Раздзел шосты
1
Пасля таго як дакасілі, разам ужо выходзілі i жаць. Станавіліся ў рад, зажыналі ўсе адразу i ішлі так, згінаючыся, кладучы за сабой снапы, пакуль на паласе не жаўцела адно пожня. Разам састаўлялі бабкі. Калі зжыналі адну паласу, гуртам, гамонячы, ішлі ўсе на другую.
Разам i звозілі снапы. Яшчэ кожны на сваім возе, сваім коніку, але ўжо не на свае гумны, а на прызначаныя. Жыта — у Хведарава гумно, авёс i пшаніцу — у Грыбковае, а грэчку i проса — да Алёшы Губатага. Гэта больш за ўсё ўражвала куранёўцаў. Усё ж стагі i бабкі, хоць i касілі i жалі разам, стаялі ў кожнага на сваім надзеле, былі яшчэ нібы сваімі, асобнымі. Тут пачыналася ўжо іншае.
Легка было заўважыць, што падзея гэта тых, хто рабіў на сваіх палосах, хвалюе, як i на лузе, па-рознаму. Адны бралі ўсё вельмі спакойна, як далёкае, чужое: што нам да таго, куды вязуць, хай хоць у балоце патогіяць! Другія глядзелі не толькі цікаўна, a i як бы непакоіліся: трэба ж на такое асмеліцца, не пабаяліся. Трэція толькі галовамі круцілі, судзілі нядобра між сабой, прарочылі, што ўсё гэта ні да чаго, дурныя выдумкі. Як бы хвалячыся гаспадарлівасцю, мудрасцю сваёй, даводзілі адзін аднаму, што яны — не такія дурныя, што трэба глядзецца свайго, надзейнага. Адны пазіралі на вазы, што паўзлі ў чужыя гумны, моўчкі, з нейкім думаннем, друпя — чапляліся, падсмейваліся: "Месца ў сваіх мало ўжэ?.. Ці — лішняе?", "Ці ето таму, што Грыбок лепей пасцеражэ?", "Так весялей, мабуць: аддаць сваё, а патом ждаць, калі Міканор падзеліць? Выдзеліць жменю з твайго ж дабра!.."
А потым пайшло яшчэ: калі пажалі, звезлі ў гумны ўсё, сталі зводзіць разам кароў, коней, звозіць вазы, плугі. У той дзень усе, хто быў у сяле, выбеглі на вуліцу, каля кожнай хаты, каля кожнага штыкетніка стаялі, глядзелі жанкі, мужчыны, дзеці. Гуртам, найбольш, праўда, дзеці, рушылі ўслед.
— Дзядзько Іван, — гарлаў Ларывон Зайчыку, што тупаў побач з возам, які цягнуў сівы, стары конь, — чаго ето твой рысак так неахвотно цягнецца? Як усе адно — у калгас не хоча!
— Не хапаецца! — падчапіў Хадосьчын бацька. На ўвесь голас пакпіў: — Несазнацельны, нібыто!
— Дай яму пад пузо, паганаму! — параіў Ларывон, давольны тым, што слухае столькі народу. — Кеб бег i другім пры клад наказу ваў!
Зайчык стаў, пацягнуў за лейцы, спыніў старога каня. Весела, паморгваючы, павёў позіркам на тых, што стаялі каля платоў, што ішлі ўслед.
— Няма мне, братачко, хапацца чаго! Я, братачко, усе адно — першы! Ето ты будзеш бегці, штоб не апазніцца! Аж хвост задзярэш, як Халімонаў бугай!..
І тыя, што каля платоў, i тыя, што ішлі ўслед, зарагаталі. Зарагаталі таму, што гэта казаў Зайчык, i таму, што згадалі дурнаватага бугая, i таму, што Бугаём дражнілі ж i Ларывона. Ларывон пачырванеў злосна, але, зірнуўшы на Яўхіма, што стаяў поблізу, стрымаўся.
— Глядзі, штоб ты не ляцеў, задраўшы хвост, ca свайго калхозу!
— Я, братачко, бегаць так не ўмею! І хваста не задзіраю!.. Не тая, братко… скаціна!
Зайчык пад рогат пайшоў зноў, не слухаючы, што там спрабуе адказаць Бугай. Чародка цікаўных, смеючыся, падалася уелед.
— Куды ето, кумочак? — еўстрэла Сарока, якая толькі што горача, размахваючы рукамі, спрачалася пра нешта з гуртком жанок. Голас быў ліслівы, прытоена хітры. — Як усе адно — у прымы!
— У прымы! Хацеў, кума, к табе, ды перадумаў — старая ўжэ ты для мяне! Я i маладзейшую найсці магу!
— Дак маладая — не вельмі па табе ўпадае! Абяшчае не на ўцеху, а так, для смеху! Напражэ скварак, а — дасць у карак!.. — Перастала рагатаць. — У калгас ето?
— У гурт, братачко. — Падчапіў: — Хадзем мо разам, кеб весялей було!..
— Ідзі, кумочак, покуль адзін, — весела, але неяк сур’ёзна сказала Сарока. — Паспьггай — які смак, а тады ўжэ нам дай знак! — Яна азірнулася на жанок. — Як соладка будзе, уся каманда прыбудзе!.. А як горка на смак, паўзі назад, як рак!..
— Старая ты, баязлівая! — плюнуў Зайчык, падаўся сваёй дарогаю.
Заехаў на Міканораў двор, дзе з Міканорам стаяла некалькі калгаснікаў i цікаўных, здаў плуг, барану, распрог каня, здаў збрую. Міканор усё запісаў у зялёны вучнёўскі сшытак, напісаў усяму цану.
— От цяпер — калгаснікі па ўсёй форме! — сказаў, калі Зайчык паставіў пад спісам нейкую крывулю. — А то толькі, не сакрэт, назва адна була!
— Цяпер калгаснікі — на сто працэнтаў,— адгукнуўся Андрэй Руды. Растлумачыў Зайчыку: — Самае аснаўное: абагульненне імушчаства!