— Самае аснаўное, братачко, — засмяяўся Зайчык, — ето — асмеліцца! Я ето набраўся смеласці шчэ на лузе! Хоць — галавою цёмны! А ты от хоць грамацей i ўсё знаеш, а от глядзіш усё збоку! Аб’ясняеш усё, братко!
— Правільно ўцэліў, дзядзько Іван! — пахваліў Зайчыка Міканор. — Другіх вучыць, а сам убок туліцца! Калені дрыжаць, мабуць!
— У етом нічого дзіўнаго, — разважна, спакойна прамовіў Руды. — На перадавой, як у бой ісці, граматныя заўсягды булі самыя нясмелыя! Усе адчайныя героі на перадавой — з простых людзей, няграматныя, як правіло. І ў етом, як разабрацца, — нічого дзіўнаго. Граматны чалавек — ён знае, так сказаць, што да чаго, думае багато. А ето, следавацельно, мяшае геройству. А няграматны — ён зразу рашае. Ці грудзь у крастах, ці — галава ў кустах.
— Ето няправільная цеорыя! — запярэчыў Міканор. — У нас цяпер самыя героі — граматныя! На тое савецкая ўлада i стараецца, штоб граматныя булі ўсе! Да i тое няправільно: што ў калгасе галава можа буць у кустах!..
Руды хацеў нешта сказаць, апраўдваючыся, але на двор ехаў Алёша Губаты з возам.
— Ну, пара i табе ў калякціў, сівы! — Зайчык заўважыў блізка аднаго са сваіх малых, пазваў: — Антось, хадзі! — Пасадзіў бялявага, з тонкай, гусінай шыяю, малога, які шчасліва ўчапіўся ў чарнаватую грыву. — Дзяржыся, братко!.. — Падбег яшчэ адзін Зайчыкаў малы, ухапіўся, тузануў: "І — мяне". Зайчык пасадзіў i гэтага. — Дзяржыся за Антося! Пад рукі абдымі, от так!.. Дзяржыцеся адзін за аднаго, байструкі бацькавы! Апошні раз на аднаасобным едзеце! — Ён крануў за аброць сівага.
2
І ў гэты дзень тыя, што назіралі збоку, глядзелі парознаму: адны — чапляючы смешкамі, друпя — гамонячы, спрачаючыся між сабой, трэція — моўчкі, хаваючы ў сабе сваё думанне. І тут былі такія, што глядзелі на ўсё абыякава, як на чужое, i такія, што хваляваліся, нібы гэта i ім неяк абыходзіла; нібы з гэтым i ў ix нешта магло змяніцца. Але хоць гэта было падобна да таго, як глядзелі раней, можна было заўважыць i тое, што неспакойных i неспакою цяпер было багата больш; ледзь не кожнага ў Куранях хвалявала незвычайная падзея: цікаўнасцю, надзеяй, трывогаю, злосцю…
Небагата было такіх, што, паглядзеўшы, як калгасаўцы зводзяць i звозяць дабро ў гурт, адразу вярталіся на свае двары, да звычайных клопатаў. Ледзь не ўсе хваляваліся тым незвычайным, што дзеелася на вачах. Яшчэ большыя, як на Міканоравым, таўкліся натоўпы на Хведаравым i Хоневым дварах. Асабліва гоману, тлуму было на Хведаравым двары, дзе стаўлялі ў хлеў кароў i дзе неспакойна стракацелі амаль адны жаночыя хусткі ды спадніцы.
Тут былі i цікаўнасць, i здзіўленне, i смех, i слёзы. He толькі тыя, што прывялі кароў, але i проста цікаўныя ціснуліся ў варотах, лезлі ў хлеў, глядзелі, быццам немаведама якое дзіва. Каровы, што стаял i ў загарадках, касавурыліся неспакойна на суседак, на людзей, што невядома чаму лезлі да ix, — вадзілі дзікавата галовамі, настаўлялі рогі, слалі на людское рознагалоссе тужлівае рыканне.
Жанкі-калгасніцы, шамочучы свежай, сухой саломай пад нагамі, рупіліся каля кароў, круціліся каля кульгавага Хведара, што як гаспадар дыбаў на мыліцах, пакрыкваў на жанок, дабіваючыся парадку, каля Хведаравай Вольгі, прызначанай даяркаю.
— Пастаў далей ад етай, ад Зайчыкавай, Хведарко! — прасіла ціхая, нібы сарамлівая Алёшава сястра. — Кручаная ета, Зайчыкава! Праткне рогам, пабачыш!.. Перастаў, Хведарко!
— Не праткне! — мірна, але непахісна заяўляў Хведар. — Чаго ёй пратыкаць! У адным калгасе, лічы!.. Пайшла б ты, Арына, лепей було б, ей-бо!
— Штоб карміла добра i — штоб ласкаво з ёю! — раіла Зайчыха, за падол якой трымалася смаркатае малое. — Як накорміш ды як ласкаво падступіш, дак дасць нешто. Не глядзі, што такая!.. Трэба ласкаво, як доіш!
— Ласкаво буду! — клялася Вольга, прытоена радасная, паважная — ад нязвыклай яшчэ пасады. Была яна сёння асабліва акуратная: у зграбным, пашытым Хведарам каптанчыку, у ботах, у прыгожа завязанай хустцы, з якой выглядваў бялявы, акуратны тварык з гладка зачасанымі валасамі.
— А чаго ето, цётко, слёзы ў цябе? — пыталася Нібыта-Ігнаціха Дамеціху, што журботна гнулася, уздыхала. — Як усе адно сына ў салдаты адпраўляеш! Шкода?
— А не шкода, Аўдоцечко? Шкода! Ето ж, як падумаю— як нажывалі яе, як выбіралі… Як цешыліся… Наглядзецца год не магла… Ноччу, бувало, прачнуся, такая радасць возьме… Устану, ей-бо, пайду, пагляджу… Стаю, не нацешуся. Патом ужэ вярнуся. І так добра на душы. Так i засну… Такая добрая папалася! У свеце другой такой, здаецца, няма!..