Выбрать главу

Яна прыйшла на наступны дзень сама. Хоня, узрадаваны, кінуўся насустрач, адчыніў дзверы, не ведаў, дзе пасадзіць. Папрасіў, каб распранулася; яна пакруціла галавой, — не стала распранацца, не села. Лагодна пагладзіла па галаве Вольку, што злезла з печы, як кацяня, прытулілася да яе.

З Хонем была строгая, сур’ёзная. Ён не хацеў зважаць на гэта; упэўнены, што ўраз адгоніць яе сум, ласкава ўзяў за рукі. Яна нахмурылася, адабрала рукі.

— Не трэба…

— Чаго ты такая?

Адвяла вочы. Таіла нешта.

— Чаго?!

Падумала. Не гледзячы на яго, сказала:

— Бацько не хоча. "Не" i "не" — усё адно.

— Дак што, як не хоча. Не з ім жыць.

— Прыданае, кажа, не дасць.

— Няхай не дае. Сваё нажывём.

— Благаславення не дае.

— Дасць. Не цяпер, дак патом.

Зірнула строга, цвёрда; было відаць: зараз важнае скажа.

— Толькі,— вочы патрабавалі, як неадменнага, — штоб па-людску. У царкве.

Ён узрадаваўся: перш за ўсё ўхапіў галоўнае: згодна! Хацеў абняць, але яна ўперлася рукою, не падпусціла.

— Па-людску ўсё будзе, па-людску. — Хітравата перайначыў: — Ці ў царкве, ці — у сельсавеце…

— У царкве, — перапыніла яна. — І штоб — са свяшчэннікам.

— Можна було б i ў царкве. І — са свяшчэннікам… — Хоня, паказваючы, што ён гатовы на ўсё дзеля яе, як бы прасіў, каб яна таксама лічылася з ім. — Толькі ж — не можно мне. Не дазволено. Я ж — камсамолец.

Да яе нібы не дайшло.

— Усё адно, — прамовіла ціха. — Штоб — у царкве!

— Не можно мне! Разумееш?

Яна не глянула на яго. Хоня ўбачыў: ніякай літасці ў гэтым не даб’ецца ў яе.

— Тады не будзе нічого.

Яна момант пачакала, потым паправіла хустку, сабралася ісці. Гэта падагнала яго; з адчаем, амаль весела ён кінуўся ў вір:

— Ну, няхай! Ca свяшчэннікам дак — са свяшчэннікам!

Яна стрымана кіўнула галавой. Момант памаўчала, не пазіраючы на яго, павялела:

— І з калгаса штоб — выпісаўся!

— От шчэ што!.. — Хоня нібы не паверыў, угледзеўся ў яе: яшчэ што ўдумае яна! Як бы знарок прыдумвае, каб пасварыцца, каб разысціся! Мала ёй царквы ды папа, дак яшчэ i гэта — калгас ёй не дае жыць!

Хоня нецярпліва ссунуў шапку на лоб, з прыкрасцю ўздыхнуў.

— Што табе — калгас? Свет зазасціў?

— Кеб выпісаўся! — загадала яна.

Хоня, стрымліваючы прыкрасць, стаў угаворваць: калгас — то ўся надзея ix, шчасце ўсё: маладым, здаровым, ім радасць адна — рабіць, жыць у дружнай грамадзе. Ды i то павінна б ведаць, ён у калгасе — адзін з першых, з Міканорам разам ладзіў,— не можа ж ён кінуць усё, здрадзіць, лічы. Горача, ад душы даводзіў; але Хадоська разумець нічога не хацела.

— Штоб выпісаўся, — ціха, строга паўтарыла. — І — кеб забраў усе назад.

— Дак не аддадуць цяпер, — паспрабаваў ён зайсці з другога боку.

— Скажы, штоб адцалі.

— Aгe, скажы! Паслухаюць!

— Дак сам вазьмі.

— У цюрму пасадзяць.

— Не пасадзяць. За сваё.

Так i выйшла з хаты, не паступіўшыся ні ў чым. Колькі ні ўгаворваў, ні адной сваёй умовы не змяніла. Хоня з ганка задуменна i клапотна сачыў, як яна акуратна зачыняе веснічкі, як у чаравічках ідзе вуліцаю, пільна гледзячы на гразкую, слізкую сцежку.

Неўзабаве неспадзявана прыйшла яе маці: охала, божкала, спачувала — пахавалі без пары нябожчыцу, палажылі ў сырую зямлю. Хоня перахапіў яе позірк: аглядвала не проста цікаўна, не як чужое, a ўважліва, па-гаспадарску. Агледзела i шырокую, урослую ў зямлю печ, i палаці, на якіх сядзеў, не зводзіў з яе воч мурзаты Косцік; i стол, i вядро, i начоўкі ў кутку. Дастала гасцінец з кішэні, белую булачку, дала Косціку i Вольцы, што не хацела ніяк злазіць з печкі. Паспачувала: сіроткі бедныя.

Хоня пашкадаваў, што не засталося гарэлкі, хацеў збегаць да суседзяў, дастаць, але яна спыніла: Fie трэба. Момант глядзела на яго нейкім аеаблівым, цёплым позіркам: "як на свайго", — нібы хацела пабачыць, як з ім будзе яе Хадосьцы. Хоня глядзеў адкрыта, прыхільна: чуў у Ігнацісе саюзніцу сваю. Падабалася яму i тое, што яны такія падобныя з выгляду: i шчокі, i вочы, i раток — усё перадала дачцэ сваё. І постаццю аднолькава малыя, дужыя, i гавораць падобна. Толькі характар у маткі мякчэй нібы; ну ды i Хадоська з часам, быць не можа, каб не змянілася!..

Матка, зусім як Хадоська, павяла брывом, пазіраючы кудысьці ўбок спакойна — быццам так сабе, сярод усяго — пацікавілася: пра што гаварылі з Хадоськай, — надта ж сур’ёзная прыйшла дадому.