Выбрать главу

Хоня запярэчыў:

— Ты ето — не ўзводзь на чалавека за нішто! Яна такая ж кулачка, як я!

— Кулачка па ўсёй форме. У бацьку пайшла. Ігнат — той кулак на ўсе сто працэнтаў. Не важно, што па гаспадарцы ў серадняках лічыцца. Што не багаты. Па нутру — кулак. Разгаворы аб калгасах такія разводзіць, што i багацей не ўсякі гаворыць. І яна — кулачка па нутру. Уся ў бацьку!

— За нішто ты ето на яе, Міканор! От ён — бацько яе — аж кіпіць, штоб не йшла за мяне! А яна: пайду — кажа! Проціў яго ідзе! От што! А ты — узводзіш на яе!..

— Ето так толькі паказуюць!.. Абсякай, раю табе, — покуль не позно! Абсякай цэпі! Не давай, штоб абкруцілі! — Міканор раптам змяніў тон, загаварыў мякка, нават нібы з усмешкай: — Етаго цвету хопіць, — не бойся! Знайдзем другую, не горшую! І з нашым духам! У сельсавеце распішам, з музыкай! Па ўсёй камсамольскай форме!

— Не магу, брат! Думаў я ўжэ пра ўсё. І парваць усё сабіраўся, — дак не магу! Люблю, брат, так яе, што жыць, здаецца, не рад адзін!.. Нішто мне ўсё — як без яе… Яна, хітрая, мабуць, чуе сілу i ўсё трэбуе пасвойму!..

— Я цябе, Хартон, — загаварыў Міканор ужо інакш, без знаку якой-небудзь таварыскай паблажлівасці,— папярэджую, як таварыш i як парціец.

У яго голасе Хоню пачулася прытоеная, неабыякая пагроза. Але Хоню ўжо нічога не магло стрымаць.

— Не магу я! — сказаў шчыра i рашуча. — Люблю, кажу! — Падумаў, што Міканор разумець нічога не хоча, але страх не сціх. Няхай хоць што, ён выкажацца да канца; усё выкладзе! — Люблю!.. А што яна — кулачка, то ты — не ўзводзь дарэмно! Я ето не горш знаю — хто яна! Дзеўка яна — харошая! І з твару, i нутром, я ето знаю! Нутром, можа, шчэ лепей!.. Толькі адно пагано — што цёмная! Ето — праўда, цёмная! Але ето бяда не канешная. Прасвятліць можно! Я, пабачыш, прасвятлю яе! Не ўсе зразу!.. Думаеш, чаму я шчэ паддаюся цяпер? Я наўперад гляджу!.. Я, дай час, i бязбожніцай шчэ зраблю! І ў калгас прывяду! Дай час!

— Я цябе папярэдзіў, Хартон! — адно сказаў Міканор.

Ён першы пайшоў, паказваючы, што гаварыць больш няма чаго. Хоня пайшоў услед, няпэўна ступаючы ўпоцемку па незнаёмай разоры. З маркотаю падумаў, што Міканор нейкі чэрствы стаў. "Саўсім не тое, што некалі…"

Калі пералезлі цераз плот на двор, Міканор стаў зноў.

— Як не перадумаеш, паставім пытанне на ячэйцы, — прамовіў з пагрозай. — Не сакрэт — вытурым з камсамола!

— Ето ваша дзело, — Хоня сказаў раптам спакойна, нават нібы — абыякава.

— Унь, як ты!.. — абурыўся Міканор.

— Так, як i ты!

Разыходзячыся каля хаты, упершыню не падалі адзін аднаму рукі.

Раздзел пяты

1

Сесія пачыналася ўвечары. Днём было вольнага часу: зранку Апейка пайшоў з Анісяй у краязнаўчы музей; рад быў удвайне: i таму, што бачыў, якімі вачыма глядзела Аніся i на даўняе, знаёмае, i на макеты новых, нябачаных вёсак, i таму, што i самому, хоць бачыў не першы раз, было ўсё цікавым. Да абеду пахадзіў Апейка яшчэ па магазінах; здагадваючыся, што часу вольнага можа не быць потым, купіў, што знайшлося патрэбнага, жонцы, дзецям.

У клуб прыйшлі за гадзіну да пачатку сесіі. Ужо ў раздзявалцы трапілі ў клопатны тлум, ціснуліся, гаманілі ў чарзе світ, паліто, кажухоў. Полацкі старшыня, які прыліп да жанок яшчэ ў рэстаране, пры абедзе, цяпер удаваў бывалага чалавека, памагаў жанкам здымаць паліто, перадаваў гардэробшчыцы, даваў жанкам бляшаныя нумары. Потым жанкі прысталі да гуртка іншых жанчын, што прычэсваліся, прыбіраліся перад вялікім, на паўсцяны, люстрам; праўда, i Аніся, i яе спадарожніца ўзіраліся не зусім упэўнена, нават з сарамлівасцю. Было падобна, глядзелі найбольш таму, што не хацелі, каб пра ix падумалі, нібы яны не ведаюць, як трэба паводзіць сябе сярод культурных людзей…

Зноў жа ў чародках стаялі каля столікаў, дзе рэгістравалі дэлегатаў i гасцей; акругі былі розныя, i розныя былі столікі. Справіўшы гэты важны абавязак, нарэшце, уліліся ў чародкі, якія паволі, з гулам-гоманам рушылі дзвюма шырокімі, стрэчнымі плынямі, чапляючыся за групкі пры сценах, абцякаючы тых, хто стаяў пасярэдзіне.

У Апейкі было такое адчуванне, нібы ён усё глыбей заходзіў у ваду: нейкая сабранасць i разам — радасная лёгкасць, уздымнасць; адзін мах рукі, другі, i вось — плыве, прастора, шырыня рачная. Ішоў, плыў сярод гоману, сярод бясконцай разнастайнасці галасоў, разнастайнасці абліччаў, часам знаёмых, найбольш незнаемых. Ішлі чыста паголеныя, ішлі зарослыя бародамі, у мятых картовых пінжачках, у строгіх суконных фрэнчах, у вайсковых гімнасцёрках, жанчыны з гарадскімі прычоскамі i ў вясковых хустках; ішлі сяляне, калгаснікі, старшыні калгасаў i выканкомаў, партыйныя работнікі — дзеці са ўсёй вольнай беларускай зямлі,— гаманілі, смяяліся тут, у святочным вестыбюлі клуба імя Карла Маркса, у якім збіраліся самыя важныя сходы таго часу У адной даволі вялікай групе Апейка пабачыў цесна, цікаўна акружанага Чарвякова, — людзі, найбольш, было відаць, вясковыя, штосьці пыталіся ў старшыні ЦВК, услухоўваліся, пераказвалі адзін аднаму…