— Ах ты, байструк!.. — пагразіўся дзіўна няўпэўнена.
Чуючы, як халадзее ўсярэдзіне, бачачы ўвесь час Сцяпана, павёў вачыма поблізу: каб які-небудзь друк! Кінуўся раптам — пахапліва, як да адзінага ратунку, к плоту, штосілы рвануў штыкеціну.
— Сцяпанко!!! — уварваўся неспадзявана крык жаху.
Глушачыха, узняўшы спуджана рукі, зляцела з ганка. Выцягнуўшы рукі да ix, задыхаючыся ад страху i бегу, з раскудлачанымі на вятры валасамі, без хусткі, з лямантам кінулася да сыноў.
— Сцяпанко!!! Яўхімко! Божачко!.. Сцяпанко!!
Убегла, стала між абодвух, раскінула дрыготкія рукі, нібы аберагаючы аднаго ад другога.
— Сцяпанко! Яўхімко! — пераводзіла зжаханы позірк ад аднаго да другога.
Хутка спакайнела, вяртала моц сваю. З папрокам, загадваючы, выгаварыла абодвум:
— Пакруціліся!.. — Яна падышла к Сцяпану, які стаў ужо нерашуча, узяла сякеру. Тады агледзелася на старэйшага, што трымаў штыкеціну. — Кінь! — крыкнула Яўхіму…
Ганна, што анямела сачыла, чым скончыцца бойка Сцяпана з Яўхімам, як бы схамянулася. Скінула здранцвенне, подбегам пайшла з двара к свірну, к загуменню. Управілася яшчэ ўлавіць увагай, што на двор павалілі людзі…
Неўзабаве то подбегам, то бегам, раз-пораз ускідваючы клунак, які непаслухмяна з’язджаў з пляча, дабралася яна да лесу, пабегла мокраю сцежкаю. Там i тут яна асклізвалася на траве, раз упала, ступіўшы на слізкае карнявішча, выцялася моцна бокам, падрапала скроню аб нешта, але не стала i выцірацца.
Пайшла цішэй толькі тады, калі дабегла да балота. Далей сцежка павяла яе між чэзлага балотнага алешніку i бярэзніку. Вада тут не заўсёды перасыхала i летам, цяпер жа асеннія дажджы яшчэ падбавілі яе. Пад лапцямі спачатку ўгіналася ды хлюпала, потым ногі сталі ўжо раз-пораз правальвацца, усё часцей, усё глыбей; чорная ліпкая гразь, як халодным жалезам, абцяла голы я калені. Ісці хутка, без перадыху станавілася ўсё цяжэй: начала зусім выбівацца з сілы. Сэрца аж заходзілася, ногі падгіналіся, рукі дрыжалі — восьвось выпусцяць клунак.
Але не спынялася. Не магла спыніцца. Хоць знарок падалася па гэтай малаходжанай сцежцы, напрасткі на Глінішчы, усё ўслухоўвалася, ці не чуваць ззаду хлюпання, трэску ламачча, ці не гоняцца ўслед.
Толькі як перабралася на другі бок балота, перадыхнула момант. Нібы гнаў хто, скора перайшла астравок, падалася зноў у гразь, у дрыгву. Вымаклая, знясіленая зусім, дабралася яшчэ да аднаго астраўка, ужо недалёка ад глінішчанскай грэблі. Удзень з гэтага астраўка былі добра відны вербы на глінішчанскіх могілках i нават крайнія стрэхі, але цяпер хутка цямнела. Недалёкая грэбля i тая ўжо толькі ўгадвалася.
У яе ледзь хапіла сілы, каб перабрацца цераз гэту рэшту балота. Часам думала, што ўжо i не выйдзе на сухое: так i ўпадзе ў твань, застыне.
Глінішчанская фэбелька здалася як цуд. Адкуль толькі сілы дадалося, калі пайшла па ёй, цераз масток, паўз пусты выган, паўз чорныя вербы могілак.
Падалася па загуменню. Пайшла тут не таму, што баялася трапляцца на людскія вочы, — не хацела зноў лезці ў гразь на вуліцы.
Школа была на другім канцы сяла, сярод вялікага абгароджанага пляца. Ганна некалькі разоў бачыла яе зводдалеку, калі ехала паўз Глінішчы. Цяпер у школе было цёмна, толькі збоку, заўважыла Ганна, падыходзячы, яснела паска зямлі. Там, за рогам будынка, i праўда, свяцілася акно, завешанае белай фіранкай. Яна знайшла ўпоцемку ганак, ступіла на парог, пацягнула за клямку дзвярэй. Дзверы адчыніліся. У калідоры яна ўбачыла нітачку святла ўнізе, намацала яшчэ клямку.
Ганна адчыніла гэтыя дзверы i ўбачыла Параску, якая сядзела каля стала са сшыткамі.
— От i я…
Клунак выпаў з яе рук.
Толькі ўранку стала як бы прыходзіць у прытомнасць. Хоць i нібы праз туман, стала бачыць, чуць навакольнае.
Усё тут было нязвычна. І вокны вялікія, светлыя, i пляц шырокі за вокнамі, i выгляд балота іншы, як у Куранях. І дом сам быў такі вялікі, са столькімі дзвярыма i пакоямі, што дзіву можна было дацца. Пасярод дома ад ганка ішоў калідор, з якога ў адзін бок жаўцела двое дзвярэй, a ў другі трое. Двое дзвярэй, што налева, вялі ў два праеторныя пакоі, сярод якіх стаялі радамі чорныя, з карычневымі бакамі столікі для вучняў, стаялі на падстаўках чорныя з белаватымі языкамі ад крэйды дошкі. У адным з гэтых пакояў была шафа, поўная кніг i сшыткаў; у другім, на сцяне, вісела карціна з нейкімі зялёнымі i жоўтымі плямамі, з блакігнымі вілюжынамі. Карціна гэта чамусьці называлася картаю i нібы паказвала зямлю нашу, Беларусь…
З другога боку былі яшчэ тры пакоі, у большых з якіх жылі Параска i яшчэ адна настаўніца, Галіна Іванаўна, худая, кучаравая, мабыць, злая; пасярод гэтых двух пакояў ціснулася вузенькая кухня з печчу…