Выбрать главу

Зноў на памяць прыходзіла тое, што было ў рэзалюцыі аб калектывізацыі лістападаўскага пленума ЦК, i ён думаў, як небагата ў параўнанні з пленумам было дзелавітасці на сесіі; асабліва ў тых, хто кіраваў ёю. Проста цяжка было зразумець, як можна было абысці так многія важныя пункты, якія былі ў рэзалюцыі. Як можна было знізіць так асноўнае: сур’ёзны аналіз становішча, задач. Забыць фактычна папярэджанне пра недаацэнку цяжкасцей калгаснага руху, пра небяспеку фармальна-бюракратычнага падыходу…

Успомніў: "удзесяцярыць тэмпы!" — колы ўнізе, здавалася, выгруквалі таксама: "удзесяцярыць!.. удзесяцярыць!.."— i адчуў трывожна, што не ведае, як гэта ўдасца зрабіць. І не бачыў, што будзе, калі ўдасца зрабіць, — без аграномаў, тэхнікі, патрэбных кадраў. Трывога была шырокая: ведаў цяпер, што i іншыя не лепш гатовы! Падумаў, як гэты заклік падзейнічае на Башлыкова, на многіх раённых кіраўнікоў, якія i цяпер — чаго грэх таіць! — нярэдка дабіваюцца працэнтаў гразьбою ды прымусам! Нанава ўспомніў, што казаў Чарвякоў: ці можна дапусціць насільственную калектывізацыю? — i неспакой падужэў: як гэта можа падахвоціць некаторых!

Тэмпы!.. Хіба ён не разумее, што таптацца нельга! Хіба ён не разумее, што становішча патрабуе: трэба тэмпы! Але хіба ж тое трэба забываць: якая гэта няпростая, складаная справа — калгасы, i як важна рабіць яе сур’ёзна, добра. Вялікую, складаную справу i скалечыць легка, i загубіць! І людзей зняверыць! Як жа не лічыцца, таварыш Рачыцкі, з тым, ці ёсць змога, каб зрабіць з такім размахам, з такім тэмпам — добра, надзейна! Не похапкам, а толкам! Гэта ж, да усяго, не гадавая якая-небудзь кампанія!.. Чаго ж вы так легка "гатовы" перакрыць тэмпы, якія зацвердзіў ЦК партыі!..

"Няўжо я, праўда, не разумею чагосьці,— як мне даказвае Башлыкоў. Няўжо ва мне ўсё гэта праўда — сялянская хісткасць, мужыцкая жаласлівасць? Правы ўхіл, — у прыхаванай развагамі "форме"?.. Ухіл не ўхіл, — а прышыць — могуць! Прышыць i "зрабіць вывады"!.. Чаго там — могуць зрабіць, рабілі ж ужо. Робяць — гапенчыкі!.." Пагрозным успомнілася тое, што жорстка абвясціў у першы вечар, здавалася, добры, разважны Чарвякоў: жыццё бязлітасна адкіне ўсіх, хто не зможа ісці нага ў нагу! Нібы папярэджанне сабе чуў Апейка…

Намаганнем волі разарваў навалач думак, стаў думаць пра жонку, дзяцей — як там яны? Засумаваліся па ім, — як i ён па хаце сваёй? Месяц, здаецца, не бачыўся. "Дадому, дадому!" — чулася, грукалі пад вагонам колы.

Раздзел шосты

1

Той, хто хоча выбавіцца з бяды, хапаецца за саломіну. Шукаючы збавення, Ганна думкаю ўхапілася за, можна сказаць, незнаемую дзяўчыну.

Усё ж была нейкая надзея на яе — можа, параіць, куды пайсці, да каго падацца. У яе ж у Юравічах i ў Мазыры знаёмых, пэўне, багата.

Ганна ведала, што яна робіць настаўніцаю ў Глінішчах. Раз выпадкам сутыкнуліся тварам у твар — у алешніцкай краме; Параска аж бровы падняла здзіўлена i ўзрадавана: пазнала Ганну з аднаго позірку. Але Ганна вочы тады адвяла ўбок, не падала i знаку, што помніць, знарок схавалася ў натоўпе.

Чаму так абышлася з ёю тады, не сказала б i потым. Мо таму, што ўсё вельмі ж неспадзявана выйшла, мо таму, што казаць не было чаго добрага, — але, як бы там ні было, Ганна цяпер ад душы пашкадавала аб сваёй няветлівасці. Думкі цяпер не раз i не два ішлі да Параскі.

Яшчэ тады дазнапася Ганна ад Міканора, што Параска настаўнічае ў Глінішчах. Цяпер даведалася ад яго ж, што часта яна бывае i ў Алешніках, на сходах, у школе.

Тут Ганна i падпільнавала яе, калі тая выйшла на вуліцу. Ганне, праўда, не вельмі пашанцавала — з Параскай ішоў стары чалавек у свігцы, з кніжкамі i сшыткамі, але яна падалася проста да дзяўчыны, паздаровалася.

— Не пазнаеш, можа? — сказала знарок весела, па-прыяцельску.

— Пазнала… — проста, прыязна адказала Параска.

— Даўно було…

— Даўно…

Прайшлі, памаўчалі. Ганна напомніла:

— Сабіраліся ў Курані к нам настаўнічаць!

— Сабіралася! Ды не давялося. Назначылі ў Бярозаўку. А цяпер от — у Глінішчы…

Толькі прайшлі вуліцу — на сцежку ў поле, як здагнаў Міканор. Ганна чакала, што ён збочыць, вернецца, але ён ішоў i ішоў, быццам нейкая варта. Ганна глядзела на яго з непрыхільнасцю — трэба ж, прыпёрся так не ў час.