Выбрать главу

І звычайна няўкпюдны, ён цяпер — каля Параскі — здаваўся Ганне яшчэ больш няўклюдным, вялізным.

"Бы мядзведзь. А за кавалера буць хоча…" — падумала Ганна. Здагадвалася, сэрцам чула, што не так сабе Міканор сунецца побач тут.

То гаварылі абы пра што, то маўчалі. Дзень быў хмурнаваты, за жаўтлявым кужалем хмар значыўся немачны кружачок сонца, якое ніяк не магло прарвацца заліць дарогу, поле святлом. Таксама хмурна, няпэўна было i ў Ганны на душы…

— А я тады, у краме, падумала, — сказала Параска Ганне з вясёлай шчырасцю, — што — прызнаваць не хочаш мяне!

Ганна пачула сябе як вінаватая.

— Неспадзеўкі выйшло ўсё!.. Ды i — можно сказаць — забула ўжэ!..

— Нядоўга былі разам. І столькі часу мінула!

— Багато!.. Як на том свеце було!..

— Я ўспамінала цябе. Гадала, як табе замужам.

Ганна пачула ў Парасчыных словах пытанне, нахмурылася.

— Чаго там гадаць… — толькі i сказала.

З усіх гэтых праводзін засталіся ў памяці непрыхільнасць да Міканора i чуццё няпэўнасці, недагаворанасці, якое ўвесь час жыло ўсярэдзіне. Чуццё гэта памацнела, калі развіталіся, калі з Міканорам падалася назад. Быццам i не было поруч Міканора, ішлі, жылі кожны сваім настроем, сваімі думкамі. Заўважыла толькі мелькам, што ён вельмі ўсхваляваны, засмяяцца гатоў, закрычаць з нейкай радасці. Дыбае, як бы сп’янелы. Ён не засмяяўся, не закрычаў, пільна зірнуўшы на яе, неспадзеўкі запытаў:

— Праўда ето, што Яўхім бе цябе?

Яна недавольна варухнула брывамі, памаўмала. Быццам зазлавала на яго за пытанне.

— Праўда — няпраўда, — якое каму дзело?!

— Нам да ўсяго дзело! — важна аб’явіў ён. Дзелавіта дадаў: — Савецкая ўлада — не сакрэт — судзіць за ето!.. Хочаш, скажу яму?

— Не хочу! — адрэзала яна. Цвёрда, непахісна.

Міканор здзівіўся:

— Чаму ето?

— Таму.

— A ўсё-такі — чаму?

— Таму… Няпраўда ўсё!.. Наплялі!..

Ён, чула Ганна, не паверыў. Глядзеў на яе, як бы не разумеў.

Ганна нядобра кінула яму:

— Ты ето ці не ўхаджваць за Параскай надумаў?

Міканор збянтэжыўся. Ад неспадзеўкі не адразу знайшоў што сказаць.

— Выдумала!..

— І я кажу — выдумалі!

Ля сяла яны разышліся: Міканор падаўся вуліцаю, а Ганна па загуменню. Але прайшла яна па загуменню небагата: так не хацелася бачыць цяпер Карчоў, што, мінуўшы ўжо, вярнулася на колішняе сваё селішча, падалася к роднай хаце.

Мачыхі дома не было: не трэба таіцца, выдумляць нешта! Прытуліла пяшчотна Хведзьку, які вырэзваў нейкія цацкі на дручку, з пяшчотай пагладзіла рудаватую галоўку. Той пачакаў быў цярпліва, з надзеяй, зірнуў на Ганну, як бы пытаючыся; яна зразумела яго позірк, вінавата пашкадавала — няма!

Няма гасцінца! Не крыўдуй, не зразу сюды прыйшла. І не да таго мне цяпер, брацік! Села на лаўку, стала распытваць, дзе матка, дзе бацька, гаманіць абы аб чым; а сама думала: тут i астацца б, зусім не ісці б да Карчоў!..

Пайшла з хаты толькі тады, як вярнулася мачыха.

2

Яшчэ з двара прыкмеціла: свякруха за шыбаю, як коршак, віжуе, чакае. Знарок цвёрда, дужа ступіла на ганак, упэўнена ўзялася за клямку. Ледзь увайшла, Глушачыха ўмомант абмацала ўсю вачыма, пранізала позіркам.

— Явілася!.. Думалі, прапала ўжэ!..

— Не, не прапала! Баяліся за нішто…

— Усе адно як не ў Алешнікі, a ў Юравічы хадзіла!

— Можа, i ў Юравічы!

— Гайсала зноў немаведама дзе!

— Гайсала…

Добра, Яўхіма не было, — свякруха пабурчала. пабурчала злосна ды i вярнулася к сабе.

Што б ні рабіла, Ганна ўспамінала сустрэчу, праводзіны. Думкі не толькі не ціхлі з часам, a чапляліся, кружылі ўсё мацней. Тoe, што жыло недзе глыбока, як крынічка пад багнаю, ад думак ахвоча дужэла, выбівалася напаверх.

"Як мне замужам, гадала… — Сама не заўважыла, калі стала гаварыць з дзяўчынаю… — Як замужам… Няпраўду я казала табе тады, у Юравічах. Без любові i ў нас не можна. Як для каго, а для мяне жыццё без яе — не жыццё! Не жыццё гэта, калі не Любіш, калі ў душы нянавісць адна! Гора гэга, пагібель, а не жыццё! Праўда твая была, твая! Дурная была я тады, не паслухалася, не абераглася! А была ж любоў, была! Адна была, адна i асталася!.. Няма чаго таіцца, усе Курані цяпер знаюць! Чалавек, Яўхім, кожны вечар кулакамі напамінае!.."

Была любоў… Як на здзек, разышліся, разарваліся ix дарогі! Як вецер насенне з дрэваў, раскідала няскладнае жыццё ix на розныя палосы; на розных палосах пусцілі карэнне, раздзяліліся, можа, навек — нявіднай, але страхотна чутнай мяжою. У яго цяпер — свая моцная прывязка: жонка, хата, гаспадарка… Не адарвецца… Што будзе, як далей пойдзе яе доля — мабыць, i Бог не скажа… Што рабіць, ніяк да толку не дабярэшся!..