзеў, ці не ідзе. Яе не было. Сярод дня Хоня не вытрымаў: падаўся да Хадосьчынай хаты. Ледзь падышоў, з хаты, быццам знарок, вылез бацька. Хоня знянацку вінавата i прымірэнча прывітаўся, але той толькі гнеўна зіркнуў: палічыў як бы за насмешку, — адразу ж адвярнуўся, з вядром у руцэ пакіраваў сваёй дарогай, да хлява. Пад вечар Хоня зноў падступіў да Хадосьчынай хаты. Убачыў за акном Хадоську, узрадаваўся: такая ўдача! — знакамі папрасіў, каб выйшла. Яна не ўзрадавалася, нават недавольна падціснула губы. Адвяла невясёлыя вочы, цвёрда пакруціла галавой: каб не чакаў. Адвярнулася.