Выбрать главу

Вецер біў у твар, у грудзі, i Ганна хілілася насустрач яму i хіліла галаву ўперад; вельмі было падобна, што яна намерылася кінуцца за Параскаю. Ад ветру вочы жмурыліся, i гэта яшчэ дадавала твару рашучасці.

"Куды я іду? Чаго іду?! — мітусіліся ў ёй думкі.— Бацьку сказаць? Нашто? Паможа хіба чым! Ці ўсцешыць ето яго? Прыйдзе час, дазнаецца пра ўсё!.. Скажаш зараз — шчэ да мачыхі дойдзе! Шуму-ляманту нагоніць!.. Дабро пайсці забраць? Шкода мне таго дабра цяпер! Што леташняга снегу! Хай яно згарыць, прападзе пропадам! Разам з Карчамі!.. Не, забраць трэба! Якое яно ні е, там — матчыны ж чаравікі! Штоб яны ў Карчоў прападалі!.. Ды i то — кохту хоць ды спадніцу чыстую б мець! Пераадзецца ў нешто ж трэба будзе!.. Забраць трэба!.. Мог бы, канешне, i бацько ўзяць! Але толькі i не хапае яму такого клопату! Вельмі рады будзе паказацца ён там, пасля ўсяго! Ды i вырвеш у ix патом!.."

Калі ішла к сялу, што нібы цікавала панурымі акенцамі, дварамі, стрэхамі хат i хлявоў, чула, як у грудзі паўзе i паўзе трывога. Трывога заныла i калі зірнула на родную хату, на купку чорных ігруш, на двор, па якім з хлява ішла мачыха. Трывога яшчэ памацнела, калі пайшла загуменнай дарогай, бліжэй i бліжэй да Карчоў.

"Трэба выбрацца так, кеб i не заўважыў ніхто. Штоб i падазрэння не було ніякаго… Канешне, штоб на дарозе ні старого не було б, ні Яўхіма. От, можа, зараз i зрабіць, Яўхім, пэўне, яшчэ не вярнуўся!.. Забраць матчыны чаравікі, андарак, кохту, — i ўсё. І нічога болей!.. І сысці хутчэй, нікому нічого не сказаўшы!.. Лесам сысці, штоб не бачыў ніхто! Штоб не ўчаніліся зразу!.. Патом, канешне, знайдуць! Але няхай патом грозяцца, калi не адна буду! Калі пад аховай, з Параскай!.."

"А прыбяжыць! Прыбяжыць жа! — падумала пра Яўхіма. — Не саступіць так! — У грудзі папоўз страх. — Прыляціць туды, як звер ашалелы! Што яму тая школа, што Параска!.. — Супакоіла сябе — Прыляціць — няхай прылятае! Няхай! Не вельмі ўкусіць!.. A i ўкусіць — усё адно! Усё адно ўжэ цяпер!.. Горай не будзе!.."

Яна была ўжо на Глушаковай сядзібе. Вочы дзіўна чула лавілі ўсё, што праходзіла каля яе, адзначалі. Гумно зачынена, стары, мабыць, у свірне. Не, i ў свірне нікога; i хлявы зачынены. Яшчэ ад свірна выглядвала, хто на двары; каб Яўхім, не дай Бог, не тырчаў ужо. Не прыпёрся не ў час.

Сцяпан пад павеццю калоў дровы, выпрастаўся, глядзеў на яе. Яна нібы не заўважыла, нібы з заўсёдным спакоем прайшла міма. Каля хаты стары закопваў падпірку к слупу; слуп у зямлі згніў, i плот валіўся. Корч на момант адвярнуўся, трымаючы жалязняк, востра зіркнуў. Прамаўчаў.

Ганна цвёрда ступіла на свой ганак. Хацела адразу падацца на сваю палавіну, але тут выткнулася з вядром свякруха, пераняла:

— Дзе ето гайсала?

Ганна ледзь стрымалася, каб не адрэзаць у адказ нянавісцю; але сцярпела: нашто заядацца, насцярожваць лішне!

— З Хведзькам дома пасядзела…

Не чакаючы, што скажа старая, узялася за клямку дзвярэй. Калі зачыніла ix, падумала: тырчаць, як сычы абое, бы назло! То тупала па пакоі, нібы штосьці робячы, то садзілася на ложак, то зноў усхоплівалася, тупала, — што б ні рабіла, неспакой, нецяргілівасць не аціхалі ні на момант… З неспакоем, нецярплівасцю гэтымі, якія часам апаноўвалі так, што, здаецца, не было як ужо стрымлівацца, паглядвала на двор, на вуліцу, слухала, лавіла гукі з суседняга пакоя. Стары ўсё корпаўся ля слупка, свякруха не вярталася. Яшчэ трохі от так, — i — чаго добрага — суджаны ля варот паявіцца, вернецца ў хату, а гэтыя тырчаць i тырчаць на дарозе!

Нецярплівасць раптам перайшла ў злосць, у рашучасць! Тырчаць, i — няхай тырчаць! Ці канешне асцерагацца ix, туляцца перад імі! Калі на тое, i Яўхіма яна не баіцца! І Яўхім не астановіць яе! Няма ў яе страху!

Проста шуму, гаворкі лішняй не хацелася! Калі ж так няхай тырчаць там сычы старыя! Пройдзе яна i так!.. Ганна разаслала на ложку хустку, паклала матчыны чаравікі, андарак, кофту. Пройдзе i так!

Пачула — хтосьці ўвайшоў у Карчовы сенцы, пазнала — старая. Выглянула ў акно — стары ўсё корпаўся пры плоце…

Старая нешта рабіла ў сенцах, перастаўляла, грымела начоўкамі, вядром.

Ужо калі завязвала моцным вузлом хустку-клунак, пабачыла — старога няма ўжо ля плота. Пачула — стукнула клямка, патупаў па сваёй палавіне. Апранаючы каптан, мімаволі слухала, лавіла — клямка раптам бразнула зноў Стары падаўся некуды! Падбегла да акна: на двары не было, пазнала — ляпнула клямка ў веснічках. Паплёўся на вуліцу! Старая адна ў сенцах. Сенцы перагароджаны, але як толькі Ганна выйдзе у ix, старая пачуе, вытаркнецца на ганак. Быць іншага не можа! Уздыме лямант на ўсё сяло!.. Няхай уздыме!.. І ўсё ж момант чакала, як бы набіралася духу. Перавязала нанава клунак…