Не адступала, вярэдзіла Апейку ў цішы ночы тое, што гаварылі прамоўцы пасля Тарасенкі. Яго адкрытасць на трыбуне падахвоціла людзей на шчырасць: амаль увесь час білася ў выступленнях жывое, турботнае жыццё. Адзін казаў, што ў радзе калгасаў зроблена толькі фармальнае абагульненне маёмасці i сродкаў, што сяляне не спадзяюцца ў цвёрдасць калгаснага грунту. Другі заяўляў, што нельга дабіцца інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі без мінеральных угнаенняў; трывожыў, што мінеральных угнаенняу калгасам будзе вельмі мала i што дырэктывы аб будаўніцтве завода мінеральных угнаенняў не выконваюцца. Старшыня калгаса з ГІухавіцкага раёна паскардзіўся, што з-за таго, што няма машын, "як працавалі трохполкай, так i працуем. Калi ж мы ў калектывах будзем працаваць трохполкай, які толк будзе?!." На тое, што няма машын, скардзіліся багата хто: машын не было ў большасці нават такіх калгасаў, якія жывуць ужо па два-тры гады. Прамоўца з Полаччыны шчыра дакладваў, што ў калгасах няма цвікоў, няма пастромак, хамутоў: "На сотню коней ёсць дваццаць хамутоў,— бо ix нельга купіць, бо сыравіны няма. Добра, што ў нас лаза ёсць, дык мы з лазы зрабілі. A ў некаторых калектывах, можа, i лазы няма. — Ён казаў з болем, з гневам: — Усе таварышы астанаўліваліся толькі на трактарах. Толькі думалі, што адзін недахоп, калі трактара мы не маем… Як мы машынамі забясиечаны?!. Калi, напрыклад, у калектыве ёсць малацілка, а ў ёй зламапася шасцяронка, то купіце, калі ласка, новую малацілку! Бо няма чым замяніць зломленую частку. Kani мы прасілі лемяшы, то нам не прыслалі ні аднаго лемяша, a прыслалі — плугі!.. — Голас яго ўсё званчэў, усё гарачэў, ён, шчыра бядуючы, ужо нібы вінаваціў кагосьці: — Калі паглядзець, які калектывы атрымліваюць даход, — дык — ніякага!.. Усе сродкі ідуць на пабудову!.. У калектыве ў нас часта ёсць босыя i голыя! Крэдытаваннем яны не забяспечваюцца! Мы атрымалі на ўвесь калектыў чатыры пары падошвы! А дзе нацельная бялізна, а дзе ніткі! Якімі мы павінны абшывацца! Калектыву няма на сённяшні дзень на што пашыць адзежы!.."
Пасля такіх галасоў Апейку няёмка было згадваць спрэчкі пра тое, дзе будаваць агракамбінаты, аграгіганты; дамаганні, каб да трох раёнаў агракамбіната далучыць яшчэ чацвёрты. Між неспакою гэтых галасоў памяць трымала іншае: як Аксючыц з Міншчыны з філасофскай глыбакадумнасцю разважаў i тлумачыў, чым шкодныя гаворкі пра тое, што тэмпы калектывізацыі вялікія i што ix трэба зменшыць. "Ці можам мы так ставіць пытанне? — пытаўся ён пафасна, акідваючы залу позіркам. Пачакаўшы момант, адказаў сам жа: — Калі б мы сабе паставілі пытанне аб тым, каб гэтыя тэмпы зменшыць, то гэта значыла б паставіць пытанне аб тым, што трэба… нашу класавую барацьбу на вёсцы зменшыць!.. Так ставіць пытанне мы не можам. Гэта пастаноўка пытання не наша!" Апейка мімаволі падумаў з іроніяй: "Мудрэц!"
Адзін прамоўца, расказаўшы, колькі давялося патраціць i часу, i сілы, каб дабіцца звычайнай сіласарэзкі,— ехаць аж у Мінск, са старшынёй акруговай PCI, — заявіў трывожна: "Калі ў далейшым мы будзем адчуваць такую слабую дапамогу, мы не зможам надежным тэмпам развіваць справу сельскай гаспадаркі". Вельмі разумна сказаў ён: "Справа калектывізацыі на сённяшні дзень з’яўляецца яшчэ новай справай… Мне здаецца, мы павінны гэтыя самыя калгасы выхоўваць, як малых дзяцей, каб яны лепш узмацняліся…" Яшчэ большую, шырэйшую трывогу пачуў Апейка ў выступленні старшыні акружнога выканкома з Магілёўшчыны Малашонка: "Нам заўсёды здавалася, — павольна, басавіта гуў Малашонак, — што мы зрабіць суцэльную калектывізацыю ў Клімавіцкім раёне зможам за кошт сродкаў, якія маюцца ў нашым распараджэнні. Але… мы павінны былі пераканацца ў тым, што справа калектывізацыі нават аднаго раёна… явілася непасільнай для нашых акруговых устаноў".
Як i даклад, з супярэчлівымі пачуццямі ўспамінаў Апейка заключнае слова Рачыцкага. Адказваючы прамоўцам, што турбаваліся пра кадры, пра тэхніку для калгасаў, прызнаўшы, што "пытанне аб кадрах з’яўляецца самым адказным", Рачыцкі цвёрда заявіў: "Існуючая сетка навучальных устаноў, нават калі яна i будзе некалькі пашырана, не зможа вырашыць тых задач, якія мы сабе ставім, i не зможа на працягу двух год папоўніць склад кадраў з ніжэйшай i сярэдняй адукацыяй. І нават (на працягу) — трох гадоў".