Выбрать главу

Пасяджэнне ў гэты дзень пачалося ціха, без учарашняй святочнасці. Гасцей было мала, у зале цяпер сядзелі амаль адны ўдзельнікі сесіі. Чарвякоў аб’явіў: "Слова мае таварыш Нікіціна". Па праходу пайшла піякавеючы пад агульнай увагай залы, не варушачы рукамі, дробная жанчына ў ботах, жакеце, доўгай спадніцы. На трыбуне яна момант разгублена маўчала, адно бегалі спалоханыя вочы, як бы першы раз пабачыўшы такое мноства твараў. ІДішыня станавілася крытычнаю, калі яна адолела кволасць, адважна, голасна загаварыла — пра тое, як багата ўжо зроблена "ў справе залучэння нашых жанчын у савецкае будаўніцтва".

— Па дакладу таварыша Галадзеда, — перадыхнула яна момант, кінулася наперад, — я скажу некалькі слоў… Таварыш Галадзед, кажучы аб нарыхтоўках, казаў, што нарыхтоўку па льносемю вы выканалі добра. Але мы не ўсё наша льносемя ўзялі…— Зноў была хвіліна маўчання. — Цяпер — аб калектывізацыі. Таварыш дакладчык казаў, што мы ўжо меркаванні па пяцігадоваму плану, намечаныя на першы год, перашагнулі, але не адзначыў, што гэта не ва ўсіх акругах. Калі я закрану Віцебскую акругу, то там па калектывізацыі непачаты край работы, там мала актыву, мала кінута культурных сіл, як аграномаў i гэтак далей. Тры раённыя аграномы ёсць, але i тыя слабыя… Вось у гэтым самае галоўнае, што ў нас мала работнікаў. Трэба кінуць усе сілы ў адсталыя раёны!..

Заружавелая, яна з палёгкай i радасцю, як чалавек, што выканаў свой няпросты абавязак, хутка сышла ў залу. З гэтага часу Апейка толькі назіраў, слухаў, зрэдку для памяці тое-сёе запісваючы ў блакнот.

— Таварыш Галадзед указаў у сваім дакладзе, што ён як быццам сумняваўся. Што план па калектывізацыі, які намечан, будзе, можа, не выканан. — Барытон дужага з абветраным тварам, з кароткай шыяй чалавека, старшыні калгаса з Бабруйшчыны, гучаў цвёрда, упарта. — Я, таварышы, запэўняю, што пры такім тэмпе i пры такіх настроях сялянства, якія мы маем у цяперашні момант, мы не толькі можам выканаць, але i перавыканаць. І сумнявацца тут няма чаго!.. Але ў гэтай працы мы часта сутыкаемся з нашымі класавымі ворагамі. І нам тут трэба абмеркаваць, якія мерапрыемствы трэба ўжыць да гэтых кулацкіх элементаў. Бо тыя законы i тыя кодэксы, якія існавалі да гэтай пары, з’яўляюцца недастатковыя. Нам трэба на ix так нажаць, штоб у ix кроў з вачэй палілася!.. Трэба даваць кулакам зямлі не максімальную норму, a мінімальную! Даваць ім вучасткі з сыпучымі пяскамі. Няхай там папрацуюць!.. — Сціпла, быццам пра асабістае, не цікавае для іншых, сказаў крыху Пугачоў — такое было ў старшыні прозвішча — пра справы калгаса. Паведаміў, што ёсць вялікі клуб, папрасіў, каб прыслалі дакладчыка, "які б там зрабіў даклад аб культурным выхаванні". Асцярожна зачапіў жывёлагадоўлю, намёкам адзначыў, што "ёсць вялікі крызіс"; падтрымаў Галадзеда, што трэба, каб заводы рабілі машыны для калгасасаў.

— Сёлета мне прыйшлося гаварыць з дзядзькамі з Урала, — пявуча, лагодна апавядала прыгожая з твару, паўнаватая жанчына ў чырвонай касынцы, Анішчанка. Апавядала, абапершыся аб трыбуну локцямі, падаўшыся ўперад, пасміхваючыся, так спакойна i вольна, нібы гаварыла з сяброўкамі. Было відаць, што за трыбунай не першы раз i рада гаварыць. — Гаманілі мы, i я пыталася ў ix: як — пыталася — на Урале будуюць камуны i калгасы. Яны гаварылі мне: "Цётка, калі б вы пабачылі нашы камуны, якія былі арганізаваны дзесяць гадоў назад, дак вы не сказалі б, што гэта была сялянская веска. Зараз там жанчыны амаль што не работаюць на полі. Мы ўсё абрабатваем — казалі — машынамі, а жанчыны даглядаюць толькі быдла. У нас — хваліліся — добрае стада свіней, кароў i дробнай скаціны. Дак чаму б i нам, таварышы, на Беларусі не арганізаваць так сельскую гаспадарку?!. Некаторыя дзядзькі нам i сёння яшчэ кажуць, што ў нас не можна будаваць калгасы, бо там балоты, там горы. Там — тое, там — другое. Я думаю, што можна ў нас на Беларусі ўсю землю выкарыстаць, на сто працэнтаў… Таварыш Галадзед расказваў тут пра Асінбуд. Дзе ж вы бачылі, штоб у старыя часы ўздумалі на балоце будавацца?.. Мы самі нядаўна туды ездзілі, на экскурсію. Дак бачылі, што на гэтым балоце, якое займае пяць тысяч гектараў, можна ўжо не толькі торф здабываць, але ўжо i трактар пусціць. Там так добра землю асушылі, што мы хадзілі амаль не цэлы дзень i не маглі налюбавацца!..