Ён так ні разу i не дасніў страшнага сну да канца: кожны раз абуджаўся, калі коні i калёсы от-от мусілі не вытрымаць пагібельнага лёту. Але, мабыць, якраз ад гэтага страх перад тым, чаго недасніў ні разу, што было там, за мяжою перабытага, найбольш i гнёў яго, таміў душу няпэўнай i нядобрай невядомасцю. Страх гэты дзіўна не цьмеў у яве, ён як бы пераходзіў з грызненняў у жыццё. Тая ж злая невядомасць чулася i наперадзе ў жыцці, злая асабліва таму, што яна ўжо не была прывідам, трызненнем. Яна была праўдаю, чутнай моцна, рэальнай.
Трывога перад заўтрашнім была самаю вялікаю трывогаю яго цяперашняга жыцця. Як агромністая хмаpa, вісела яна над Глушаком, цямніла ўсё сваім ценем. І усё ж, хоць чуу яс над сабою, чуу, што насоўваецца больш i больш, жыў, як i ўсе, як i іншымі гадамі: араў, баранаваў, касіў. Хоць без радасці, без лёгкасці былой, стараўся, асабліва на сенакосе, гнаў сябе i падганяў другіх. Як бы не мог перайначыцца, перастаць жыць тым, чым звык жыць заўсёды, што навек уелася ў душу. Перастаць жыць заўсёдным клопатам было яму як смерць. А ён хацеў жыць. Ён ірваўся жыць.
Часам, праўда, i яго ўпартыя жылаватыя рукі абвісалі без сілы, браў одум: ні на што ўсё гэта, яго гонка. Усё адно — ветрам пойдзе. Гаду якому — хутчэй — на карысць!.. У такі момант кожны раз востра пякло неадступнае: што рабіць? Адтаго, што думаў пра гэта ўжо багата, што прыдумаць не мог нічога толкам, што ведаў — змяніць нічога не можа, не здолее, як бы ні стараўся, з безнадзейнай роспаччу грудзі раздзімала важкая, безвыходная злосць. Увесь свет ненавідзеў! Увесь свет вінаваты быў, што яму так пагана!
Потым браўся зноў за працу, уядаўся, як сляпы. Робячы, спакайнеў патрохі; важкія думкі сплывалі, не вярэдзілі ўжо вельмі, боль аціхаў. Звыклы клопат, стома як бы захіналі ўсё туманам, як бы п’янілі — хоць i гарэлкі апошнімі днямі Глушак часта не цураўся. Ці ў гарэлачным, ці ў клопатным чадзе Глушаку чулася — хмара над ім нібы лягчэла, не так ужо гняла; тады прылівала дужасці, упартасці, душу цешыла надзея: быць не можа, каб так ішло век, каб не перамянілася! І ў Бога — цярплівасць не вечная! І ў Бога ж цярплівасці ёсць край! І літасць ёсць к няшчасным!.. Усё шчэ павернецца! Рана зарадаваліся, людзейкі!..
2
У жыцці кожнага чалавека бываюць такія моманты, пра якія раней ці пазней чалавек думае: от ён — пачатак перамены; пачатак радасці ці бяды. Быў i ў Глушака момант, калі стары воўчым нюхам пачуў, што жыццё робіць цвёрды паварот; нядобры паварот — мусіць каціцца ўніз.
Не раз i не два прыходзіў Глушаку на памяць гэты момант, які ўсё вастрэй вырэзваўся першай, фознай вяхою бяды. Было гэта залеташняй восенню, хмурнаватым i халаднаватым днём, які прывёў яго к Нохімавай краме ў Ілінішчах. Каціў Глушак на калёсах цераз вуліцу, цераз грэблю, цераз Алешнікі нібы так сабе, купіць такой-сякой дробязі для дому; са звыклай, на ўсё жыццё засвоенай скрытнасцю таіў, што вядзе туды дзіўная няясная навіна, з якой былі ў душы не толькі цікавасць, a i няясныя пакуль надзеі, клопаты: дачуўся Глушак — прадае ўсё Нохім, збіраецца кудысьці ехаць!
Яму не пашанцавала: на дзвярах i на аканіцы Нохімавай крамы ляжалі рудыя жалезныя завалы. Глушак пастаяў момант раздумліва, прывязаў каня да штыкету, прайшоў паўз вокны гэты год нефарбаванага, дзе-нідзе аблезлага дома — вокны глядзелі на мокры коварат моўчкі, няветліва. Між сярэдніх вокан вісеў, мабыць, ад нядаўняга свята, партрэт Леніна ў акуратнай рамачцы — Глушак улавіў хітрынку ў вострым позірку, хутчэй адвёў вочы. Калі цераз ціхі, пусты двор йадаўся да ганка, з хаты выйшла прышчаватая дзяўчына — нейкая Нохімава, казалі, сваячка. Несла вядро з бруднай вадою: мыла, мусіць, падлогу, глянула на Глушака коса, буркнула, што Нохіма няма, i пацягнулася сваёй дарогай за хлеў Глушак йачакаў яе, але толкам i не даведаўся нічога: усяго i выпытаў, што Нохім паехаў кудысьці, прадаваць у краме нічога не будзе. Сказала, што не ведае, ні куды паехаў, ні калі прыедзе.