Выбрать главу

— Дак ці ж я проціў, Міканорко, штоб выконуваць! — Глушак трохі не маліў.— Дак багато ж вельмі! Кеб хоць зрэзалі сколькі! Штоб пад сілу було!

— Дзядзько, здавайце i — хутчэй! — пагразіўся непрыступна Міканор, выцершы твар i рукі, сядаючы за стол.

Дамеціха, што падавала міску з баршчом, паспрабавала заступіцца за госця, які так прасіў, але Міканор зразу ж загадаў строга:

— Мамо, не ўмешвайцеся, куды не трэба!

Міканор сёрбаў, не гледзячы на Глушака, не тоячы непрыхільнасці, недавольнасці тым, што ён прыйшоў, сядзіць; а Глушак, хоць бачыў усё, сядзеў, са сціплым, няшчасным тварам, цярпліва чакаў, не хацеў траціць надзеі.

Было ціха. Глушак чуў, што самае лепшае пакуль — сядзець так i маўчаць. Маўчала i Дамеціха, баючыся, мабыць, угнявіць сына. У цішыню адно Дамецік уплятаў залівісты свіст з палацяў. Доўга маўчалі. Глушак яшчэ спадзяваўся, што прыйдзе зручная хвіліна, калі можна будзе пачаць зноў. Прасіў толькі ў думках Бога, каб не прыперла не ў час каго-небудзь з суседзяў. І калі ўвайшоў хтосьці на двор, пачуў адразу. Чалавек ішоў хутка, рашуча.

Бразнула клямка, i ў хату рушыў — не хто іншы — Яўхім. Без шапкі, з раскіданым чубам, з расхрыстаным каўняром, кінуў на Міканора, на Глушака неспакойным бляскам вачэй. З аднаго позірку ўбачыў бацька, што Яўхім "сарваўся". Стрымлівацца, думаць ужо не зможа. Папрэ напралом.

— Ето ты распарадзіўся? — Голас яго прыкметна дрыжаў. Яўхім узяў з кішэні паперку, сунуў на стол.

Міканор кончыў есці, адставіў міску, выцер далоняю губы. Спакойна паглядзеў на паперку, на Яўхіма.

— Улада распарадзілася.

— Ты знаеш, с-сколькі ў мяне будзе?

— Знаем.

— Знаеш! — Яўхім ледзь стрымліваў сябе. — Дак калі я ўсе, што змалачу, аддам вам! Сабе не аставіўшы! Не хваціць на налог вам!

Міканор пакапаў мезенцам між зубоў.

— Хваціць.

— Хваціць! Ты знаеш усе! — Яўхіму нібы цяжка было дыхаць. Вочы гарэлі; гатоў быў, здавалася, рынуцца на Міканора.

Дамеціха пабялела ад страху.

Глушак устрывожана памкнуўся да сына, разважным, бацькоўскім тонам папракнуў:

— Яўхім!..

Той — быццам не чуў — паліў вачыма Міканора.

Дамеціха схамянулася таксама, кінулася к сыну:

— Міканорко!.. І — ты!.. Будзь разумны!..

Міканор дужаю рукою адвёў яе. Устаў на поўны рост; як вартавы, на сцяне за ім устаў цень. Заявіў спакойна:

— Знаем! — Спакойна ж павялеў: — Ты не крычы тут!

Яўхім момант не ведаў, што сказаць. Было відаць: душыла лютасць.

— Волi багато ўзяў сабе! — Але гэтага было мала. Ад лютасці, ад бяссілля аж затросся, адштурхнуў Глушака, шалёна, з віскам крыкнуў:

— Дак хай яно — гніе! Усе адно!

На палацях ускінуўся, здзіўлена таропіў вочы Дамецік.

— От як ты загаварыў, кулацкая душа! — у Міканоравым голасе таксама пачуліся гнеў, пагроза. — "Хай гніе!.." А ты знаеш — што за злосны зрыў дзяржаўных нарыхтовак?

— Знаю! — Яўхім не збаяўся. Не таіў нянавісці.— І ты — знай: не астатні раз бачымся! Мо шчэ пабачымся калі! Так што i ў мяне сіла будзе!

Міканор ухмыльнуўся:

— Наўрад!

— Не заракайся!

Яўхім стукнуў дзвярыма з сянец з такой сілаю, што лямпа хітнулася i затрымцела. Хвіліну ўсе маўчалі. Міканор, нерухомы, не зводзячы воч з дзвярэй, глыбока засунуў кулакі ў кішэні, сказаў жорстка — нібы камусьці другому:

— От як шчэ гаворыць, сволач!

Глушак цярпліва перамаўчаў. Паказаў, што чуе сябе вінаватым. Што не хваліць Яўхіма. Вінавата, як бы просячы не браць вельмі ў галаву, адгукнуўся:

— Здурнеў саўсім! Як разгарачыцца, сам не помніць, што кажа! Не глядзіць ні свайго, ні чужога, бацьку, матку не глядзіць! На мяне дак сколькі разоў сляпіцаю лез! Заслепіць вочы — i лезе! Не кажы проціў яго нічого! — Глушак заўважыў: Дамеціха жалліва ківала, павёў зноў вачыма на Міканора. — Ето як буў малы — упаў раз у пограб. З таго часу ўсё. Абы загарэўся — дурнее! На мяне, кажу, сляпіцаю сколькі разоў лез! Дак ты не крыўдуй, Міканорко! Не думай, што тут што якое!.. — Ён узяў са стала Яўхімаву паперку, згарнуў.— Мы не проціў, штоб выконуваць. От толькі, кажу, няма як — штоб усе. Хоць жылы перарві — не хопіць!.. Кеб скінулі пудоў якіх пятнаццаць?..

Міканор ужо сядзеў ля стала, але яшчэ жорстка таропіўся ў дзверы. Не чуў, што казаў Глушак, не хацеў i слухаць. "От боўдзіла! — зазлаваў стары на Яўхіма. — Прыпёрся, зачапіў, раз’ятрыў гада! Сам сапсаваў усё!.." Калі цягнуўся ціхай вуліцай дадому, да злосці дамяшалася яшчэ трывога: каб не перадаў гэты васпаваты пра Яўхімаву гаворку ў Юравічы! Ліха тады не абярэшся!..