З ахвотаю слухала Хадоська дробныя, але, цяпер здавалася, такія цікавыя, мілыя дамашнія навіны — пра сястрычак i брацікаў, пра матчыны клопаты, ласавалася бацькоўскімі гасцінцамі. Але калі матка з бацькам паехалі, калі падумала, як яны едуць змерзлымі санямі, як выпаўзуць з поцемкаў насустрач ім куранёўскія стрэхі, калі ўбачыла, нібы ўвачавідкі, стрэхі, вуліцу, родны двор, у Хадосьцы разам з прыціхлай радасцю шчаслівай сустрэчы стаў ныць сум. Быў гэта не толькі сум па бацьках — іншае, нядобрае аднекуль улівалася ў яго, захмарвала нядаўнюю бесклапотнасць. Нібы ажываў стары, забыты боль. У той вечар смутнае гэтае прайшло, як далёкая хмара; падступіла, прапаўзло трывожным ценем i прапала. Хадоська заснула без прыкрых думак. Але на другі дзень хмара зноў упаўзла ў яе адзіноту. Нядобрае, нежаданае, якое не хацелася i заўважаць, чаплялася за яе, брала ўсё мацней, усё назольней, нагадвала, малявала, прымушала разважаць. Зноў вярталася з небыцця Захарыха, вяртаўся сцюдзёны, страшны дзень, ажывалі, білі Яўхімавы словы. Згадкі паўзлі блытана, шматкамі, у тумане, такім халодным, пранізлівым, што ў Хадоські ўсё ледзянела, брала прыкрае бяссілле. Спачатку ёй як бы не хацелася верыць згадкам, бы нядобраму сну. Але ўспаміны, наперакор ёй, лезлі i лезлі, усё больш ярчэлі, шырэлі, усё больш хмарылі, трывожылі. Ca скрухай, праз засень неадольнай трывогі бачылася ёй зноў сонечная ядраная чырвань на шыбах, на сцяне; нярадасна, холадна глядзела ў куточку верхняй чыстай шыбы абмерзлая калючая лапа хваіны. Сумна, маўкліва назірала Хадоська за жанкамі-суседкамі, слухала ix нецікавыя гамонкі. Жанкі побач былі ўсё "новыя": тыя, што ляжалі раней, паразыходзіліся па сваіх хатах, але перамена гэтая не супакойвала Хадоську; i да гэтых была ў яе асцярога.
Цяпер Хадоська ўжо не шкадавала пра чорную процьму глінішчанскага азярца, не строіла сабе думак, як уцячы, загубіць сябе. Ёй цяпер нават успамінаць пра тое, як яна ледзь не замерзла, было страшна; немаведама куды прапала нядаўняя рашучасць.
Хадоська чула ў сабе дзіўную аслабеласць, кволасць. Ад гэтай кволасці, ад бездапаможнасці сваёй перад бядою, якая не адыходзіла i дзень i ноч сцерагла яе, Хадоську часта браў адчай: накрыўшыся з галавой коўдраю, уткнуушы твар у падушку, яна душылася ціхім, горкім плачам. Пякучымі слязамі аплаквала Хадоська бесклапотную радасць сваю i даверлівасць, сваю няўдалую маладосць, з якой яна нібы развітвалася назаўжды. У першыя дні, заўважыўшы, што яна плача, жанкі звалі яе, супакойвалі, але яна не адгукалася; тады яе перасталі чапаць, не гаварылі пустых слоў, не назалялі, далікатна, разумна маўчалі. Выплакаўшыся ўволю, яна звычайна спакайнела сама i засынала пад коўдрай.
3
У гэтыя дні апанавала Хадоську яшчэ мацней набожнасць. Чуючы сябе адзінокай у бядзе, трывожачыся перад невядомым, якое ўсё больш палохала думкамі пра Курані, з нязнаным яшчэ палам пацягнулася яна к Богу. Неба ёй было не проста неба, жыццё не проста жыццё; усюды быў Бог, ва ўсім быў Бог — пра што ні думала, ва ўсім згадвала Бога, малілася Яму. Адданасць Богу яе даходзіла трохі не да вар’яцтва.
Але як ні малілася, як ні адцавалася божай літасці i справядлівасці, як ні хацела верыць, што ўсясільны i справядлівы заступіцца, аберажэ, трывога ад думак пра заўтрашні дзень свой не толькі не адыходзіла, a напаўзала ўсё важчэй, усё чарней. Чым бліжэй чулася сустрэча з Куранямі, тым больш расла трывога: знаёмыя змалку агароды, двары, узболаткі не вабілі, a гразіліся. Сустрэча з Куранямі здавалася цяпер сустрэчай з бядою, з Яўхімам, з крыўднымі плёткамі, якія непакоілі яе, можа, больш за ўсё. Яна — нібы ўвачавідкі — бачыла, як будуць глядзець на яе, калі яна паедзе куранёўскай вуліцай; ад адной думкі пра гэтыя позіркі ёй, у бальнічнай баковачцы, рабілася так нядобра, што яна заплюшчвала вочы: не вяртацца б туды ніколі, не бачыць нікога!