Выбрать главу

Дзяржацца трэба! Учапіцца ў землю ды ждаць, ждаць!.."

У такія хвіліны думаў пра Нохіма як разумнейшы: "Хітры ты, хітры, яўрэй, a i дурны. Распетрыў ca страху ўсё сам, гатовы развеяць усё да гіўшынкі, а як вернецца добры час — дзе яго, тваё, сабярэш? Ухопішся за голаву, заенчыш — ды не выправіш нічого!.. Ждаць трэба, ждаць! — наказваў сабе. Перакананы ў сваім, меркаваў: — Прадаць тое-сёе, канешне, не шкодзіць. Скаціну якую пусціць на кірмаш, малатарню, можа, збыць на ўсякі выпадак, да пары да часу. Узяць грошы да пары да часу. Грошы, што там ні кажы, да пары да часу, надзейней, не прападуць, штоб там ні было. Можно запрагорыць у землю— сам чорт не знайдзе! І няхай ляжаць, ждуць сабе, калі добры дзень прыйдзе! Грошы не прападуць, прадаць тое-сёе не шкодзіць, але вырываць свой корань з зямлі — толькі дурань вырве!" Цвярозы, ясны асабліва ў цемры i цішыні ночы, Глушакоў розум з мудрасцю разважнай, вопытнай раіў яму: "З людзьмі — да пары да часу — заядацца не трэба! Мякчэй, хітрэй да людзей трэба! З Чарнушкамі пабліжэй, падабрэй трэба — трудзяшчыя сваякі, заступка, якая ні ёсць! Маўляў, самі галадранцаў не цураемся, як адна косць з імі!.." Мелькам, бы наводдаль, у думках прайшло злое: "От, як яцо павярнулася ўсё: хоць ганарыся сваяцтвам такім!"

3

Глушак скінуў снапы ў застаронак, загадаў сыну выводзіць калёсы з гумна. Сцяпан аброццю прыціснуў галаву каня да персяў, налёг локцем на хамут — конь неахвотна, але пакорліва пачаў адступаць задам: ён адышоў так крокі са тры, калі калёсы наткнуліся на штосьці, сталi.

— Пастой! — крыкнуў стары сыну, недавольны, узяўся за задок калёс: няўдаліца Сцяпан i тут не выкіраваў як трэба — утулкаю кола зачапіў за варотнае шула.

Глушак, крэкчучы, падняў задок, пераставіў ад шула. Калі Сцяпан выбраўся з гумна — загадаў распрэгчы, накарміць каня; сам пастаяў трохі, паглядзеў на загуменную дарогу, зноў пасунуўся ў гумно. Палічыў снапы. На прыгуменні, што чырванела водсветам заходняга неба, ён зноў павёў позіркам — ці не відаць Яўхіма з возам. Яўхіма ўсё не было, i Глушак пачаў злаваць. Не першы раз падумаў, што — патана, калі ў адным гумне разам два гаспадары, хай хоць ён, той другі, i сын табе. Успомніў, што не раз — як сваю — браў Яўхім яго мякіну, тры разы — як са сваіх — насыпаў сабе з яго мяшкоў

"Сын, сын, a i за ім — вачэй не спускай! Шчэ, можа, болей, як за чужым, бо ён тут жа, пры табе, у тваім гумне! Няма таго, кеб бацьку старому памагці, дак сам урваць астатняе ад бацька, старца, гатовы!.." Ён падумаў, як няшчасны, што i з Яўхімам не саўсім пашанцавала яму: не шкадуе бацьку, сам абірае роднага бацьку! — пачуў у сабе тую нутраную злосць на ўсіх, на ўсё, якая цяпер нярэдка брала яго…

Намерыўся ўжо ісці на двор, калі ўбачыў на дарозе з вуліцы чужую постаць. Пазнаў Хоню — "Бацька з маткай" — i стаў насцярожана чакаць: што яшчэ прынесла з гэтым чортам?

— От, дзядзько, — палучыце! — падазрона весела сказаў Хоня, падаючы паперку.

Глушак з таго, як ён гаварыў, пачуў, што паперка нядобрая нечым, кальнуў позіркам у яе: што там.

— Што ето?

— Налог, дзядзько. Абавязковы налог.

— Дак я ж ужэ палучыў…

— Ето тачнейшы.

Глушак хацеў ужо ўзяць, калі Хоня раптам пацягнуў паперку сабе: чамусьці засумняваўся. Прыгледзеўся, пакруціў галавою:

— Не, ето не ваша! Ето — Зайчыкава! Чуць не адцаў чужую! От — ваша!..

Глушак кінуў востры позірк — i недарэмна: было ўжо не сорак восем, як у тым абавязацельстве, а — пяцьдзесят шэсць! Пяцьдзесят шэсць пудоў!

— Ето — утачнілі! — прасіпеў, чуючы, як злосць важка раздзімае грудзі. — Дак, можа, вы i падумалі — дзе я вазьму столькі?

— Ето ўжэ вы падумайце самі.— Хоня сказаў так, здалося, здзекліва, што ў Ілушака затрэсліся дробна рукі. Не знайшоў што i адказаць з гневу. Хоня выбраў яшчэ лісток. — І от — Яўхіму аддайце!