Выбрать главу

Глушак як за туманам бачыў i гэтае балота, i пустое пясчанае поле, i цёплы хвойнічак пры дарозе. У вушах сядзела, не ўціхала пагардлівае Хролава: "Склізні!", чуў увесь час: "Так i трэба вам!.. Расчавяць вас!.." Спрачаўся ў думках, даводзіў: не час, "не мамент", ведаў, што няма чаго i зубы паказваць — абламаюць зразу, — а Хролавае: "Склізні!" — усё не ўціхала.

"Ухапіся толькі за карак які пальцамі сваімі — секануць так, што i рукі не вернеш! Не тое што рукі, a i галавы! Сіла, улада ў ix! Ге-пе-ву!.. Буў час — калі палякі, немцы булі. Сплыў!.. Астаецца толькі ждаць — калі Бог зноў верне!" Але калі ўспамінаў Апейку, падатак, які чакаў яго ў Куранях, злосць, вялікая, на ўвесь свет, залівала ўсяго, усе развагі. Нельга было чакаць. Не было змогі чакаць. Трэба было рабіць штосьці. Што?!

Ледзь распрог каня, зайшоў у хату, не ўправіўся разуць мокрыя пасталы — паявіўся Яўхім. Прыкурыў ад вугалёчка пры печы, сеў на сваё звыклае месца ля стала, глянуў насмешліва.

— Ну, што, дабіліся, тато, праўды?

— Дабіўся… — Глушак штосілы чвякнуў пастол пад лаўку.

— Трэба було праверыць!

Глушаковы рукі неслухмяна задрыжалі. Не мог развязаць абору на другім пастале. Раптам плюнуў, закрычаў Яўхіму:

— Трэба, не трэба! A i на ражон — няма чаго лезці! Жыць надаело?!

— Не надаело, — як бы павінаваціўся Яўхім. — Толькі ж — i так жыць… Нудно!

— Ну, дак выткніся шчэ раз! Мо — у Гепеву возьму ць! Весялей будзе!

— А, усе адно! Як так жыць! — у Яўхімавым голасе былі такія нецяргілівасць i бясстрашнасць, што стары глянуў з трывогай.

— Дурань! — узяў Глушака жаль.

Яўхім перамаўчаў. Дакурыў папяросу, паслініў абкурак, ляніва ўстаў. Кінуўшы абкурак у сметніку ля печы, ляніва падаў плячом дзверы ў сенцы.

Было цемнавата, i Глушак запаліў лямпу. Выняў з каробачкі векавечныя акуляры, зачапіў вяровачкай за вуха. Па ўсім было відаць, што бярэцца за справу сур’ёзную, важную: з такой сур’ёзнасцю толькі маліўся ды — апошні час — чытаў газеты. Цяпер на стале былі газеты; ён разлажыў ix па парадку — "Савецкую Беларусь", "Бедноту", "Правду". Узяў першую, схіліўшыся да святла, вострымі, тхарынымі вачыма пабег па лісце, пакуль не знайшоў — "Весткі з-за мяжы".

У гэты вечар пашанцавала: рукі нецярпліва задрыжалі, калі разабраў вялікія чорныя літары: "Польшча рыхтуе вайну". Так было напісана, чорным па беламу; другі раз прачытаў: "…рыхтуе вайну"! Поўны надзей, ад якіх аж млела ў грудзях, уліп у газету, варушачы сухімі губамі, разбіраў слова за словам. Толкам нічога не было, усё пісалі паогул, але i гэта радавала, абнадзейвала: сам Ленін унь казаў, так i напісана — яшчэ ў 20-м годзе, — што Польшча імкнецца на Беларусь i Украіну! А от жа дык проста напісана: "Польшча ўзбройваецца пры дапамозе чужаземнага капіталу!.." Нібы спецыяльна для яго, каб ведаў, каб не сумняваўся!

У другіх газетах — недарэмна, значыць, патраціўся — вычытаў, што на савецкую зямлю ўчыняюць наскокі белагвардзейскія i кітайскія атрады. Гэта, праўда, не так цешыла, было чорт ведае дзе, як на тым свеце; ды i артыкул быў увесь злы, усё гразіўся тым кітайцам i белагвардзейцам даць адпор, але i гэта падтрымлівала надзею: вайна збіраецца! От яшчэ: "Кітайскія драпежнікі рыхтуюцца да новага нападу… Кітайскія генералы групуюць значныя вайсковыя сілы каля нашай мяжы… Хочуць справакаваць вайну!.."

Аж пот узяў. Ужо не было нібы кволасці, калі чытаў, што хлебанарыхтоўкі трэба выканаць поўнасцю i ў тэрмін, што трэба бязлітасна ўдарыць па варожых кулацкіх элементах, якія будуць імкнуцца сарваць важнейшую дзяржаўную кампанію. Усё ж усярэдзіне кіпела, са злосцю ўпаўзала i трывога. Ён зняў акуляры, паклаў у каробачку. Стаў на калені перад абразамі.

У цемры, на палацях, апанавала чутае, бачанае за доўгі, марны дзень, зноў убачыў чаргу ў юравіцкай бакоўцы, Апейку, Хрола. Зноў запякла злосць, ледзь згадаў: "Нам трэба многа хлеба". Трасцы, хваробы вам, а не хлеба! Ён сам не заўважыў, як зашаптаў гэтыя словы так, што старая побач заварушылася. За хвілінай ненавіднасці да яе — пайшлі думкі пра Хрола, пра Яўхіма. Дурні, самі гатовы падставіць галовы пад калёсы! Падстаўце, калi жыць надакучыла! Падстаўце, пабачыце! Гепеву сама рада будзе — ціскане так калёсамі, што галовы дурныя хрупнуць, як гарбузы!.. Падставіўшы галаву пад калёсы, не астановіш ix! Сіла трэба! На сілу — сіла! Падтрымка трэба! Вайна! Адна надзея — вайна!.. Са злосцю падумаў: пішуць усё — будзе, будзе, а — не, няма! Усё — "гатовяцца", "гатовяцца"! Як ні балела душа, розум вялеў: "Не час! Ілбом сцену не праб’еш! Ждаць — адно астаецца. Маліцца Богу ды — ждаць! Адно — ждаць маменту!"