Выбрать главу

— Што ж не таргуеш? — лагодна папракнуу— Па два разы прыязджаць прыходзіцца!

— А хоць бы i дванаццаць разоў — усё адно замок буў бы на краме. — Нохім выцер белыя рукі сенам, заявіў: — Не таргую.

— Чаму ж ето?

— Няма чым таргаваць. Разарыўся саўсім.

Глушак падумаў: "Кожны рад буў бы разарыцца, як ты! І рошай, пэўне, палічыць не палічыш! Ухаваў дзенебудзь!.." — але паказаў, што паверыў, кіўнуў, нібы спачуваючы:

— Яно канешне. Цяперашнім часам не разгонішся вельмі…

— Можна було б i разгарнуцца, штоб уменне ды штоб не добры Нохімаў хараісгар. Усё пайшло, Халімон, можно сказаць, задарам людзям. Распетрыў усё дабро, дурная галава, а не зарабіў ад людзей i "дзякуй"! Не тое што грошай! Бацька мне казаў: "Не ўмееш таргаваць, Нохім, — не бярыся! Таргаваць — ето не боты шыць!" Таргоўля спрыт любіць, а спрыту ў мяне няма! А як спрыту няма, дык i таргоўлі няма! Е толькі адны мышы на паліцах! От што е!

— Мышэй у мяне сваіх хапае, Нохім. Солі, можа, знойдзецца з паўпуда?

— Хіба што табе толькі, са свайго запасу З таго, што самому сабе бярог на чорны дзень. — Нохім выйшаў з хлява, зачыніў вароты. — Кінуў саўсім таргоўлю я. Бачу ўжэ: не за сваё дзело ўзяўся. Бацько мне тады праўду казаў. Мае дзело, Халімон, у майстэрні боты шыць. Ты ж, можа, помніш, як я некалі ў шавецкай каморачцы гібеў? З рабочых людзей, з рабочага класа выйшаў, сам знаеш. Дак дзе ўжэ нам, рабочаму класу, у таргоўлю лезці?

— Ты саўсім ето — зачыніць хочаш? — не верылася Глушаку.

— А чаго тут зачыняць! Зачынілася ўжэ, можна сказаць! Само! Чаго там было зачыняць — пляшка якая карасіны, тры пачкі запалак ды жменя солі! Толькі слова адно — што крама, таргоўля свая! Толькі рукі пэцкаў, дурная галава! Было з-за чаго слухаць, як цябе ўсякі называе нэпманам, капіталістам, буржуем! З-за нейкай пляшкі карасіны, што ты даў савецкаму селяніну! Нашто мне гэта трэба, Халімон! Хіба я сам — вораг які савецкай уладзе! Я толькі дабра хацеў уладзе, памагці хацеў! А як вам не падабаецца гэта, дак нашто мне яно! Нашто я мучыцца буду! Пайду назад у рабочы клас, у шаўцы! У арцелі боты буду шыць людзям!

Ужо калі Нохім насыпаў у сенцах торбу солі, Глушак не ўтрываў, пацікавіўся асцярожна:

— Чуў я, што Іцко паехаў кудысь?

— Паехаў…— Нохім уздыхнуў — пачуў Глушак — няшчыра; зіркнуў уважліва i як мог прыязна. — А што там яшчэ гаварылі?

— Ну, што паехаў кудысь…

— Паехаў. Кінуў бацьку. Сказаў мне: з такім буржуем, як ты, сорамна жыць у адной хаце! Кінуў усё i паехаў!.. От выгадаваў дзіця, Халімон!..

Глушак пільна сачыў: мо прагаворыцца хоць словам, дасць што-небудзь для здагадкі — не, вядзе асцярожна, хітра. Стары падчагііў:

— У Маскву, кажуць?

— У Маскву ці ў Кіеў — хто знае! Не піша! — Нохім пакруціў галавою, нібы папракаў сына.

— Вучыцца, кажуць?

— Не, брахня! — запярэчыў не вельмі спакойна Нохім. — Дзе ўжэ яму вучыцца, Халімонко! Рабіць на завод падаўся! У рабочы клас пайду, казаў!..

Едучы назад, Глушак перабіраў, узважваў усё, што пачуў, уведаў. "У арцель сам! — ніяк не ціхла здзіўленне. — Сам зачыніў магазін! Набытак увесь сгілавіў!.. І, мабуць, па дзяшоўцы, не брэша, мабуць…" У Глушака ў неадступнае здзіўленне ўлезла думка, што, каб не празяваў, можна было б прыдбаць тое-сёе па дзяшоўцы; але цвярозасць адразу прыдушыла яе: прыдбаць, уперлася ж у галаву такое!.. "Сам закрыў магазін, набытак сплавіў! Іцку ў горад паслаў!.. Чуе, значыцца, што не к дабру ідзе ўсё, што дабра не будзе!.." З заўсёднай зайздрасцю Нохімавай хітрасці, з нязменным вывадам: няма на свеце чалавека хітрэй за яўрэя — легла Глушаку на душу важка, цвёрда трывога: надзеі на добрае няма, пагібель ідзе! Нохім сам чуе!..

З тых адведзін багата дзён i начэй згадваў Нохіма: трэба было i яму, Халімону, штосьці рабіць, неяк выбівацца з дрыгвы, у якую грузлі ногі i якая магла неўзабаве ўцягнуць усяго. Лазячы думкамі ў гэтай багне, шукаючы i не бачачы жаданай выспачкі, дзе б можна было чуць сябе спакойна, Глушак часта проста-такі ненавідзеў Нохіма: яму, спрытнаму гандляру, добра; ён — як птушка: сеў, пасядзеў, махнуў крыламі i — дагані яго. Ён i ў новым месцы выкруціцца, шырэй за другіх уссядзе! Яму ўсе гарады, увесь свет адкрыты! А ты — як ты выскачыш, калі ты без зямелькі, без гумна, без свірна свайго — што чарвяк! Што галадранец вашывы! Чым больш меркаваў Глушак, тым больш цвярдзела перакананне: што б ні было, яму няможна пускаць на вецер усяго дабра, аддаваць самому за нішто. "Дзяржацца, дзяржацца трэба — хоць зубамі, да астатняго!" — думаў упарта, наказваў сабе стары. У гэтым бачыў ён сэнс цяперашняга свайго жыцця сярод багны, на якую завёў яго лес. "Дзяржацца да астатняго — ды ждаць! Не апускаць рук, не падаць самому на дно!" Чалавек цвярозага розуму, ён, які зведаў усяго ўсякага за свой неспакойны век, у той бязлітаснай i літасцівай заўсёднай зменлівасці, якая то балюча біла па твары, збівала з ног, то дзьмула добра ў спіну, — бачыў цяпер сваю наибольшую надзею. "Не вечно нішто, — думаў, цешыў ён сябе, найчасцей ноччу, памаліўшыся перад абразамі.— Адзін Бог вечны. Булі паны, булі бальшавікі. Крычалі: уся ўласць народу навек! Сабіраліся сядзець век. А патом — як турнулі палякі, дак ляцелі — аж лапці мілыалі! Не вечно i цяпер! Цары булі вунь болей як трыста гадоў, a i то не ўседзелі. Не вечно i етыя, бальшавікі. Турне хтось i етых, мо тыя ж палякі! І мо — вельмі i скора! Гатовяцца вунь — пішуць — за іраніцай даўно!.. Наступіць дзень скора, буць не можа, кеб не наступіў!..