Выбрать главу

Думка спадабалася Апейку разважлівасцю, i ён як бы паспакайнеў. Слухаў зноў з даверлівай увагай.

— Я павінен сказаць наступнае, — гаварыў Галадзед. — Паўночны Каўказ i Украіна ставяць перад сабой такую задачу: Украіна, напрыклад, мяркуе калектывізаваць стэпавую паласу ў два гады на сто працэнтаў, Паўночны Каўказ таксама думае калектывізавацца поўнасцю на працягу двух гадоў. Ці можам мы такую прыблізна — ну, не ў два, дык у тры гады — задачу ставіць перад сабою? Па-мойму, не толькі можам, але i павінны… — Апейка ў думках падтрымаў гэта. У тры гады — відаць, рэальна. — Вопыт мінулага года нам паказаў,— ішло да Апейкі,— што мы перавыканалі ўсе нашы планы па калектывізацыі, i перавыканалі ix на трыста працэнтаў. І мне думаецца, што, калі мы зможам арганізацыйна ахапіць гэты pyx i калі мы зможам i далей яго развіваць, мы можам "дзерзнуць" на такі крок, каб у найхутчэйшы тэрмін калектывізаваць сельскую гаспадарку БССР усю — на сто працэнтаў. Падставы для гэтага ёсць: маса беднаты сёння ўжо жыве імкненнем ісці ў калектыў… Вось, напрыклад, такі выпадак, — Галадзед адарваўся ад напісанага, i Апейка, i — адчуў ён — усе у зале яшчэ прыціхлі, зацікавіліся. — Калі мы началі гаварыць, — стаў апавядаць дакладчык, — аб арганізацыі буй нага агракамбіната-гіганта ў сотні тысяч гектараў… які павінен будзе ўюночыць у сябе не толькі справу паляводства… але i арганізацыю індустрыяльных мерапрыемстваў… дык мне старшыня Рагачоўскага РВК прыслаў тэлеграму, што ў ix раёне запісалася ўжо ў калгас 60 працэнтаў сялянства!.. Пачуўшы, што ў нас на Беларусі будзе арганізоўвацца такі гігант-агракамбінат… з прамысловымі прадпрыемствамі — электрастанцыяй i гэтак далей… сялянства ўжо само, часам i праз галаву многіх нашых арганізацый… пачало нечуванай хваляю ўлівацца ў калектывізацыю навокал такіх буйных сацыялістычных адзінак!..

Апейка адвёў вочы ад трыбуны, пабег позіркам няёмка абы-куды. "Самі… Нечуванай хваляю… Цераз галовы… Ледзь пачулі пра аграгігант…" — Адчуў раптам, быццам стала муляць шыю, як бы трапіла за каўнер сянінка. Паварухнуў шыяю, але яе ўсё муляла.

— Асноўнае, што з палітычнага боку павінна кіраваць намі ва ўсёй рабоце па ажыццяўленню гаспадарчых планаў,— казаў старшыня СНК з націскам, як бы падагульняючы, — гэта далейшае рашучае, няспыннае наступленне на капіталістычныя элементы… Другім кіруючым лозунгам павінна быць самая бязлітасная барацьба з правабухарынскай апартуністычнай апазіцыяй. Біць па панікёрах, дробнабуржуазных ідэолагах — гэта адна з важнейшых задач, абумоўліваючых pyx наперад…

Апейка ўсё гэта адзначаў сабе з пільнай увагай, усё тут было вельмі важна яму.

Зацікаўлена i клопатна слухаў Апейка, калі Галадзед тлумачыў дэлегатам задачы на бліжэйшы час работнікаў сельскай гаспадаркі, навукова-даследчых устаноў, задачы тых, хто працуе ў розных галінах прамысловасці. Яму падабалася: гаворка тут была вельмі канкрэтная, дзелавая, было тут што не толькі паслухаць, але i добра запомніць. Адчувалася, з павагай i нейкай нават зайздрасцю, як ён багата ведае i як шырока бачыць, старшыня СНК рэспублікі. Галадзед нібы аддаліўся ад Апейкі i разам вырас у гэты час.

— Тое, што мы перарастаем нашы планы, ставіць ва ўвесь свой рост перад нам i задачу падрыхтоўкі кадраў, пашырэння гэтых кадраў,— загаварыў Галадзед пасля паўзы. — Асабліва гэта будзе зразумела тады, калі мы напомнім i аб тым, што ў нас за мінулы час сярод часткі старых спсцыялістаў мела месца яўнае шкодніцтва ў ix працы, як ва ўсім Саюзе, так i ў БССР — Цікаўнасць Апейкі ўзяла іншы лад, павастрэла: зараз будзе асаблівае, пагрознае, што трывожыць усіх. — Акрамя таго, што ў нас маецца тонкая праслойка кадраў спецыялістаў,— нецярпліва слухаў Апейка ў нацятай цішыні,— мы маем яшчэ такія выпадкі, калі некаторыя з ix працуюць не на карысць савецкай улады. а на карысць капіталізму… Калі па Саюзе ССР выкрыты цэлы шэраг яўна шкодніцкіх арганізацый, то ў Беларусі мы без гэтага, на жаль, не абышліся. У нас ёсць падставы думаць аб тым, што па некаторых галінах нашай працы, асабліва па прамысловасці, i ў нас койчым некаторыя "спецы" займаліся, гэта значыць, займаліся шкодніцтвам, падрывам сацыялістычнай рэканструкцыі, а не яе ажыццяўленнем. — З усяго гэтага Апейкава ўвага выхапіла асабліва: "ёсць падставы думаць аб тым…" Што значыць гэтае туманнае: "падставы думаць"? Факты ёсць? — прайшло ў ім без адказу. Але няпэўнае "кой-чым", "некаторыя спецы" — засела ў памяці трывожна, як кожны намёк, за якім самы шырокі прастор для здагадак. — Гэтае шкодніцтва на культурным фронце, — прабівалася да Апейкі праз развагі яго, — праводзілася ў выглядзе выхавання дзяцей i моладзі ў нацыянальна-дэмакратычным напрамку. Шэраг "культурных" людзей давалі нам такую прадукцыю, i зусім свядома яе давалі, на якой не можа выхавацца савецкі грамадзянін. Я маю на ўвазе некаторыя падручнікі i "навуковыя" працы паасобных ярых праціўнікаў савецкай улады, якія прыкрываюцца вуаляй "лаяльнасці"…