Усе гэтыя дасягненні мы маем, — пастражэў басок, — нягледзячы на тое, што нам прыходзіцца праводзіць усе нашы мерапрыемствы ва ўмовах безупыннай барацьбы супроць сацыялістычнага будаўніцтва з боку капіталістычных элементаў горада i вёскі. Чым больш рашуча разгортваецца сацыялістычнае будаўніцтва, тым з большай бязлітаснасцю вядуць барацьбу за сваё захаванне, за сваё ўзмацненне — капіталістычныя элементы горада i вёскі. Гэтая барацьба адбываецца шляхам непасрэднага выступлення кулацкіх i нэпманскіх контррэвалюцыйных элементаў супроць мерапрыемстваў савецкай улады i Кампартыі. Гэтая барацьба выліваецца ў форму прасякнення ў нашыя апараты, разлажэння ix i падпарадкавання сваім уплывам… У Савецкай Беларусі барацьба кап італ i стычных элементаў супроць сацыялістычнага будаўніцтва атрымоўвае асаблівую форму ў якасці нацыяналізму i асабліва ў якасці праяўлення беларускага нацыянал-дэмакратызму… Вельмі часта здараецца так, што камуністы падпадаюць пад уплывы нацыянал-дэмакратычных элементаў i ператвараюцца ў рупар, праз які нацыянал-дэмакратычныя элементы… праводзяць свае ўплывы…
Апейку пры апошніх словах мімаволі прыгадалася, што на адным ca сходаў Чарвякова самога хтосьці вінаваціў у патуранні нацдэмам, такім, як Гартны, у нібы нацдэмаўскім тлумачэнні некаторых з’яў мінулага; Іван Анісімавіч у цвёрдым тоне чарвякоўскіх слоў пачуў заяву, што ніякіх ваганняў у адносінах да гэтай поскудзі ён не дапусціць. Цяпер Чарвякоў быў нібы не падобны на таго далікатнага, паблажлівага дзядзьку, якім Апейка бачыў яго ўчора, у вестыбюлі гасцініцы, за сталом у рэстаране. У прысадзістай, амаль нерухомай постаці, у строгім выразе твару, у тоне голасу чуліся цвёрдасць, непахіснасць.
— Тое, што ўчора яшчэ здавалася нам недасяжным планам, — прарывалася да Апейкі праз трывожныя думкі пра Алеся, — сёння становіцца рэчаіснасцю. Тое, што ўчора яшчэ здавалася нам максімумам, сёння становіцца мінімумам. Вось гэты тэмп няспыннага руху ўперад патрабуе таго, каб кожны з нас умеў пераключыцца, каб паспяваць за гэтымі тэмпамі.— Словы Чарвякова быццам проста ішлі на Апейку, быццам скіраваны былі на яго. Іван Анісімавіч адарваўся ад думак пра Алеся, стаў з новай турботнасцю востра лавіць тое, што казаў Чарвякоў: — Няўменне пераключыцца на новыя тэмпы сацыялістычнага будаўніцтва ёсць прычына таго, што жыццё адкідае тых, якія не могуць ісці нага ў нагу… Якія не маюць у сабе сіл i здольнасцей для таго… каб стаяць на чале гэтых моцных тэмпаў…
Але на змену тым, хто траціць сілы ў працэсе будаўніцтва… хто баіцца гэтых новых тэмпаў… працоўныя масы горада i вёскі вылучаюць усё новыя пласты будаўнікоў… усё новыя i новыя пласты кіраўнікоў…— Апейку здалося, што Башлыкоў, давольны, як бы павучаючы, паглядзеў на яго. Але Апейка не варухнуўся к яму, нібы не заўважыў нічога…
Скончыўшы ўступную прамову, Чарвякоў выцер хустачкай твар, лысіну, яшчэ ўзрушаны гаворкай, пашукаў вачыма паперку на стале, пацішэлым, амаль будзённым голасам аб’явіў, што трэба вызначыць парадак сесіі. Парадак быў вялікі: адзінаццаць пытанняў — дзесяць дакладаў i адзін садакпад. Апейка адразу вылучыў сярод ix два: даклад старшыні Савета народных камісараў Галадзеда i даклад наркома земляробства Рачыцкага, — аб калектывізацыі…
Чарвякоў даў першае слова старшыні Саўнаркома. Хударлявы, з рэзкімі валявымі рысамі, Галадзед сядзеў збоку стала, блізка да трыбуны; ён энергічна ўстаў, пад воплескі з залы ступіў к трыбуне лёгкаю i пругкаю хадою вайсковага. У яго i пастава была прамая, вайсковая, i ў тым, як ён стаяў за трыбунаю, адчуваліся годнасць, упэўненасць у сабе, у тым, што яму належыць зрабіць.
Ён пачаў з таго ж, з чаго пачынаў i Чарвякоў, з адзначэння мінулага года.
— Гэты, 1928-29, год з’явіўся, — адрывіста, энергічна загаварыў ён, — пераломным у развіцці народнай гаспадаркі як СССР, так i Беларусь. Ён, гэты год, выдатны тым, што ўпершыню ўдалося так глыбока захапіць i ўзняць шырокія масы рабочага класа i бядняцкасерадняцкага сялянства на выкананне пяцігодкі. Першы год пяцігодкі выкананы з вялікім поспехам. — Паведамляючы гэта, Галадзед асабліва вылучыў тую акалічнасць, што такая важная перамога дасягнута ва ўмовах абвастрэння жорсткай класавай барацьбы, асабліва на вёсцы.
Упэўненым, дзелавітым голасам Галадзед расказваў зале, што глядзела на яго, уважліва слухала з прыціхлых радоў партэра i балкона, якіх поспехаў дабіліся за першы год пяцігодкі прамысловасць i сельская гаспадарка Беларусі, называў лічбы, працэнты. Гэтыя лічбы ўзмацнялі ў Апейку адчуванне ўздымнасці i гонару. Ён браў ix з радасцю, яны был i суладныя таму, чаго яму заўсёды хацелася: добрай хады ў справе, у вялікай дарозе. Тут, сярод агульнай святочнасці, асабліва цешыла: ішлі добра. Пра гэта казалі багата лічбаў, i якіх лічбаў!