Выбрать главу

І сустракаючыся з кім у полі, на дарозе, даўшы звыклы "добры дзень", Хадоська мінала хутчэй, бы баялася, каб не сталі, не прывязаліся. Не ўцякала яна цяпер — заўважылі — можа, толькі ад аднаго Хоні, хоць i да яго хілілася не вельмі. А так, можна сказаць, між людзей была Хадоська — або ў царкве, у якой слухала i малілася, як мала хто, шчыра, або на дарозе да царквы.

Яшчэ заўважылі ў Куранях, што пры такой непрыхільнасці да дарослых Хадоська аж дзіва гарнулася да дзяцей. Ахвотна бавілася яна з суседскімі, што вечна таўкліся каля яе, a сваіх малых брацікаў i сястрыц дык глядзела заўсёды, мілавала, бы матка. І карміла, i паіла, i мыла — i не адзін дзень, для прыліку, a ўсе гады — i з якою ахвотаю, з якою любасцю! Ігнаціха, Хадосьчына матка, нахваліцца ёю не магла.

А яшчэ злыя языкі казалі, што за ўсе гэтыя гады не было такога, каб Хадоська падышла к якой маладзіцы, у каторай фудное на руках. Казалі, бачыць не магла, чарнела тварам, уцякала падалей адразу. Усяго ўсякага — калі было да гаворкі — казалі пра Хадоську, i было ў тых гаворках іншы раз i такое, што ў яе "не ўсе дома", што яна трохі, не інакш, "кручаная". І невядома яшчэ, чым яно ўсё кончыцца!

5

Хадоська ўночы багата думала пра Ганну, пра бяду яе. Hi ў думках, ні ў сэрцы не было ладу. То як бы спакайнела: не яе бяда, чужая; то гарэла злой радасцю: ёснь на свеце праўда, прыйшла кара; то раптам, чулая, кволая, спачувала: бяда такая! Жаль кволіў, калі думала, як Ганна недзе б’ецца над дамавінай, над белай горкай магілы; ужо, здавалася, гатова была з даўняй, нібы жывой яшчэ таварыскасцю дараваць усё, але амаль кожны раз думкі цямніў Яўхімаў цень, i ў чулы жаль яе ліўся горкі струмень, вёў у душу супярэчлівасць, незмірымасць. Незмірымасць большала, камянела, калі ўспамінала сваё бедаванне, сваё малое, якое нібы зноў траціла…

У такой супярэчлівасці i ўбачыла Хадоська Ганну, якую везлі назад Чарнушка i мачыха той жа дарогай паўз лес. Хадоська была блізка ад дарогі, i Ганна добра відна была: сядзела на калёсах, па-старэчы згорбленая, ашчаперыўшы рукамі калені. Рукі былі сашчэплены так, што здалося — не разарве ніхто. Навек. І сама сядзела так, бы не выраўняецца век. Яшчэ заўважыла Хадоська: вочы былі згаслыя! Як сляпыя! У той момант Хадоська не думала нічога, толькі глядзела, чулая i збянтэжаная. Яна нібы нанава бачыла Ганну. Чарнушка раптам з калёс пакланіўся ёй, неспадзеўкі твар яго скрывіўся болесна, ён правёў рукавом па вачах, адвярнуўся. І яго паклон i слёзы яшчэ далі Хадосьцы збянтэжанасці.

Збянтэжанасць i вінаватасць жылі ўвесь той дзень. Ці грабла сена, ці зносіла яго ў копы, чула сябе вінаватай перад Ганнай, перад светам, асабліва ж перад Богам, які, ведала, бачыў усё, што яна думала! Праўда, вінаватасць i цяпер жыла не адна: час ад часу i цяпер лезла, блытала ўсё бязладдзе пачуццяў i думак…

Увечары, толькі сцямнела, да воза, дзе яна вячэрала з бацькам, прыплёўся Міканор. Прыходзіў ён не першы раз, надзелы былі блізка, але Хадоська глядзела на яго рэдка i строга. Часам чула на сабе яго важкія позіркі, сціскалася i тулілася, хмурачы бровы, чакала, што будзе далей. Далей не было нічога. Міканор нібы таіў штосьці, уставаў, цягнуўся к свайму табару. От i ў гэты вечар курыў, гаманіў з бацькам ира надвор’е, пра сена, лагодна, цярпліва снрачаўся за калгасы: калгасы, пабачыце, дакажуць сваё! Гаманіў, а Хадоська час ад часу чула ўпоцемку— зноў глядзіць на яе! Спрэчку не скончылі i ў гэты вечар: бацька, упарты, гатовы ўскіпець, схамянуўся, што коні не поены, ахвотна знік упоцемку Хадоська насцярожылася.

— Чаго ето ты Хоню мучыш? — прамовіў Міканор не адразу i не легка. Нібы заступіўся: — Ходзіць столькі! І такі хлопец!.. А ты мучыш!..

— Няхай не мучыцца! Я не прашу!

— Дак любоў жа не ад таго… просяць ці не просяць… Яна сама — як зараза якая… — За ўсім гэтым Хадоська чула нешта важкае, стоенае, як i яго позіркі.— Ці ты не любіш яго?.. — Яна прамаўчала: знарок стала корпацца ў возе, быццам ладавала пасцель. Ён стаў побач, узяў яе за руку. — Ці мо… я табе падабаюся?

Ён спрабаваў жартаваць. Але Хадоська чула, што гэта не смешкі, i ёй было пагана. І яшчэ чула яна, які ён дробны, бяссілы перад ёю, Міканор, якога так не любіў i пабойваўся яе бацька. Ён, праўда, не аддаў руку, калі яна хацела ўзяць, — знарок, з мужчынскага гонару, сціснуў дужэй. Абняў дужаю рукой. І ўсё ж Хадоська чула сябе мацнейшаю, варухнула непрыхільна плячыма, i ён нехаця выпусціў. Адышоў, закурыў папяросу.

— Не падабаюся, значыць?..

Яна не адказала. Тут пачулася бесклапотнае пасвістванне — хтосьці ішоў да ix; яшчэ да таго як той падышоў, абое ведалі ўжо: Хоня. Хоня бліжэй перастаў свістаць, паздароўкаўся ціха, стрымана.