Ганна ледзь управілася з цёткай Агапай, што прыбягала раней кожны ранак сюды, выпаліць печы, як i двор, i калідор, i пакоі сталі поўніцца дзіцячымі галасамі. Дзеці так шумелі, што Галіна Іванаўна некалькі разоў выходзіла са свайго пакоя i крычала, каб сціхлі. Але сціхлі галасы надоўга толькі тады, калі адзвінеў званок i настаўніцы са сшыткамі i кніжкамі зніклі ў класах. Так было ўвесь дзень: дом то аціхаў, то поўніўся такім вірам гоману i крыкаў, што здавалася, як шыбкі трымаюцца. Як каму, а Ганне падабаўся гэты галас, гэтае кіпенне, ён весяліў, бадзёрыў яе. Калі пачыналіся заняткі i з-за дзвярэй класаў чутны былі адно ціхія галасы каго-небудзь з малых ці настаўніц, ёй хацелася крыкаў дзіцячых, ix весялосці.
Сярод гэтага нязвычнага жыцця Ганне больш верылася, што от i для яе пачынаецца інакшае, нязнанае, добрае жыццё. Гэта вера свяцілася ў душы, калі з ахвотай i ўдзячнасцю да Параскі мыла пакой, калі ўпраўлялася на кухні, калі з дзецьмі выцірала столікі, прыбірала пасля заняткаў…
Усё ж радасць i веру ледзь не ўвесь час хмарыла трывожнасць. Ці мыла падлогу, ці поралася на кухні, ці чула, як ціхнуць галасы ў калідоры i на двары, трывожна паглядвала на пляц, прыслухоўвалася да крокаў. Усё чакала: прыбяжыць Яўхім…
Ён прыбег на трэці дзень. Пад вечар, важкі, рашучы, уваліўся ў Парасчын пакой.
— Вам чаго? — пачула Ганна з кухні.
— Ганна — у вас?
Ганна пазнала: ён. Выведаў, знайшоў… Не здзівілася: каб ён ды не знайшоў, ды адступіўся так адразу!
— А вы — хто? — запыталася Параска.
— Чалавек я. Мужык яе, калі не знаеце!
— А! Цяпер знаю. — Параска гаварыла спакойна, аж дзіва. — Вы, мусіць, хочаце, каб яна вярнулася к вам? — Не дала яму сказаць, заявіла непахісна: — Дык я магу перадаць: яна да вас не вернецца!
— Вернецца ці не, ето мае дзело! — абрэзаў яе ён.
Ганна магла б не выходзіць. Але ёй было няёмка туліцца ў схоўцы, даваць такі клопат адной Парасцы, хавацца за чужой спіною.
Дзіўна, ніякай трывогі, ніякага страху не было, калі ўвайшла ў Парасчын пакой, яму на вочы.
— Чаго явіўся? — сказала яму жалезным голасам.
— Квацеру паглядзець захацелася! — Ён стаяў сярод пакоя, чырвоны ад ветру i злосці, у ботах, у паддзёўцы, з пугаю ў руцэ.
"На калёсах прыехаў…" — прайшло ў яе галаве.
— Квацеру жончыну паглядзець захацелася! — паўтарыў ён, выдзяляючы асабліва: "жончыну".
— Паглядзі…— У яе гол асе, ва ўсёй паставе был i кплівасць, ганарыстасць.
— Бачу. Багато жывеш!..
— Непагано!
Ён павёў вачыма па пакоі, непрыхільна зіркнуў на Параску, важка пераступіў з нагі на нагу.
— Дак, можа, пара ўжэ кончыць ету камедзію! — сказаў раптам мякчэй, згаворліва.
— Дак я ўжэ кончыла.
Ён пранізаў яе позіркам.
— Ето ты цвёрдо, насаўсім?
— Хопіць ужэ. Паспытала шчасця!
— Ну, глядзі! — У яго голасе зноў пачулася пагроза. — Штоб не пакаялася!
— Ето ўжэ мой страх! Толькі не бойся — не пакаюся!
— Я покуль — па-добраму! — Ён, як раней, гразіўся, a толькі — чула Ганна — сам не ведаў, што рабіць далей; але не паказваў выгляду.
— А потым — што? Прымусіце? — заступілася за Ганну Параска.
— Ето ўжэ наша дзело — што! — Яўхім люта зіркнуў на Параску. — Вам бы, барышня, лепей не сунуць носа сюды!
— Вы ўламіліся ў мой пакой ды яшчэ смееце абражаць мяне!
— Не пужайце! A толькі — не раю лезці ў нашае дзело! — Ён зноў, ужо цвёрда, зірнуў на Ганну. — Сабірайся!
— Зараз жа пабягу! Падажджы! — Ганна хоць бы варухнулася.
— Покуль не позно!
— Кончано усё. Значыць — позно не будзе!
— Ну, глядзі ж! — грозна сказаў ён. Хацеў ужо ісці, але затрымаўся. Чамусьці паведаміў: — Сцяпана бацько выгнаў. Не паяўляўся шчэ?
— Не…
— Паявіцца, канешне. У Юравічах бачылі ўжэ!..
Пастаяў, памаўчаў, раптам апаліў злосцю, нянавісцю:
— Ну, глядзі ж! Усё адно — без мяне табе не жыць! Знай!
Ён стукнуў дзвярыма, важка затупаў у калідоры.
Людзі хавалі мёртвых, біліся ў горы над імі; бедавалі пра любых сваіх, жаніліся з імі; людзі жалі i малацілі, снедалі i вячэралі. Да людзей ішлі нязвыклыя, нязведаныя перамены, якія павінны былі зрабіць усё такім, якім яно не было ніколі. Людзі жылі, як i дзесяць, i сто гадоў, i жылі, як не жыў яшчэ ніхто, ніколі…
Даўняе i новае, дробнае i вялікае — усё было ў гэтым жыцці разам, злівалася, перамешвалася, лілося адной вірлівай, шырокай, няспыннай ракою…