— От его — кавалер! — пахвалілі ў палаце. — Прыйдзецца ўстаць!
— Бо — i праўда ўломіцца! Зух, відно!..
— А то, можа, я за яе пакажуся?.. А, пабаялася!..
Пад рогат жанок Хадоська хуценька перапляла, завязала косы, паправіла халат: гэты баламут — Хоня — i праўда можа ўламацца, не адстане! Санітарка, выціраючы рукі, весела, з ухвалай прапусціла яе паўз сябе.
— Ты што ж ето — прызнаваць не хочаш? — зарагатаў Хоня, падаў Хадосьцы халодную, цвёрдую руку.
За ім паціснуў руку з зухаватым выглядам Алёша Губаты, пакпіў у тон Хоню:
— Задаецца! Куранёўскія лапці, думае!
— Скажаце!
— А можа, не? Трэці раз — як прыеду чаго ў Юравічы — заходжу — усё хворая ды хворая! Не можа выйсці! Не пазволено беспакоіць! Як якая юравіцкая барыня!.. Я ето ўжэ i матку папытаў: што ето, кажу, Хадоська ваша ўсё хворая? Дабіцца ніяк няможно да яе! А яна кажа: пагано, мабуць, дабіваўся!.. — Хоня зарагатаў.— Дак я i рашыў папробуваць: дабіцца добра!
— І дабіўся! — пахваліў Алёша.
— A няўжэ ж!.. — Хоня з захапленнем акінуў вачыма Хадосьчыну постаць. — Дак ты ж — ей-бо — хоць на выстаўку! Чым ето вас тут кормяць? Булкамі, мабуць, аднымі? Тó-та ляжыш сабе — i анігадкі! Не ляціш вельмі дадому!
— Я i сам адеюль не рваўся б дадому! — Алёша заверашчаў носам.
— А я б не ўседзеў тут доўго! Харчы — харчамі, а пахне ж неяк не па-людску! — Хоня смешна прынюхаўся. — Лекамі нейкімі, ці што? — Ён раптам, з вясёлай бесцырымоннасцю, папракнуў: — Доўго шчэ ты валяцца тут будзеш?
— Скоро ўжэ…
— Хваціць, скажы! А то — просто выглядаць цябе надаело! Ей-бо!.. Еду паўз хату тваю, гляджу: можа, ужэ паявілася?! На вячоркі іду, можа, ужэ i яна тут, думаю! Няма i няма! Я там з нуды сохну, а яна тут вылежваецца!
Хоня глядзеў з такім абурэннем, што Хадосьчыны губы задрыжалі ад смеху. Так, для прыліку, сказала недаверліва:
— Сохнеш. Яно i відно…
— А не сохну? От няхай Алёша скажа, калі я брашу! Прыйду на вячоркі, сяду, ушчыкнуць нікого не хочацца! От, Алёша не дасць збрахаць: шчыкаў я каго-небудзь?
— Дзевак — не, а пра Сароку — не знаю. Гаранцію на ету не даю!
— Пасяджу, падрамлю — i дадому. Цяпер чуць не кожын вечар Алёша рэжа на гармоніку. Дак i скакаць, як скажы ты, развучыўся! Усё от думаю: кеб Хадоська була, кеб з Канапляначкаю — полечку ці кадрыліцу на васемнаццаць кален!
Гаварыў, гаварыў, рагатаў Хоня — i загаварыў Хадоську. Схамянулася толькі тады, калі з мястэчка вярнуўся галоўны доктар, яшчэ чырванейшы з марозу, стаў строга аглядваць Алёшу i Хоню. Але i калі ляжала зноў на ложку, доўга цешылася ўпотай смехам, перабіраючы ўсё, што казаў Хоня. Да самай ночы весела згадвала вячоркі, дзяўчат, куранёўскія паляны, хадзіла, гаманіла лёгка, жвава; a ў поўнач, бяссонная, стомленая, раптам зноў забілася плачам, такім горным, што ледзь магла ўтрымаць стогн…
Ехала з бальніцы познім сакавіцкім днём. Сонца то прарывалася праз нізкія хмары, то прападала; здавалася, што вось-вось пачне сцябаць дождж ці мокры снег, але ні дажджу, ні снегу не было, сцябаў адно халодны вецер. Стылі ногі i рукі, a ca стрэх капала, i снег пад палазамі рыпеў мокра, паныла. Не хацелася ні аб чым думаць, нічога чуць. Бацька ў Юравічах заехаў да драўлянай крамкі, вынес нейкія дзве скрынкі — Нохім прасіў прывезці; пакуль давезлі, пакуль пастаялі каля Нохімавага плота, добра звечарэла. Цераз грэблю паўз чорную цагельню цягліся ўжо ў мокрай цемры. Хадоська не бачыла, калі зажаўцелі наперадзе рэдкія агні, зачарнела купа хат. Не варухнулася, не зірнула нават. Бы не было доўгай ростані.
Сярод вуліцы здрыганулася з неспадзеўкі: цішыню працяў злы брэх глушакоўскіх сабак. Кальнуў вочы агонь з іхняй хаты.
4
У тую вясну ні разу не пабачылі Хадоську ні на іфышчах, ні на вячорках. Ніхто за ўсё лета не чуў яе галаска ў дзявочых гуртах: як ні прасілі, ні разу не ирыйшла, не заспявала. І смяяліся, i спявалі Хадосьчыны таварышкі без Хадоські. Толькі i бачылі цяпер куранёўцы Хадоську на сенажаці, на полі — загарэлую, ціхую, упартую ў працы, з брацікамі i сястрычкамі сваімі, з бацькамі. Не змянілася яна нічым i ўвосень i ўзіму; жыла адзінока, як у лесе. Заходзіў быў у хату да яе Хоня, раз ці два — Міканор, але, бачылі ўсе, адступіліся скора: не зладзілася з Хадоськаю ў хлопцаў. Хадоська, казалі, нібыта гаварыць не захацела: маўчыць, маўчыць усё, быццам толькі i чакае, калі астанецца адна, — нецікава зусім з ею. Праўда, друпя жанкі казалі, што яна i не маўчыць пры хлопцах, што рада, каб хадзілі; сама нібы запрашала, але каму з хлопцаў цікава быць з такою? Тут часта пачыналіся спрэчкі: адны даказвалі, што бяда — бядою, што Хадоська цяпер — нават лепшая, паразумнела, не тое што якая другая дурніца ці сама яна ранен; друпя судзілі — сама вінавата, дык няхай i бядуе сама i на хлопцаў не спадзяецца вельмі…