Выбрать главу

— Асцярожна будзь з ею, — параіла, паслухаўшы. — Не кажы грубаго нічога. Па-добраму абыходзься. Яна — чуткая вельмі. Ты шчэ не сказаў нічога, толькі падумаў, а яна ўжэ пачула. Таму яна такая i строгая век, што ўсё чуе. Што чуткая. Мякко будзь з ею. Патом можаш усе павярнуць па-свойму, але зразу — не пярэч! Паддавайся нібыто. У старога, мабуць, характарам пайшла. Той таксамо век трэбуваў: штоб усё, як ён хоча. Я, бувало, не пярэчу, а патом усе па-свойму зраблю… А што — пра цэркву яна, i штоб свяшчэннік буў, то ето, канешне, трэба. І з калгасу выпішыся: хто там знае, што шчэ з етым калгасам будзе. Пажывём, пабачым. Добра будзе, дак i вярнуцца ніколі не позно. Можа, шчэ вернецеся. Можа, шчэ ўсе там, i праўда, будзем… І старога не злі,— загадала матка. — Не чапай попусту! І — не бойся вельмі, што грозіцца! Прывыкне, прымірыцца. Астыне!.. — Шчыра, сумна пахітала галавою: — Круты, ой, круты! Нацярпелася я сколькі!.. — Тут жа супакоіла Хоню: — Але ты — не бойся! Астыне! Толькі ты — падобраму, па-добраму!..

Зноў паспачувала: няма нябожчыцы, ляжыць у сырой зямлі,— стала збірацца дадому.

Увечары Хоня выбраўся да Міканора. Ідучы вуліцай, абапал якой ужо чырванелі агні ў вокнах, прыглядваючыся да цемнаватай ужо сцежкі паўз плот, гадаў, як Міканор прыме навіну. Адтаго, што ведаў Міканора ўсяго, да драбніц, не чакаў нічога добрага; ведаў, што гаворка будзе i непрыемнаю, i нялёгкаю, але цешыў сябе: растлумачу ўсё, як мае быць. "Няхай знае ўсё. Можа, i зразумее. Павінен зразумець…"

Міканора ў хаце не было. Знайшоў яго на гумнішчы Хведара; кончыўшы малаціць, мужчыны, накінуўшы світы на плечы, гаманілі. Міканор сказаў, што трэба паставіць на праўленні, дзе будаваць калгасны двор; пара кончыць непарадак: калгаснае дабро раскидана па ўсім сяле. Андрэй Руды згаджаўся: пара, калгас таму i завецца калгасам, што ўсё у адным масіве; Хведар пярэчыў: трэба найперш з тым, што не можа чакаць, управіцца…

Хоня маўчаў. Яму здавалася: пасля таго, што ён надумаўся, ён i права ніякага не мае ўмешвацца ў калгаснае. Моўчкі ішоў ён i з Міканорам. Ужо як ішлі Міканоравым агародам к двару, рашыў гаварыць тут: без сведак. У хаце — Міканорава матка, бацька; не пагаворыш адзін на адзін…

— Пастой, — папрасіў.— Пагаварыць хочу. — Міканор стаў, але Хоня момант не мог гаварыць. Адчайна, знарок бесклапотна аб’явіў: — От, жанюся!

— З Хадоськаю? — нібы насцеражыўся Міканор.

— З Хадоськаю. Месяц перабуду, а тады… Не будзе ў Куранях шчэ аднаго халасцяка!..

— Што ж, ад етаго зла мало хто ўберажэцца! — Міканор нібы таксама жартаваў, але стрымана, клопатна. — Дзело жывое. Да й камандзіра трэба ў хату! Не сакрэт…

— Трэба!

— А як яна? — зноў пачуў Хоня пільную ўвагу.

— Ды што яна! Згодна! — Раптам кінуўся ў вір. — Да от толькі — трэбуе, штоб — у царкве. І з папом.

— Я падумаў, што патрэбуе чаго-небудзь, — нібы пахваліўся сваёй здагадлівасцю Міканор. Падумаў, параіў: — Калі ўжэ ето так канешне: што Хадося, дак ты патрэбуй — штоб усё — па-твойму.

— Я пробуваў…

— Толькі так. А не — дак скажы: вот табе — хамут i дуга. Толькі так. Калі ўжэ так прысох да яе.

— Пробуваў Дак нічого не выйшло ў мяне… — Хоня як бы паскардзіўся, шчыра, вінавата. — Здаецца, брат, такая мяккая. Чуць якое гора ў каго — у слёзы. А як што сама скажа, дак усё кеб точно — як яна хоча. Штоб усё на яе. І слухаць нічого іншаго не хоча! Усё, штоб як яна грэбуе. А не — дак зразу паварочвае аглоблі!.. От, брат, шчасце на маю голаву!..

— Дак ты што ж — рашыў, як яна хоча! — не мог паверыць Міканор.

— А што ж зробіш!

— Да ты што! Ты даеш адчот — што ето будзе! Камсамолец — у цэркве, з папом! Ето ж — дзёгаць на увесь сельсавет, на ўсіх камсамольцаў! Ты можаш падумаць, які вывад зробіць народ з усяго!

— Думаць я думаў, да што — зробіш!.. — З адчаем, з рашучасцю: няхай усё адразу, прызнаўся: — Тут шчэ от задача! З калгаса трэба будзе выйсці!

Міканор — у цемры было чутна — засоп важка, гнеўна. Гнеў не даваў яму гаварыць.

— Шчэ што яна захоча! — сказаў едка. Цвёрда, нібы загадваючы, заявіў: — Ето, брат, не сакрэт, зразу ж трэба абсекці! Зразу ўсе цэпі. А то абкруціць, зацісне па руках i нагах, што варухнуцца не зможаш! Загубіць у кулацкім сваім кубле! Зразу ж — абсякай, па-камсамольскі, па-бальшавіцкі! Раз — i ўсё гатова! Ето — адзін выхад!

— Дак не магу…

— Як ето не можаш! Павінно — штоб мог! Ето здаецца — што не можаш! Набярыся духу i — адным махам, секані! І ўсе кончано будзе зразу!.. Вазьмі сабе ў голаву: кулачка яна форменная!..