Выбрать главу

Ён зірнуў востра: Апейка, прыкмеціў, гіытаўся не так сабе; i ў Глушака засела нецярплівае: "А — што?" Але Апейкавы вочы былі як асенняя ноч — не ўгледзеў нічога. Насцярожаны, падумаў: "Васпаваты, мабуць, перадаў!.. Дурань, палез на ражон!.." — вылаяў зноў Яўхіма.

— Я не проціў, кажу, — ужо зусім не верачы ў добрае, прасіпеў Апейку. — Але няхай — штоб па сіле. Кеб скінулі трохі…

— Нам трэба хлеб, — нудным, трохі раздражнёным голасам прамовіў Апейка. — Вельмі многа хлеба! Хлеб — рабочым, гарадам. Хлеб — Чырвонай Арміі! Каб выканаць пяцігодку — патрэбен хлеб! Вельмі многа хлеба!

Тон Апейкавай гаворкі быў такі, што Глушак чуў — ён i не збіраецца ўгаворваць яго, пераконваць. Ён нібы паўтараў урок дурному вучню — казаў толькі таму, што трэба было сказаць нешта, неяк скончыць гаворку. Глушак чуў, што прасіць яго, Апейку, цяпер — тое ж, што прасіць сцяну, тую гару, што гарбаціцца за яго спіною, за акном. Яго ўмомант заліло нянавісцю, такой пякучай, што стала трудна дыхаць: ненавідзеў лысіну з рэдкімі валаскамі, ненавідзеў недаспаны, зямлісты твар, ненавідзеў расхрыстаную касаваротку, ненавідзеў доўгую, худую шыю з ямкаю над ключыцаю, што відна была ў росхрысце каўняра.

— Няма праўды, — прасіпеў, душачыся адчаем i лютасцю.

Апейка, нібы яго ўжо i не было, адчыніўшы дзверы, пазваў да сябе наступнага. Быццам выганяў яго.

Сляпы ад злосці, ехаў Глушак мястэчкам, стуганеў жалезнымі абадамі па бруку. Ужо ля рыначнай плошчы схамянуўся, што няма чаго тут рабіць больш, у мястэчку. Забег толькі на пошту, купіў аж тры газеты i павярнуў каня дадому. Усю дарогу лаяў сябе: знайшоў у каго шукаць праўды, дамаўляцца з кім! Дамовіўся! Кармі ўсякую нечысць — бальшавікоў гарадскіх ды салдат, якіх на тое i сабралі, каб — калі што якое — штык табе ўсадзіць! Гаворыць як, — успамінаў Апейку, — бы не чуў, што ты казаў, бы смяецца з цябе! Чуе, гад, што сіла ў ix, што астаецца — толькі гнуцца ды выконуваць, кленучы i сябе i свет увесь! Hi чорта, ні Бога не баяцца! І Бог маўчыць, як, бы скажы ты, сам за ix ці як бы — i праўда — няма Яго на небе!.. Схамянуўся, перахрысціўся хутчэй: што падумаў, дурная галава! Ёсць Бог — бачыць, чуе ўсё! Бачыць — прыйдзе час — скажа усё! Ён цярплівы, цярпіць, але i Яго цярпенне не вечнае! Прыйдзе пара — скажа сваё!..

Час ад часу сярод гэтых думак згадвалася пытанне пра Яўхіма, i ён стараўся дапасці: што яно значыла, ці не было ў ім якой бяды сыну. Нічога пэўнага не ішло ў галаву, была толькі няясная трывога, з якой нязменна мяшаўся дакор Яўхіму за тое, што не слухаў яго. Адтаго, што i Яўхім быццам не разумеў яго, не жыў душа ў душу, чуў сябе як рэдка калі адзінокім.

Захацелася прыбіцца да свайго чалавека, аднадумца, у якога тая ж трывога i злосць, — параіцца, памеркаваць удваіх — што рабіць? Ледзь калёсы дакацілі да таго берага, дзе разам з колішнім панскім садам прыступалі к шляху два рады калісьці панскіх, а цяпер — камунараўскіх таполяў, павярнуў каня на нешырокую, голую дарогу ў Загародкі. Вельмі раптам захацелася пабачыць Хрола.

К Хролу, бывала, не вельмі хіліўся; хоць іншы раз i запрашаў на святы i сам адведваў яго, як роўнага станам, — пры людзях нярэдка пляваўся, судзіў зларадна: казалі, Хрол сам бацьку роднага зарэзаў. Як знайшлі старога ў лесе з перарэзаным горлам, даказаў хтосьці: не чужая чыя — сынкова работа; скруцілі сынку рукі, катаргу вечную напрарочылі. Дык не ж — неяк выкруціўся, явіўся цераз год — як i не было нічога. Год-другі пачакаў, а там i ўзяўся — купляць, будаваць; i агледзецца не агледзеліся — першым багацеем на ўсе Загародкі стаў! У абарот пусціў крадзеныя ж у пана бацькавы залатыя, над якімі той дрыжаў, галодны i абарваны, як над пісанаю торбаю. Глушака, хоць пляваўся пры людзях, не раз пякла зайздрасць — да Хролавай смеласці, да спрыту, да лёгкага, хуткага багацця яго. З зайздрасцю, як сестры, ішлі i рэўнасць i злосць — загародскі Хролчык ва ўсім, здавалася, абганяў, абкрадваў Глушакову долю. І як жа мяняецца ўсё: потым не было чалавека, які б так, як Хрол, падтрымліваў яго, Глушака. Не верылася неяк, што ўсё зусім, нашчэнт прападае, прападзе, калі на зямлі яшчэ ходзяць, жывуць такія, як Хрол. Хрол быў як таварыш у бядзе, як надзея ў гэтым паганым, безнадзейным свеце. От i цяпер як на прывязі вяло к Хролу.

Сяло цягнулася доўгае — гарбатыя платы, крывыя прызбы, чорныя вокны, што здавалася, віжавалі з абодвух бакоў вуліцы. Не вельмі разумна было ехаць так, сярод белага дня, цераз усю вуліцу, к Хролу — самому лезці на непатрэбнае цікаванне людское i плёткі. Другім разам асцярогся б неяк, але сёння было не да пустой асцярогі. Злосць, што не ападала, не хацела чакаць, не давала ехаць кудысьці: вяла проста туды, дзе можна было прыткнуцца да другога, надзейнага чалавека, знайсці нейкую апору, нейкую патолю. Ды, калi на тое, i так доўга бярогся. А што — выбераг?