Усё нібы i шло дасюль, як хацеў. Жаніўся непагана, выгадна. Да свайго надзелу прыпісаў Пракопавай больш як паўдзесяціны, i зямлі не абы-якой! Пасаг за Маняй добры ўзяў! Скора пасля таго, як жаніўся, прывёў каня — не здыхляціну, а каня — людзям на зайздрасць! Жаніцьба выгадная — памагла!.. Памагалі вуллі: мёд — на юравіцкім, а то i мазырскім кірмашах — прыкметна падбаўляў грошай. Разам з дзедам выдзяўблі яшчэ тры калоды, усцяглі на сосны. Яшчэ ў тую восень стаў вазіць лес на хату; у пару то з маўклівым, старанным для дачкі Пракопам, то з яго Пятром: склады бярвення на двары, на вуліцы перад селішчам раслі проста ўвачавідкі. Дзякуй Богу, лес не дзе-небудзь, а пад бокам, ды i Міцю-лесніку дзякаваць: паперку на парубку загадаў узяць так толькі, для прыліку; па той паперцы заплаціў за сем дрэваў, а звёз на цэлую хату! Набраў, лічы, бясгілатна, хіба што на гарэлцы трохі вытраціўшыся.
Увосень жа з Пракопам укапаў шэсць дубовых слупоў, паклаў падваліны. Злажыць зруб удалося небагата, бо хутка ўчагііліся маразы, паваліў снег, але аснова, што б там ні казалі, была, усю зіму цешыла вока! Хату, бачылі ўсе, стаўляў не абы-якую — пяцісценку, на два пакоі! Не лічачы сенцаў. Сенцы меркаваў потым прыставіць, вялікія, як палавіна хаты. Акрамя хаты, браўся гумно злажыць. Зімой два добрыя дубы на сохі зваліў, прывёз на санях, паклаў пад сцяной старога гуменца. Адным словам, бачыў ужо i хату новую — пяцісценку, з сенцамі, бачыў i добрае гумно, бачыў, што ў людзі выходзіць пачаў…
"Толькі пачаў станавіцца на ногі! Толькі пачаў жыць! І от — на табе!" Аддай вуллі, якія дзяўбаў, цягаў на хвоі ці ты, ці дзед, якія кормяць, дзержаць цябе! Аддай у арцель коніка, якога набыў з трудом такім, якім, можна сказаць, i нацешыцца не паспеў! Аддай чорту нейкаму за нішто, абагуль з якою дыхляцінай; аддай у чужыя рукі, над чужыя злыя пугі, глядзі, як ганяць яго будуць, бы байструка якога, не лічачыся ні з ахвотаю, ні з сілаю яго! Аддай зямельку сваю, якая яна ні ёсць, але на якой ты цар-валадар; аддай тую пасажную налоску, з якой парадніўся толькі; аддай сваё на нічыё, змяняй матку родную на мачыху! Аддай гуменца сваё, якое ўжо ў думках паставіў, аддай плуг свой, калёсы свае, хамут, аброць, усё, што ты нажываў, агорваў, недаядаючы, недапіваючы, выжыльваючыся! Аддай за добрыя словы, за абяцанкі! Аддай за нішто!
Не, няма дурных! З таго, што пячэ несйравядлівасць, што бачыць добра: ашукаць, абдурыць хочуць, — дужэе злая, гарачая ўпартасць. Няма дурных! Хай, каму падабаецца, той ідзе! Каму сваё надакучыла, каму гак нагана! "А мне i так непагано! Я i так пражыву!.. Вы сабе, а я — сабе!.." Узяло сумненне: так яны i дадуць рабіць, як яму хочацца! Ён тут жа згадаў Апейкава абяцанне: гнаць не будуць, але не вельмі супакоіўся, нібы не паверыў: "Будуць ці не будуць, а — не найду! Скажу: не i не! Хай хоць што!.."
Цвёрдасць, рашучасць свая ўсё ж давалі глядзець уперад з нейкай надзеяй. Ужо не так ныла, калі думаў: "Толькі станавіцца пачаў… Толькі пачаў жыць…" Можна было ўжо думаць нават пра розныя заўтрашнія клопаты; за драбязой рознай прыйшоў неўзабаве i спакой, вольны, бяспамятны…
Агонь, забыты людзьмі, хутка апаў, сацьмеў, але абгаркі, вуголле доўга яшчэ не тухлі, зырчалі ў вільготнай, душнай цемры каля Міканора. Доўга не ўціхаў, зырчаў i неспакой у Міканора: вясёлае, прыкрае, клопатнае ішло, лезла, тачыла i тачыла незлагаднасцю, супярэчлівасцю думак. Сярод блытаніны ўсёй то дужэй, то цішэй гаманіў, звінеў вясёлы ручайчык радасці: які ён ні ёсць, а пачатак — зроблены, арцель сабралася, аб’яўлена, арцель, як там ні глядзі, жыве! Багата ці не багата ўступіла, а арцель, усе чулі, ёсць i ў Куранях! Але ручайчык радасці амаль не бег чысты, ясны; ледзь не ўвесь час цямніла яго недавольнае: ёсць яна, арцель тая, толькі ў гаворцы; рабіць жа i жыць пакуль усе захацелі паасобку! Ды каб i рашылі разам — колькі ix у сяле, сярод іншых! Тады ручайчык зусім мутнеў: колькі часу, сілы аддаў гаворкам аб арцелі без толку! Калі думаў пра гэта, аж браў адчай: эх, людзі! Даб’ешся хіба чаго з такімі, калі чуць, разумець не хочуць нічога! Як глухія i сляпыя! Горш за сляпых! Сляпому дай руку — пойдзе! Ды падзякуе яшчэ! І глухому — на пальцах пакажы толькі! А тут: вазьмі руку — вырве! У другі бок пойдзе! Бы ў багну завядуць яго! Брала злосць, калі ўспамінаў недаверлівую гарачкаватасць Васіля — суседа: гэтаму дык i казаць не кажы, што на цвёрдую дарогу выведзеш! У гэтага свая дарога, гэты i сабе раз у тыдзень верыць! Сам, усё толькі сам, ды каб далей ад усіх! Лезе, аж ірвецца, жылы ўсе напяў! Прыдбаў трохі, хату ставіць пачаў, дык як на ворага якога зіркае! Без малога — як Глушак той стары! Уламай такога, паспрабуй! Яшчэ больш злаваў, калi на памяць прыходзіў Андрэй Руды! Калi б ні загаварыў з ім, ківаў усё, памагаў Марксам, Калініным, Някрасавым — свядомы такі, перадавы! A толькі да справы дайшло: "Не так ето ўсё просто — Расею на новыя рэйкі", — i шасць у тыл! Дэзерцір, балбатун, Маркса шчэ прыплятае! Недавольнасць брала i калі ўспамінаў, як вёў гаворку каля агню Апейка: падышоў, падступіўся — дык бяры быка за рогі, атакуй! Даб’ешся не даб’ешся, а спрабуй, атакуй! Дык не, пагаварыў, пагаварыў — i стаў! Добра, што ён, Міканор, у час выйшаў, рынуўся наперад! А то так i кончылася б нічым! І смешак — лішне ў яго; сур’ёзны момант — не да смешак вельмі!..