Матцы i бацьку не заўсёды выпадала наведаць дачку: i дарога няблізкая, i дома клопату — не перадыхнуць, часта прасілі наведацца ў бальніцу, перадаць гасцінчык суседзяў, што ехалі ў Юравічы; Хадоська рэдка ўставала з ложка для бацькоўскіх пасланцоў, з-за фіранкі потым бачыла, як яны ехалі дадому. Так бачыла крывога Грыбка, старую Дамеціху з Міканорам, лесніка Міцю; выйшла ў калідор толькі, калі прыехала Пракопава Маня, гаварышка. Маня як бы вельмі ўзрадавалася Хадосьцы, але Хадоська стаяла чужаватая, насцярожаная, ураз прыкмеціла, што глядзіць Маня на яе не абыяк, не так, як некалі. Нібы здалёк чула Хадоська, што Маня гаварыла пра вячоркі, пра тое, хто да каго заляцаецца, хто з кім сп’яна пабіўся. Гаварыла i ўсё разглядала Хадоську круглымі, бляклымі, бы цялячымі, вачыма, каб потым, мусіць, расказаць на вячорках як мае быць; Хадоська ж чакала адно, калі яна змоўкне, калі здагадаецца пайсці: ні сама яна, ні яе навіны Хадоську не цікавілі. Але Маня i потым, калі гаварыць ужо не было чаго, стаяла, маўчала, льшала цялячымі вачыма, пакуль Хадоська не падалася першая ў сваю бакоўку. Пасля гэтай сустрэчы яшчэ цвярдзей думала Хадоська не вяртацца ў Курані, паехаць хоць куды, толькі б не сустракацца з бядой сваёй, з Яўхімам, са страхам.
Не першы раз шкадавала, што сваякі ўсе ці ў Куранях, ці ў сёлах поблізу. Як ні разважала, усё выходзіла: сама лепш, пэўна, тут, у Юравічах, астацца: мястэчка вялікае, i куток пад страхою, i работы — абы ахвота была; яшчэ раней дазналася. У гэты вечар зноў гаманіла з местачковымі: ляжала Хадоська цяпер у вялікім пакоі, побач было багата юравіцкіх — i хату, i працу, можна сказаць, знайшла…
З нецярплівасцю, з дзелавітай заклапочанасцю выглядвала ў акно бацькавы сані, узрадавалася, замітусілася, калі убачыла знаёмага рудога коніка. Але калі матка i бацька ўвайшлі ў калідор, адкрыць жаданне сваё не зразу наважылася.
— Ой, мамко, што я вам скажу? — знарок весела, бы лашчачыся, прытулілася Хадоська да маткі, калі старыя сабраліся ўжо ехаць дадому.
— Што ж ты скажаш? — Матка гладзіла па галаве, чакала: скажа якую-небудзь дробязь.
— Толькі вы не абіжайцеся, — ужо без усмешачкі, папярэджваючы, папрасіла Хадоська. — Добра?
— Чаго ето? Што ты ўдумала?
— Удумала! Толькі я добра разважыла ўсё, мамо! Не думайце, што ето — вецер у галаве!.. Не будзеце?
— Дак ты скажы наперад… Ну, не буду!..
Хадоська раптам як бы забаялася зноў. Яна памаўчала; сабраўшы сілу, не гледзячы на матку, выціснула амаль з адчаем, адным дыхам:
— Мамо, я хачу тут астацца. У Юравічах…
Хадоська, хоць i не глядзела на маці, бачыла: матка зірнула на яе, не разумеючы:
— Чаго ето?
— Жыць тут, мамо. Рабіць буду…
Маці маўчала момант, зноў зірнула на дачку, потым на чалавека свайго, нібы сама не магла зразумець.
— От удумала! — прамовіла, як бы не верачы. — Удумала!
— Я даўно ужо ето, мамо…
— Удумала! — не хацела слухаць матка. — Ето ж трэба! Дадумацца да такога!
— Мамо, усё адно — пара ўжэ мне. Не век жа пры вас…
— Цесно табе, пагано табе пры матцы ды бацьку було?
— Не цесно i не пагано, мамо. A толькі… Не хочу я туды, мамо!..
Матка не адразу знай шла, што сказаць. Ледзь стрымалася, каб схаваць жаль аб дачцэ.
Бацька пакруціў у руках пугаўё, прамовіў:
— Матка — нібыто — праўду кажа.
— A ці ж няпраўду! За бацькам, за маткай калі — якому дзіцяці пагано було? Якое ето — розум маючы — бацькі, маткі цурацца будзе?..
— Дак хіба ж, мамо, я цурацца хочу!..
— А не хочаш, дак i добра! — Матка не дала дачцэ гаварыць: — За маткай, за бацькам заўсягды добра! Толькі — кеб хутчэй дадому, прасіся! Скажы: i так заждаліся, збалеліся душою! Наездзіліся, даждацца не можам: калі ўжэ прывязем саўсім! Брацікі, сястрычкі ждуць не даждуцца!.. А ето, глупство ўсякае, выкінь! Не думай нічого попусту!
І, паказваючы, што гаварыць больш няма чаш, маці прытуліла Хадосьчыну галаву, пацалавала. Хутчэй адвярнулася, пайшла з бальніцы. Бацька пашаргаў мокрым! валёнкамі ўслед.
На другі дзень санітарка сказала Хадосьцы, што прыйшлі нейкія два хлопцы, просяць, каб выйшла. Хадоська, што ляжала на ложку, толькі нахмурыла вочы, недавольна падтуліла губкі; хтосьці з жанок памог:
— Перадайце, што хворая, што не можа выйсці…
Жанчына ў халаце з мокрымі гілямамі i з мокрымі чырвонымі рукамі — мыла, мусіць, штосьці — пастаяла, здзіўлена паглядзела на Хадоську, нібы чакала, што тая перадумае, неахвотна адчыніла дзверы. Тады пачулася гаворка з калідора: хтосьці голасна, можа, знарок, каб чулі ў палаце, гразіўся, што, "калі яна не выйдзе", — уломіцца проста ў пакой! "Так i заявіце!.." наказаў голас весела, як бы са смехам.