Выбрать главу

Хролаў дом, як i тыя разы, зводдалек улез у вочы, ледзь толькі завіднеўся з-за хат. Збоку можна было падумаць — радаваўся ўсяму: сцены жаўцелі, нібы ў масле, цынкавы дах быццам смяяўся, фігурныя аздобы на вокнах — бы дзявочыя уборы на свята. Ужо зблізку заўважыў: аздоба на вокнах багата дзе патрэскалася i абадралася; калі i нагадвала пра святочнае, дык тольKi так, што свята было i сплыло. Былі ўборы ў дзеўкі, ды асталося рыззё. Не да ўбораў цяпер колішняй весялусе…

Заўважыў — пабітыя шыбы ў двух вокнах заткнуты анучамі. На двары ўсё раскідана абы-як, вароты ў хлеў скасабочыліся, вісяць на адной пятлі. На ганку правалілася масніца…

Хрол быў на гумне. Праз хвіліну жонка прывяла яго; сухі, жылаваты, у зрэб’і, з асцюкамі ў даўно не стрыжанай барадзе, зірнуў спадылба на Глушака — нялюдска, зверавата. Як бы казаў: чаго прыпёрся?

Ішоў к Глушаку так жа набычаны, з тым жа нязводным позіркам. Прыгорблены гадамі, ён ступаў неяк нядужа, валачыў ногі, i, каб не веданне, думкі не было б, што ён на такое здатны. Толькі вочы выдавалі яго, ды — рукі… Сядзеў за сталом усё такі ж набычаны, рукі з чорнымі растапыранымі пальцамі трымаў перад сабой. Глушак гаманіў даверліва i лісліва: прыязнымі i вострымі вочкамі бегаў то к Хролу, то к Хролісе, то зноў — к Хролу; як ні быў растрывожаны, не парушыў звычкі — вязаў спачатку гаворку дробную, для прыліку. Хрол маўчаў, Хроліха ж памагала Глушаку, снуючы з сянец к сталу, бавіла госця i загародскімі навінамі i сваімі скаргамі. Падзялілася не толькі навінамі, але i пляшкай самагонкі i закускаю: Глушак скора пачуў, як агонь, уліты самагонкаю, перамяшаўся з агнём злосці, які пёк ад самай гаворкі з Апейкам. Тут i развязаўся ў Глушака язык — стаў выліваць усё, што паліла не адзін дзень; прыпомніў i "васпаватага", i "гада латыша", i "заразу з воласці". He выліў усяго, калі маўклівы Хрол раптам п’яна адрэзаў:

— Так i трэба!

— Што?.. Што, сказаць… трэба?

— Душыць!.. Чавіць вас трэба!

Глушак скрыжаваў з ім здзіўлены позірк. Хрол не жартаваў, глядзеў так важка, ненавідна, бы хацеў i сам "чавіць". Хроліха заступілася за госця, паспачувала: "І ў нас жа тое". Глушак не ведаў, што казаць. Мімаволі падумаў з ніякавасцю i павагай да Хрола: "Еты — задушыць i не ікне!" Заўважыў — чорныя дужыя пальцы на стале варушыліся.

— Склізні!.. — пагардліва скрывіўся Хрол. — Даждаліся!.. Чаване басота вас — склізь пацячэ! Адна склізь будзе!.. Даждаліся!..

— Не мамент цяпер, — вінавата i як бы павучаючы, запярэчыў Глушак. — Сіла ў ix цяпер!.. Галавою сцену не праб’еш! — Ён заўважыў: Хроліха згодна ківала. — Не мамент!

Хрол зноў скрывіўся:

— Склізні!..

Зноў выпілі, доўга, аж Глушаку маркотна стала, маўчалі. Хроліха паспрабавала была перабіць маўчанку, але Хрол так зіркнуў, што яна анямела. Сядзела ўжо, са страхам гледзячы на Хрола. Хрол толькі вачыма павёў на дзверы, i яна знікла.

Хрол таропіў кудысьці ўсё той жа важкі позірк, толькі пальцы — заўважыў Глушак — заварушыліся нецярпліва, дужа. Стала аж нядобра адзін на адзін.

— Падцікаваць — ды!.. — Крывыя пальцы сціснуліся, скруціліся люта. — Штоб i не крэкнуў! — Упяў вочы ў Глушака, скрывіўся: — Няма… Склізні!..

Глушак сказаў, што "Гепеву" толькі i цікуе, каб выткнуўся хто: зразу прыляціць, зразу — пад рэвальверы, але Хрол адно скрывіўся. Добра, акурат налучыўся Хролаў хлопец, загарэлы, жвавы, паціснуў дужа руку, прысеў да стала. У куточках тонкіх, сцятых губ мільгнула прыхільная ўсмешачка. Глушак ахвотна ўхапіўся за яго роспыты пра Яўхіма, павёў лягчэйшую гаворку.

— А ты чаго ж, не думаеш жаніцца? — пацікавіўся знарок весела Глушак. Успомніў раптам яго мянушку: "Цацура".

— Ды от ждаць, глядзець прыходзіцца! Чорт жа яго знае, што шчэ будзе! — Цацура засмяяўся. — Ці трэба шчэ цяпер той хамут — жонка?

Глушак, хоць улавіў нібы намёк на Яўхіма, засмяяўся невясёламу Цацураваму жарту. Пахваліў за розум.

Яшчэ трывожней было на душы ў Глушака, калі ехаў ад Хрола. Браўся напрасткі, цераз балота; хоць дажджоў даўно не было, конь раз-пораз чвякаў у чорным балотным кісялі, груз да калень, вышэй калень. Балота было тут не так шырокае, толькі ўправа i ўлева зялёнае куп’ё цягнулася немаведама куды; пакуль вочы бачылі, зелянелі куп’ё, асака, рэдкія, чэзлыя кусточкі, а ўперадзе бераг быў недалёкі. Адно перад тым берагам рэзала балота рэчка, цераз якую трэба было перабірацца ўброд. Тут было трохі намошчана галля, але, гнілое, асклізлае, было яно так уціснута ў твань, што i на ім конь груз па пуза, а вада рачная падмачыла Глушака на возе. На самай сярэдзіне рэчкі ледзь не ўгрузлі зусім, Глушак думаў ужо, што давядзецца лезці ў гразь, памагаць каню, але конь усё ж выпяў калёсы на бераг. Тут ужо недалёка была цвёрдая дарога, колы пакаціліся па пясчаных каляінах.