Выбрать главу

Каб адагнаць злыя згадкі, стала знарок думаць пра лепшае, пра Хоню: што ж рабіць з ім? Злуецца ўжо на яе, i ці дзіва — столькі ходзіць! "Mo i праўда — пайсці?.. Любіць жа, што ні думай, любіць! Кеб не любіў, хіба б хадзіў столькі? І хлопец добры, на ўсё сяло адзін такі… Бязбожнік адно. Не шануе Бога. Але ето перамяніць можно… І матка яго — хоча…" Успомніла нядаўнюю сустрэчу: сама пазвала яе, Хадоську; ляжала на ложку з поцемку ўглядалася. Хоць слова спачатку не сказала, Хадоська пачула: спадабалася ёй. Хонева матка заплюшчыла вочы, памаўчала яшчэ, потым вінавата паварушыла губамі: "Страшная, мабуць, я стала…" Хадоську ўзяў жаль, супакоіць захацелася: "Не страшная, саўсім не страшная, от сказалі! Няшчасная толькі! А што няшчасная, хіба вы вінаваты ў етым!" Старой, было відно, спадабаліся яе словы. А ад Хадоські не адступаў жаль: шкода было Хоневу матку, шкода Хоню, шкода малых, што спачатку дзівіліся на Хадоську, а потым разбегліся з хаты кудысьці… Яшчэ два разы заходзіла Хадоська да Хоневай маткі, сядзела на ўслончыку ля ложка; няшчасная сама, чула ў ёй як бы прыяцельку сабе. З ёй было Хадосьцы ціха i спакойна. Адно нядобра было: даводзілася асцерагацца, каб не наплялі языкі, што да Хоні чапляецца… "Хоня — добры, — сказала неяк матка яго. — Не думай нічога вельмі…" Добры… Хіба яна не знае, што добры!.. Але хіба ад таго лягчэй? Бяда ж не ў Хоню, бяда ў ёй! V ёй!.. Хадоську ўзяла горнасць: захацелася плакаць. Яна стрывала, але ўсярэдзіне ныла, балела. З гэтым болем зноў успомніла Ганну на возе, падумала пра яе бяду — i не толькі не пачула жалю, a i нават спакою, які быў удзень. Узяла нават вастрэй, як зазвычай, непрыхільнасць: от i ў ix бяда. Тут жа падумала, што нядобра помсціцца чужой бядзе, але памяць злосна напомніла, як першы раз твар у твар напаткала Яўхіма, калі вярнулася з Юравіч. Нібы зноў прайшла паўз яго. Нават калі зноў згадала Ганну, нядаўняе i, здавалася, ціхае ўжо — як сышліся раптам, беручы шчавель, — за напамінкам пра Яўхіма, i гэта было непрыязнае. І ці дзіва: i там, на полі, хоць былі блізка з Ганнаю, слова не сказала. Бы сцяна між ix была!..

От i яна зазнала гора! От i ў яе… Тут Хадосьчыны думкі нібы наскочылі на другую, большую, агромністую — увайшла, уламілася раптам, не першы раз згадка пра сваё малое! Яе, Хадосьчына, малое! Яе у якога яна ніколі не бачыла i не ўбачыць! Яе, якому цяпер быў бы трэці год, якое магло б абдымаць за шыю, туліцца да фудзей, зваць! Яе, якому сама не дала жыць! Яе, якое — запякло адчайнае, няўцешнае, — якое сама, сама загубіла!!!

2

Мінулае ішло заўсёды побач. Яно то мацнела, то слабела, але не знікала; на ўсім, чым жыла цяпер, быў яго цень. Яно прыходзіла ноччу, ішло ўдзень, было ў думках, у настроі, ва ўчынках…

У той дзень, калі збялелую, спакутаваную Хадоську бацька павёз у бальніцу, бяда яе не асталася ў Куранях. У чыстай баковачцы юравіцкай бальніцы Хадосьцы не стала весялей, сорам, адчай пяклі, тачылі Хадоську ў ціхай бальнічнай баковачцы яшчэ горш.

У першы ж дзень у бальніцы, бы знарок, узяліся нагадваць ёй тое, што так хацелася забыць; ледзь унеслі Хадоську на насілках у доктарскі пакой, доктарка стала выпытваць, пра што i думаць было страшна; i была доктарка не адна, акрамя яе яшчэ дзве ў белым стаялі побач, хацелі ведаць, бачыць Хадосьчыну ганьбу. Не расчапіла Хадоська губ, як увайшоў нейкі дзядзька ў белым, намерыўся, здалося, таксама слухаць, глядзець; Хадоська, амаль непрытомная, бы ажыла, заматала галавою, дзіка закрычала: "Не, не!.." Яна ўсё крычала, ірвалася ўстаць з насілак i калі дзядзька пайшоў, i калі доктарка штосьці гаварыла супакойліва — крычала, пакуль зусім не аслабела ў моцных руках жанок у белым, страціла прытомнасць.

Нямілае, ненавіснае было з таго дня Хадосьцы ўсё — i белыя дактары, i гаваркія, назойлівыя жанкі-суседкі, i блізкі ельнічак за акном. Ёй чулася, што ўсе ведаюць пра яе, здавалася, што i глядзяць не абы-як, а з патайным! нядобрымі думкамі, як бы смеючыся з бяды яе, з яе сораму. Асабліва ненавідзела яна таго дужага, нахабнага дзядзьку ў белым, пра якога казалі — галоўны ўрач i які ледзь не кожны дзень абыходзіў усіх, пасміхваючыся, распытваў, аглядаў. Спачатку хацеў ён падысці i да Хадоські, але Хадоська ледзь убачыла гэга, яго — здалося — брыдкую ўсмешачку на сытым чырвоным твары, затрэслася, як вар’ятка, закрыла вочы рукамі, закрычала. З таго дня дзядзька не падыходзіў больш да яе, i калі быў ля суседакжанок, то трымаўся асцярожна, далікатна. Не радавалі ў тыя дні Хадоську бацькі, што часта, вельмі ж часта прыязджалі з дамашнімі гасцінцамі. Хоць ні бацька, ні матка словам не прагаварыліся, чула Хадоська, што яны ведаюць, якая бяда ў яс, гарэла ад сораму, ад вінаватасці, ад крыўды, маўчала непрыхільна, хвіліны дачакацца не магла, калі яны паедуць ад яе. Пасля сустрэч з бацькамі Хадоську асабліва даймала трывога пра тое, што, мабыць, ужо багата хто ведае ў Куранях пра яе грэх, ведаюць, можа, усе хлопцы, дзяўчаты ведаюць, смяюцца. Яна часам так ясна ўяўляла, як гавораць, як смяюцца з яе, што, здавалася, чула галасы, бачыла ўсіх увачавідкі. Хадоська камянела ад адчаю.