Колькі ж тут думак перадумана, між гэтых сівых зараснікаў, колькі надзей памерла, колькі расчаравання i злосці сатлела! Людзі думалі, ірваліся душою, а жыццё ішло сваёй мернай, важкай хадою, абыякавае, бязлітаснае да людскіх мар i стогнаў! Ішло, пакуль аднойчы не павярнулі яго, не перайначылі хаду: мокрае балота бачыла тады, мабыць, натоўпы нібы незнаемых, ахмялелых людзей; яго кроілі нанава, спрачаліся, радаваліся, браліся загрудкі. Калі перакроілі, аціхла, i ўсё як бы зноў пайшло роўнай, вечнай дарогай, з тымі ж клопатамі, неспакоем, з тым жа імкненнем.
Упершыню, як прыйшлі сюды людзі, даводзіцца ім думаць такое, пра што тут, мабыць, ніколі i не снілі. Жыць арцеллю адной, адной сям’ёй, аддаць усё нажытае, панішчыць усё звыклае, праверанае гадамі, зладжанае бацькамі i дзядамі! Ёсць чаго думаць: ніколі нікому не выпадала ламаць галаву над такой загадкай, трывожыцца такой трывогай, чуць такі неспакой перад заўтрашнім.
Тут у высокі лад думак увайшла зямная клонатнасць: згадалася нядаўная справаздача ў акружкоме, на якой казалі ім i запісалі, што калектывізацыя ў раёне ідзе слаба. Хоць было трохі крыўдна, што ў Мазыры быццам бачыць не хацелі ўсяго, што яны тут рабілі, як ім тут цяжка, Апейка не спрачаўся ні тады, ні цяпер: як бы там ні было, зрабілі i праўда небагата. Няхай не таму, што пусцілі на самацёк, як там гаварыў хто-ніхто, a зрабілі-такі небагата. Праўда, бяда тут не толькі ў працэнтах, на якія ўжо аж лішне націскалі на бюро. Бяда ў тым — i гэта асабліва трывожыла Апейку i цяпер, i ўсе дні да гэтага, — што з тых адзінаццаці калгасаў, якія ёсць, большасць ледзь ліпяць. Бяда, вядома, што яны малалікія, а яшчэ горш, што ледзь не ў кожным няма добрага ладу. І прычына найбольшая ў тым, што мала дзе — кіраўнікі як трэба: не ўмеюць, не могуць кіраваць! Арганізацыя працы ў большасці — кепская, кепская дысцыпліна! Кепскі ўлік!.. Не хапае добрых кіраўнікоў, не хапае рахункаводаў! Не хапае вопыту!..
Заплюшчыўшы вочы, засынаючы ўжо, Апейка падумаў, што трэба ўсе гэтыя дні, пакуль лета, аддаць калгасам — памагчы ўмацавацца ім. Падумаў з надзеяй пра восень: увосень людзі з’едуцца з лугоў, з палёў, спадзе працоўная гарачка. Увосень павінны рушыць хутчэй. Хутчэй, шырэй… А пакуль — больш увагі новым калгасам!.. І — дадому, к бацькам… выбраць час, наведацца… Пачуў, як пырхнуў недзе конь, i здалося — маленькі зноў, прыгнаў пасвіцца кабылу. І яшчэ дайшло — бліснула недзе недалёка. Бліснула i загрымела, туга, працавіта…
5
Раніцай неба было без адной хмурынкі. Край яго над лесам густа пунсавеў, так што здавалася, вось-вось загарыцца лес. Вышэй ад лесу пунсовасць слабела, паступова пераходзіла ў ружовасць, якая ахоплівала паўнеба. Усё на лузе: кусты, лужы, копы, пракосы — таксама ружавела. Увесь луг як бы дыміўся.
Яшчэ да таго, як выйшла сонца, Апейка i Міканор каля воза перакусілі тым, што падала, просячы выбачэння ў госця, Дамеціха. Падзякаваўшы Дамецісе за сняданак, Апейка, у расхрыстанай сарочцы, з закасанымі рукавамі, з яшчэ больш ружовай, чым звычайна, лысінай, што свяцілася праз рэдзенькае светлае валоссе, дастаў з воза касу, неяк хітравата зірнуў на Міканора:
— Дык што ж, можа, твая праўда — пачнем сягоння? Паспрабуем па-новаму, па-калгаснаму, а?
— Канешне, не трэба адкладуваць! — адразу ўхапіўся Міканор.
— Адкладваць не трэба, але трэба рабіць з толкам. Я прапаную, — Апейка глядзеў усё з хітрынкай, — улічваючы абстаноўку — пераходную форму. Касіць будзем так, быццам косім кожнаму, але — разам, калектыўна. І капіць будзем кожнаму, калектыўна. А як ты мяркуеш?
— Можна i так, — сказаў прыкметна халадней Міканор.
— Дык — з каго пачнем?
— Да ўсё адно. З Зайчыка можна.
— З Зайчыка, — падтрымаў i Дамецік, што сачыў за гаворкай збоку.
— Што ж, давай з Зайчыка.
З косамі цераз плячо ўдвух: адзін у крамных штанах i ў ботах, a другі, як i ўсе вясковыя, у зрэб’і, у лапцях, пачоўгалі па мокрай траве, цераз накошу, зайшлі да Хоні, які ўжо браўся касіць.